Пятніца, 28 Люты 2020 14:03

29 сакавіка 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Зінаіды Іосіфаўны Дудзюк (1950), беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2018)

Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк нарадзілася 29 сакавіка 1950 г. у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна. Скончыла Белаазёрскую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яе літаратурным дэбютам сталі вершы, надрукаваныя ў 1967 г. у бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма». Юная паэтка ўвайшла ў літаратурнае аб’яднанне «Крыніца», дзе пазнаёмілася з Нінай Мацяш.

 

З 1974 г. З. І. Дудзюк выступае ў абласным і рэспубліканскім друку. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў серыі «Першая кніга паэта» выдала яе зборнік «Праводзіны птушак» (1983), які адразу засведчыў яркасць і самадастатковасць паэтычнага дару аўтара. Менавіта з той пары творчая літаратурная дзейнасць стала для яе сэнсам жыцця. Вершы паэтэсы ўсё часцей сталі з’яўляцца ў перыядычных выданнях. У 1986 г. была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР.

У 1993 г. З. І. Дудзюк скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве. Працавала на журналісцкай пасадзе ў абласной газеце «Народная трыбуна», загадчыкам літаратурнай часткі Брэсцкага тэатра драмы і музыкі.

Зінаіда Іосіфаўна з’яўляецца аўтарам шэрага кніг прозы, у т. л. сямі раманаў, а таксама драматычных твораў і казак для дзяцей, некалькіх кніг дакументальных нарысаў і эсэ, займаецца перакладамі. Гэтым самым яна робіць важны крок да ўзбагачэння і пашырэння жанравых абсягаў у сваёй літаратурнай дзейнасці.

У 1997 г. выйшла яе першая кніга прозы «Палоннікі жыцця», у якой пісьменніца хацела данесці да чытачоў душэўны стан сучасніка, адкрыць драматызм яго лёсу. На аснове ўспамінаў, якія пакінулі нам старажытныя гісторыкі, пісьменніца стварыла аповесць-хранограф «Славянскія князі» (2005). Пра жыццё славянскіх плямёнаў на Балканах апавядае раман «Велясіты» (2005). У рамане «Кола Сварога» (2006) Зінаіда Дудзюк упершыню ў славянскай літаратуры зрабіла спробу аднавіць цэласную сістэму светабудовы, якою яе ўяўлялі нашы далёкія продкі. Значным дасягненнем беларускай літаратуры стаў гістарычны раман «Год 1812» (2004), у якім раскрываецца адна з драматычных старонак у жыцці нашага народа.

Зінаіда Іосіфаўна шмат і паспяхова працуе ў драматургіі. На радыё была пастаўлена п’еса «Дудка-самагудка», у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі — «Сінязорка», у Мінскім абласным драматычным тэатры — «Лятавіцы», таксама п’есы ставіліся дзейнымі тэатрамі і студыямі. П’еса «Сінязорка» у 2004 г. была ўключана ў падручнік «Беларуская літаратура» для сёмага класа. Дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх конкурсаў адзначаны п’есы «Гадзіннік Лікбога» (2001), «Лятавіцы» (2003), «Кароль смаўжоў» (2006), кінасцэнарый «На парозе раю» (2002). Настаўнікам, кіраўнікам драматычных гурткоў і студый пісьменніца адрасавала дапаможнікі «Чароўнае слова» (2001) і «Зачараванасць тэатрам» (2005).

Аўтар дакументальных нарысаў «Леса и лесоводы Брестчины» (2000), «Люди и годы» (2001), «Леў» (2011), «Вяртанне забытага міфа» (2013), укладальнік кнігі «Песні Белавежы. Камянеччына лiтаратурная» (2005) у серыі «Беларусь літаратурная». На беларускую мову пераклала вершаваную казку П. Яршова «Канёк-гарбунок» (1997) і з польскай — камедыю Яна Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман» (2002), а таксама асобныя вершы ўкраінскіх і рускіх паэтаў.

Зінаіда Дудзюк з’яўляецца лаўрэатам абласных прэмій «Берасцейская зорка – 1996» у намінацыі «Літаратура», «Пісьменнік года» (2004), літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за паэтычны зборнік «Падданыя кахання» і раман «Кола Сварога», а таксама Міжнароднага конкурсу памяці К. М. Сіманава ў намінацыі «Паэзія» (2013), Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы твор 2010 года» ў намінацыі «Проза» за кнігу «Аднарог», прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі «Літаратура, журналістыка, крытыка» (2019); пераможцам конкурсу паэзіі часопіса «Гаспадыня» (2017) і літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Літаратура для дзяцей» (2018).

Узнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (1994), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2011), нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру» (2012), юбілейным знакам «1000 гадоў Брэсту» (2019). 1 верасня 2018 г. на ХХV Рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства» ў г. Іванаве З. І. Дудзюк была ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

Творы З. І. Дудзюк

  1. Закон захавання кахання : аповесці / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2019. – 233 с. – (Жаночыя лёсы).
  2. Брэст : храналагічны даведнік / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2019. – 93 с.
  3. На парозе раю : аповесці, кінааповесці, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2018. – 327 с.
  4. Гонды : раман, аповесць, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2018. – 191 с.
  5. Пара высокага сонца : успаміны, нарысы, эсэ / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2017. – 115 с.
  6. Лаза : раман / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 445 с.
  7. Гістарычныя драмы : песы / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 195 с.
  8. Сотворение : роман-реконструкция славянской мифологии / Зинаида Дудюк. – Канада : ALTASPERA, 2015. – 302 c.
  9. Прадзіва : выбраныя творы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мэдысонт, 2015. – 209 с.
  10. Необычайные приключения Буслика и его друзей : [10 занимательных историй для дошк. и мл. шк. возраста] / Зинаида Дудюк. – Минск : Харвест, 2015 – 240 с.
  11. Год 1812 : роман / Зинаида Дудюк. – Канада : ALTASPERA, 2015. – 364 c.
  12. Листья волшебного дерева : [повесть, сказки] / Зинаида Дудюк. – Минск : Харвест, 2014. – 254 с. – (Библиотека детской литературы).
  13. Слодыч і атрута : раман / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 397 с.
  14. Вяртанне забытага міфа / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Беларусь, 2013. – 141 с.
  15. Выжыць на дарозе смерцi : успамiны / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Чатыры чвэрцi, 2013. – 260 с. – (Дзецi вайны).
  16. Нямеранае багацце : эсэ / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2012. – 82 с.
  17. Канікулы на астэроідзе : п’есы-казкі : [для сярэдняга школьнага ўзросту] / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Звязда, 2012. – 151 с.
  18. Гонка за волком : [роман, повесть] / З. И. Дудюк. – Минск : Харвест, 2012. – 444 с. – (Современный детектив).
  19. Нарадзіўся я ліцвінам : п’еса ў 1 дзею ; Песня пра зубра : п’еса ў 2 дзеі / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр», 2011. – 61 с.
  20. Леў : гістарычны нарыс : [пра жыццё і дзейнасць дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Льва Сапегі] / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 192 с. – (Святло мінуўшчыны).
  21. Дарунак : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2010. – 125 с.
  22. Аднарог : раман, аповесць, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Харвест, 2010. – 287 с. – (Беларуская сучасная фантастыка).
  23. Берасцейская мелодыя : п’еса ў 2 дзеі / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : [б. в.], 2009. – 58 с.
  24. Кола Сварога : раман-рэканструкцыя / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Беларусь, 2006. – 293 с. : іл.
  25. Разлучніца : п’еса ў 2 дзеі / Зінаіда Дудзюк. – Брэст, 2005. – 41 с.
  26. Песнi Белавежы. Камянеччына лiтаратурная : проза, паэзiя, публiцыстыка / укладанне З. Дудзюк. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2005. – 302 с. – (Беларусь лiтаратурная).
  27. Зачараванасць тэатрам : дапам. для наст. ст. класаў, кiраўнiкоў тэатр. гурткоў i студый / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : БДУ, 2005. – 174 с.
  28. Год 1812 : раман / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Академия, 2004. – 311 с.
  29. Бліжні бой : песа / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : АГКЦ, 2004. 35 с.
  30. Слагаемые успеха. Тепличный комбинат «Берестье» : докум. очерк / Зинаида Дудюк. – Брест, 2003. – 95 с.
  31. Падданыя кахання : драматычная паэма, вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. – 141 с.
  32. Наши десять лет. КУПТП «Комбинат общественного питания» : докум. очерк / Зинаида Дудюк. – Брест : Брестская типография, 2002. – 143 с. : ил.
  33. Шляхамі адвечнага слова : эсэ / Зінаіда Дудзюк ; мастак А. Вярышка. – Брэст : Вежа, 2001. – 60 с. : іл.
  34. Чароўнае слова : дапам. для настаўнікаў пачатковыхкласаў / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 126 с.
  35. Брестский центральный универмаг. Люди и годы : докум. очерк / Зинаида Дудюк. – Брест : Брестская типография, 2001. – 146 с. : ил.
  36. Табе : вершы і паэма / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Лаўроў, 2000. – 87 с.
  37. Леса и лесоводы Брестчины : докум. очерк / сост. З. И. Дудюк. – Барановичи : Барановичская укрупненная типография, 2000. – 206 с.
  38. Брестский электротехнический завод : докум. очерк / составитель З. И. Дудюк. – Брест : Брестская типография, 2000. – 98 с.
  39. Палоннікі жыцця : аповесці, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 270 с.
  40. Яршоў, П. Канёк-гарбунок : казка / Пётр Яршоў ; пер. на беларус. мову З. Дудзюк ; маст. А. Вярышка. – Брэст, 1997. – 99 с.
  41. Чароўная птушка : вершы, казкi, загадкi / рэд. З. Дудзюк ; маст. А. Вярышка. – Берасце [Брэст] : Спадчына, 1995. – 74 с.
  42. Так і не : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 189 с.
  43. Абрысы лета : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 95 с.
  44. Праводзіны птушак : вершы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – 39 с. – (Першая кніга паэта).

 

Аб жыцці і творчасці З. І. Дудзюк

  1. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 254.
  2. Дудюк Зинаида Иосифовна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 467.
  3. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 527.
  4. Дудюк Зинаида Иосифовна // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 405–406.
  5. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 399–400.
  6. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 192.
  7. Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біябібліяграфічны даведнік Брэсцкага абласного аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі / [склад. Н. М. Парчук ; пад рэд. Т. А. Дземідовіч]. Брэст, 2018. С. 63–71.
  8. 29 сакавіка — 60 гадоў з дня нараджэння (1950) З. І. Дудзюк, паэтэсы і драматурга / складальнікі: Т. Я. Мамедава, Н. А. Шашэнька ; рэдактар К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2010. № 2. С. 5–7 (дадатак: Даты беларускага календара).
  9. Дудзюк, З. I. З пачуццём любові / Дудзюк Зінаіда Іосіфаўна // З росных сцяжын : аўтабіягр. пісьменнікаў Беларусі / [уклад. М. Мінзер]. Мінск, 2009. С. 128–132.
  10. Зінаіда Дудзюк // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 32–36.
  11. «Злучаю я нязводна боль і радасць...» : бібліягр. паказ. да 55-годдзя з дня нараджэння З. Дудзюк / БярозаўскаяЦРБ ; склад. Л. І. Сядова. – Бяроза, 2005. – 11 с.
  12. «...I спее слова дабрынёй» : творчы партрэт З. Дудзюк : [зборнік] / уклад. Н. М. Борсук ; рэд. З. П. Мельнікава. – Брэст, 2001. – 183 с.
  13. Дудзюк Зінаіда // Роднай зямлі галасы : бiблiяграфiчны навукова-дапаможны паказальнiк. Брэст : Аблдрукарня, 1993. С. 15–16.
  14. Бельскі, А. Дзве ліры : [Зінаіда Дудзюк і Людка Сільнова] / Алесь Бельскі // Краса і смутак : дапам. для настаўнікаў / Алесь Бельскі. – Мінск, 2000. – С. 163–169.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1561 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:57