Панядзелак, 24 Люты 2020 12:03

2020 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Веры Сяргееўны Краўцовай (1925–1943), удзельніцы антыфашысцкага падполля ў Вялікую Айчынную вайну

Вера Сяргееўна Краўцова нарадзілася ў 1925 г. у сям’і ваеннаслужачага. Вучылася ў СШ № 15 г. Брэста, да Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць 9 класаў. Яе маці, Варвара Іосіфаўна Краўцова, працавала ў Брэсцкім аддзяленні ваенгандлю. У час нямецка-фашысцкай акупацыі г. Брэста В. І. Краўцова разам з дзвюма дочкамі, Верай і Надзяй, актыўна ўдзельнічала ў антыфашысцкім падполлі, была сувязной партызанскага атрада.

 

Вера Краўцова разам з сяброўкай Валяй Бубновай пачалі падпольную дзейнасць восенню 1941 г. Ім даручылі весці палітычную работу сярод ваеннапалонных, схіляць іх да ўцёкаў у партызанскія атрады. Работай кіравала падпольшчыца Роза Сцяпанаўна Радкевіч. Аднойчы ў лістападзе за перадачу махоркі ваеннапалонным Веру і Валю схапілі паліцаі, дапытвалі чатыры гадзіны, але дзяўчыны ні ў чым не прызналіся. Пасля гэтага выпадку дзяўчыны навучыліся асцярожнасці і канспірацыі.

Ваеннапалонных выкарыстоўвалі на розных работах у горадзе, выводзілі пад аховай на будаўнічыя работы. Яны капалі траншэі і ўкладвалі трубы, устанаўлівалі тэлеграфныя слупы, рамантавалі пячное ацяпленне і інш. Дзяўчыны вывучалі ўмовы іх працы, ахову, часам перадавалі нейкую ежу, тытунь.

На канец 1941 г. у Брэсце дзейнічалі 10 камсамольскіх пярвічак, у складзе якіх былі каля 100 чалавек. Акрамя таго, былі арганізаваныя дзясяткі антыфашысцкіх груп па 3–5 чалавек агульнай колькасцю каля 400 патрыётаў. Рызыкуючы жыццём, выкарыстоўвалі ўсе даступныя метады і сродкі, каб ліквідаваць «новы парадак».

Вера і Валя, каб пазбегнуць адпраўкі ў Германію, у 1942 г. уладкаваліся на чыгунцы, з гэтага часу іх падпольная дзейнасць актывізавалася. Удзельнічалi ў арганізацыі ўцёкаў ваеннапалонных з лагера і перапраўку іх у партызаны. Камсамольцы забяспечвалі ваеннапалонных зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі. Два ўцёкі з лагера прайшлі ўдала, а трэці, у ноч на 7 чэрвеня 1943 г., праваліўся. Да ўцёкаў рыхтаваліся 27 ваеннапалонных, але вядомы лёс толькі 17. Адзінаццаць з іх дайшлі да партызан (уліліся ў атрады імя Фрунзэ і імя Чарнака), а шасцёра заблудзіліся і ўдзень заснулі на беразе Мухаўца, дзе іх схапілі фашысты. Пры ўцекачах знайшлі план-схему выхаду ў лес і запіску падпольшчыцы Валі Зенкінай да партызан. Запіска была падпісана «Валя».

Вера Краўцова была арыштавана 8 чэрвеня 1943 г. і змешчана ў Брэсцкую турму. Ад яе дапытваліся, дзе Валя, але яна нікога не выдала. Праз падпольшчыцу Веру Багдановіч, якая па заданні падполля працавала наглядчыцай, удалося перадаць маці некалькі запісак. Патрыётка разам з шасцю ваеннапалоннымі-ўцекачамі была расстраляна ў ноч на 23 чэрвеня 1943 г. у двары турмы.

Варвара Іосіфаўна пасля трагічнай смерці дачкі пайшла ў партызанскі атрад, пасля вайны жыла ў Белгарадскай вобласці. У канцы чэрвеня 1943 г. група Валянціны Зенкінай была пераведзена да партызан, дзейнічала ў брыгадзе імя Молатава. Валянціна Бубнова 7 ліпеня 1943 г. перайшла да партызан, загінула восенню 1943 г. Падпольная абласная газета «Заря» 22 ліпеня 1943 г. напісала пра подзвіг камсамолкі Веры Краўцовай.

Вера Краўцова пасмяротна ўзнагароджана медалём «За отвагу» (1964). На будынку былой СШ № 15 (вул. Леніна, 68) у 1995 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У сувязі з рэканструкцыяй будынка дошка была заменена, нанова ўрачыста адкрыта 20 мая 2016 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Кравцова Вера Сергеевна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 185.
  2. Бубнова Валентина // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 171.
  3. Адважныя патрыёткі : з успамінаў Варвары Іосіфаўны Краўцовай // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 107–109.
  4. Кравцова, В. И. «...Не плачь, мама» / Варвара Иосифовна Кравцова // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 325–327.
  5. Сарычев, В. «Мама, сохрани мои фотографии» // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест, 2017. Кн. 6 : Дни окаянные. С. 254–260.
  6. Нестеренко, В. А. Комсомольское подполье / Василий Алексеевич Нестеренко // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 331–334.
  7. Камейша, Б. І. Брэсцкае камсамольска-маладзёжнае падполле / Б. І. Камейша // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 94.
  8. Брестское комсомольское подполье // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 149–150.
  9. Гребенкина, А. А. Брест непокоренный : антифашистское подполье г. Бреста и Брестского района в годы Великой Отечественной войны (1941–1944) : ист. очерк / Анна Афанасьевна Гребенкина. – Минск : БелЭН, 2005. – 311 с. : ил. – Из содерж.: Вера Кравцова. С. 185–190.
  10. Смирнова, Т. Н. Подполье непокоренного города / Т. Н. Смирнова, З. П. Смирнова. Урень : [б. и.], 2004. 252 с. : ил.
  11. Алексеева, М. Ей бы жить да жить, сквозь годы мчась... / Мария Алексеева // Брестский вестник. 2009. 9 июля. С. 9.
  12. Гребенкина, А. По зову сердца : [об антифашистском подполье г. Бреста и Брестского района] / Анна Гребенкина // Коммунист Белоруссии. 2005. 28 января ; 5 февраля ; 12 февраля ; 19 февраля ; 26 февраля ; 4 марта.
  13. Достоевская, И. «Мама, я не одинока» / И. Достоевская // Вечерний Брест. 1994. 6 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 861 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 16:02