Пятніца, 28 Люты 2020 14:01

23 студзеня 2020 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Мікалая Паўлавіча Дзегцярова (1925–2007), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Ганаровага грамадзяніна г. Брэста (1996)

Мікалай Паўлавіч Дзегцяроў нарадзіўся 23 студзеня 1925 г. у вёсцы Грабаў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Трохгадовым хлопчыкам страціў маці, яго выхоўвала бабуля. Пасля заканчэння сямі класаў працаваў у калгасе. У 1940 г. паступіў у Гомельскую школу фабрычна-заводскай адукацыі чыгуначнага транспарту, вучыўся ў групе сталяроў. Вялікая Айчынная вайна застала яго ў Гомелі. Разам з іншымі навучэнцамі школы ўзводзіў абарончыя збудаванні (равы, траншэі, акопы) на подступах да абласнога цэнтра.

 

У лістападзе 1941 г. Мікалай Дзегцяроў быў прыняты ў школу па падрыхтоўцы дэсантнікаў-дыверсантаў, якая працавала ў Маскве. Пасля заканчэння школы ў красавіку 1942 г. у складзе дыверсійнай групы з 20 чалавек закінуты ў тыл ворага ў Калужскую вобласць. Вырашаў разведвальныя задачы, праводзіў дыверсійную работу. У ліпені 1943 г. атрад злучыўся з Чырвонай арміяй.

У якасці кулямётчыка Мікалай Дзегцяроў вызваляў гарады Арол (Расія), Чарнігаў (Украіна), фарсіраваў Дняпро. У 1944 г. у складзе 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту прымаў удзел у вызваленні Беларусі (гарады Брагін, Калінкавічы і інш.), у Люблін-Брэсцкай аперацыі.

Вызначыўся ў баях на подступах да г. Брэста. 27 ліпеня 1944 г. яго батальён ужо знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы, адбіў дзевяць атак праціўніка, які імкнуўся вырвацца з Брэсцкага катла на захад. Батальёну была пастаўлена задача захапіць чыгуначны мост цераз раку Заходні Буг, але мост прастрэльваўся кулямётным гняздом на супрацьлеглым беразе. Мікалай Дзегцяроў з напарнікам ноччу пераплылі раку, занялі пазіцыю ў варонцы. На світанні 28 ліпеня Мікалай Дзегцяроў дзвюма гранатамі знішчыў кулямётную кропку праціўніка, што дало магчымасць наступаючым часцям прасунуцца наперад, па чыгунцы ўвайсці ў Брэст у раён чыгуначнага вакзала.

18 лютага 1945 г. пры вызваленні тэрыторыі Польшчы ў баі за г. Торунь быў чацвёрты раз паранены, цяпер вельмі цяжка — страціў нагу. Яго падабралі санітары, дзевяць месяцаў лячыўся ў шпіталі ў г. Кальчугіна Уладзімірскай вобласці. У тым шпіталі сустрэў свайго бацьку, які пайшоў на фронт у 1941 г., быў паранены ў руку пры штурме г. Кёнігсберга.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, М. П. Дзегцяроў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені (1985), Славы ІІІ ступені (1947), медалямі «За отвагу», «За боевые заслуги», «За освобождение Варшавы».

Пасля вайны Мікалай Паўлавіч скончыў школу бухгалтараў, гандлёвы тэхнікум, Кіеўскі фінансава-эканамічны інстытут па спецыяльнасці «бухгалтар-эканаміст» (1958). Працаваў па спецыяльнасці ў арганізацыях на будаўніцтве дарог Брэст – Мінск, Кіеў – Масква, Масква – Горкі, Масква – Валгаград. З 1967 г. працаваў у дарожна-будаўнічых арганізацыях г. Брэста. 22 кастрычніка 1996 г. яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Брэста.

М. П. Дзегцяроў памёр 11 лістапада 2007 г. Пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска» (сектар 52, рад 3, месца 11). На доме, дзе ён жыў (вул. Маякоўскага, 8), устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дегтярёв Николай Павлович / О. В. Пашкевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 75.
  2. Дегтярёв Николай Павлович // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 8.
  3. Дзегцяроў Мікалай Паўлавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 640.
  4. Волобуева О. Почётный гражданин города Бреста : [Н. П. Дегтярёв] / О. Волобуева // Война: далекая и близкая : сб. материалов студенческих науч.-исслед. работ, посвящ. 60-летию Победы над фашизмом. Брест, 2005. С. 27–30.
  5. Дегтярёв Николай Павлович : [некролог] // Вечерний Брест. 2007. 16 ноября. С. 4.
  6. Гринчик, Т. Жаркое лето сорок четвертого : [о Н. П. Дегтярёве] / Т. Гринчик // Брестский вестник. 2005. 26 июля. С. 2.
  7. Волобуева, О. «Дай Бог, чтобы вы и ваши дети этого не увидели...» : [о Н. П. Дегтярёве] / Ольга Волобуева // Берасцейскі ўніверсітэт. 2005. 8 лютага (№ 2). С. 2.
  8. Гагарин, К. Война пулеметчика Дегтярева / К. Гагарин // Армия. 2005. № 2. С. 80–83.
  9. Назаренко, М. Пулеметчик Дегтярев / М. Назаренко // Во славу Родины. 2003. 15 октября.
  10. Назаренко, М. Две встречи и вся жизнь : [о судьбе Н. П. Дегтярёва] / М. Назаренко // Заря. 2003. 26 апреля.
  11. Главная дорога Николая Дегтярева : [о Почётном гражданине г. Бреста] // Вечерний Брест. 1997. 8 мая. С. 2.
  12. Захарченко, Н. Шестнадцатый Почетный гражданин Бреста : [о присвоении звания Почётного гражданина г. Бреста Н. П. Дегтярёву] / Н. Захарченко // Заря. 1996. 3 декабря.
  13. И много-много алых роз... : [о присвоении звания Почётного гражданина г. Бреста Н. П. Дегтярёву] // Вечерний Брест. 1996. 25 октября.
  14. Гордитесь, земляки! : еще двоим жителям города присвоено звание «Почетный гражданин города Бреста» // Брестский курьер. 1996. 24–30 октября. С. 4.
  15. Титов, М. Гвардейская хватка : [о Н. П. Дегтярёве] / М. Титов // Заря. 1984. 16 октября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 204 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 16:03