Пятніца, 28 Люты 2020 13:58

19 красавіка 2020 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Вольгі Лаўрэнцьеўны Панковай (1930–2016), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, журналісткі

Вольга Лаўрэнцьеўна Панкова нарадзілася 19 красавіка 1930 г. у вёсцы Чорная Вірня Майскага сельсавета Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Маці, Настасся Канстанцінаўна, выдатна спявала, а бацька, Лаўрэнцій Аўрамавіч Панкоў (1904–?), добра іграў на гармоніку, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. У доме было шмат кніг. У сям’і раслі чатыры дзяўчынкі. Да Вялікай Айчыннай вайны Вольга скончыла чатыры класы, шмат чытала.

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны бацька пайшоў у партызаны. З верасня па кастрычнік 1943 г. Л. А. Панкоў быў начальнікам штаба 266-га партызанскага атрада імя Фрунзэ. З восені 1944 г. ваяваў на фронце, вызваляў Варшаву, штурмаваў Берлін, пакінуў надпіс на рэйхстагу.

Сям’я Панковых моцна пацярпела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паліцаі забралі карову, а потым спалілі хату. Восенню 1943 г. жыхароў вёскі пагналі ў Жлобін. У канцы зімы 1944 г., калі з усходу набліжаўся фронт, маці з дочкамі ў ліку дзясяткаў тысяч грамадзян былі прыгнаныя ў Азарыцкі лагер смерці. Зняволеных трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, абгароджаных калючым дротам. Вязняў наўмысна заражалі сыпным тыфам, марылі голадам, яны былі вымушаны піць балотную ваду. Дзве малодшыя сястры не вытрымалі ўмоў і памерлі, усе захварэлі тыфам.

Вязні канцлагера «Азарычы» былі вызвалены Чырвонай арміяй 19 сакавіка 1944 г., у жывых засталіся толькi дзве трэці людзей. Дзякуючы мужнасці маці, якая ў 36 год стала сядой, Вольга выжыла, але абмаражэнні рук і ног былі такія моцныя, што на працягу года ледзь хадзіла, на ўсё жыццё пагоршыўся зрок.

Пасля заканчэння сямігодкі Вольга выпрасіла ў бацькі дазволу атрымаць сярэднюю адукацыю, якая тады была платнай, а жылі вельмі бедна, — калгаснікам грошай не выплачвалі. Сярэдняя школа знаходзілася ў райцэнтры за 12 км ад роднай вёскі. Вольга марыла стаць артысткай, але па парадзе настаўніка літаратуры паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыла ў 1955 г. У час вучобы ахвотна працавала старшай піянерважатай у школах і піянерскіх лагерах.

Па размеркаванні першым месцам яе працы стала рэдакцыя івацэвіцкай раённай газеты «Чырвоная звязда» (Брэсцкая вобласць). З першых дзён зарэкамендавала сябе актыўным грамадскім работнікам, любіла і ўмела выступаць з лекцыямі ў працоўных калектывах. Неўзабаве яе запрасілі ў Брэст працаваць лектарам абкама ЛКСМБ. Затым была запрошана на пасаду лектара Брэсцкага абкама КПБ. Тады сакратаром абкама быў Пётр Міронавіч Машэраў. Вольга Панкова ў 1962 г. стала сакратаром гаркама КПБ па ідэалогіі, затым яе назначылі загадчыкам сектара друку, радыё і тэлебачання абкама КПБ.

Выйшла замуж за Васілія Міхайлавіча Рудзіка (1920–1995), падпалкоўніка, у якога былі дзве дачкі пятнаццаці і дзесяці год. Выхоўвала іх Вольга Лаўрэнцьеўна як сваіх, абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю. Праз пэўны тэрмін пасля вяселля ў яе нарадзіўся сын Сяргей.

На працягу дзесяці гадоў (1967–1977) В. Л. Панкова была старшынёй Брэсцкага абласнога камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Гэта былі гады актыўнага станаўлення і развіцця Беларускага тэлебачання. У Брэсце тэлестудыя была створана ў 1961 г., паступова сфарміраваўся спецыфічны ў прафесійным плане творчы калектыў. У 1973 г. завяршылася будаўніцтва Брэсцкага радыётэлецэнтра па вул. Куйбышава. Побач у 1975 г. пабудаваны рэтранслятар з вежай вышынёй 56 м. Перадачы вяліся ў чорна-белым адлюстраванні.

Дзесяць гадоў (1977–1987) Вольга Лаўрэнцьеўна працавала намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Курыравала галіны адукацыі, культуры, аховы здароўя. Старшынёй аблвыканкама тады быў Канстанцін Вікенцьевіч Мацюшэўскі, у 1983–1985 гг. — Уладзімір Віктаравіч Грыгор’еў, затым — Анатоль Антонавіч Зеляноўскі. У сярэдзіне 1980-х была ў складзе беларускай дэлегацыі для прадстаўніцтва ў ААН; у ЗША яны прабылі чатыры месяцы. Наогул, для савецкага чалавека яна шмат паездзіла па свеце: Англія, Францыя, Японія, Германія, Чэхаславакія, Венгрыя, Румынія.

Наступныя дзесяць гадоў (з чэрвеня 1987 г.) працавала сакратаром Брэсцкага абласнога аддзялення Савецкага (з 1991 г. Беларускага) фонду культуры. Першым старшынёй аддзялення быў Уладзімір Ульянавіч Мелішкевіч (1942–1994), прафесар гісторыі Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. З 1994 г. — Міхаіл Аляксандравіч Шавель, дырэктар – мастацкі кіраўнік абласнога тэатра лялек. У няпростых сацыяльна-эканамічных умовах перабудовы і станаўлення рыначнай эканомікі Фонд культуры быў уплывовай арганізацый, якая займалася рознымі бакамі культурнага і духоўнага жыцця.

В. Л. Панкова ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1980) і інш. За жыццё Вольга Лаўрэнцьеўна сабрала вялікую хатнюю бібліятэку, шмат чытала. Любіла займацца агародам на дачы. У апошнія свае гады моцна хварэла, перанесла тры сур’ёзныя аперацыі, ёй цяжка было хадзіць. Памерла 3 студзеня 2016 г., пахавана побач з мужам на гарадскіх могілках «Плоска новая» (участак 3).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Хорошко, Н. Жизнь прожить — не поле перейти : [очерк об О. Л. Панковой] / Н. Хорошко // И светится жизнь : очерки и рассказы / Николай Хорошко. Брест, 2010. Кн. 2. С. 89–94.
  2. Концентрационный лагерь «Озаричи»: живые свидетельства Беларуси / сост. А. П. Шкуран [и др.]. – Минск : Голиаф, 2014. – 320 с. : ил. – Из содерж.: Панкова Ольга Лаврентьевна. С. 205–206.
  3. Озаричи — лагерь смерти : документы и материалы / сост. С. И. Богдан [и др.]. – Минск : НАРБ, 1997. – 191 с. : ил.
  4. Кавальчук, А. А. Тэлебачанне / А. А. Кавальчук, М. М. Пракаповіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 599–601. Са зместу: В. Панкова. С. 600.
  5. Бялуга, З. І. Азарыцкія лагеры смерці / З. І. Бялуга // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 26–27.
  6. Яны прайшлі дарогамі вайны : Панков Лаврентий Аврамович // Памяць. Жлобін. Жлобінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 229.
  7. Панкова Ольга Лаврентьевна : [некролог] // Заря. 2016. 5 января. С. 6.
  8. Шеламова, Т. Железная леди идеологического фронта : [об О. Л. Панковой] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2008. 7–8 ноября. С. 6.
  9. Панкова, О. Павернемся да памяці : [аб дзейнасці Брэсцкага абласнога аддзялення Савецкага фонду культуры] / О. Панкова // Заря. 1990. 30 марта.
  10. Хорошко, Н. Жизнь прожить — не поле перейти : [очерк об О. Л. Панковой] / Николай Хорошко // Заря. 2000. 2 марта.
  11. Стать творцами и созидателями : [об учредительной конференции Брестского областного отделения Советского фонда культуры;председатель В. У. Мелишкевич, секретарь О. Л. Панкова] // Заря. 1987. 1 июля.
  12. О награждении тов. Панковой О. Л. Почетной грамотой Верховного Совета Белорусской ССР : Указ Президиума Верховного Совета БССР // Заря. 1980. 19 апреля. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 104 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 16:03