Пятніца, 27 Сакавік 2020 15:52

28 лютага 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Марата Рыгоравіча Клімава (1940–2019), мастака ў вобласці манументальна-дэкаратыўнага і станковага жывапісу

Марат Рыгоравіч Клімаў нарадзіўся 28 лютага 1940 г. у вёсцы Выганашчы Целяханскай гміны Косаўскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Вёска сярод балот Беларускага Палесся, побач з возерам Выганашчанскае, цяпер там гідралагічны заказнік «Выганашчанскае». Пэўна, маляўнічыя родныя мясціны і натхнілі Марата на цікавасць да выяўленчага мастацтва.

 

Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, якое скончыў у 1963 г. У час вучобы ў вучылішчы яму пашчасціла пазнаёміцца з рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута П. В. Масленікавым, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, кандыдатам мастацтвазнаўства. Мастак-педагог адабраў сем найбольш таленавітых навучэнцаў, адным з якіх быў і Марат Клімаў. У 1963–1968 гг. ён вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на мастака-манументаліста. Яго педагогамі былі А. Шаўчэнка, А. Кішчанка, Г. Вашчанка, М. Данцыг.

Сваю працоўную дзейнасць Марат Клімаў пачаў у 1968 г. выкладчыкам малюнка і жывапісу ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце на кафедры архітэктуры. У 1969–2000 гг. працаваў мастаком-манументалістам у Брэсцкім камбінаце «Мастацтва» ў жанры вітража, мазаікі, манументальнай размалёўкі.

За час працы ў камбінаце стварыў шмат манументальных работ для розных прадпрыемстваў (у т. л. і сумесна з мастаком Уладзімірам Нікалаевым): вітражы для Брэсцкага музычнага вучылішча, кінатэатраў «Беларусь» (1975) і «Мір» (1983), рэстарана «Брэст» (1978), «Песня аб Палессі» ў Палацы культуры прафсаюзаў у Брэсце (1981), у Пінскай ЦРБ імя Я. Янішчыц і Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага; сграфіта на фасадзе БПТУ № 88 у Пінску (1988), на Доме культуры ў Маларыце (1982), на фасадзе дзіцячага садка ў Кобрыне; размалёўка ў клубе калгаса «40 гадоў Кастрычніка» Івацэвіцкага раёна (1972); мазаіка на будынку «Галоўпалессевадбуда» ў Пінску (1975), на фасадзе Дома культуры г. Пінска.

У 1977 г. Марат Клімаў быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР (Беларускі саюз мастакоў). Актыўна ўдзельнічаў у рабоце абласной арганізацыі БСМ, у 1983–1989 гг. з’яўляўся старшынёй мастацкага савета.

Марат Рыгоравіч па прафесіі і па прызванні — мастак-манументаліст. Працаваў у жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта. Велічнасць яго твораў ідзе ад вялікай любові да магутных сіл прыроды, да родных краявідаў. Назвы яго карцін гавораць самі за сябе: «Маладыя сосны», «Ветраны дзень», «Алея ў парку», «Пад мірным небам», «Зімовы дзень», «Дама ў белым світэры».

У вобласці станковага жывапісу лепшыя работы: «Дыпломнік» (1972), «Гаворыць Масква» (1974), «Каля заходніх рубяжоў» (1975), «На кальцавой трасе» (1976), «Родная зямля» (1983) і інш. На яго жывапісных палотнах, якія напоўнены светам, галоўная дзеючая асоба — прырода роднай Брэстчыны. Яе трапяткую душу мастак адчувае і перадае з аднаму яму адметнай любоўю. Мастак любіў маляваць ваду, якая быццам жывая, адлівае на многіх палотнах серабрыстым колерам — да яе так і хочацца дакрануцца далонню. Партрэты пэндзля Марата Рыгоравіча атрымліваюцца велічна-манументальнымі, багатымі колерам, змястоўнымі.

З 1968 г. М. Р. Клімаў быў удзельнікам многіх мастацкіх выстаў. Прымаў удзел ва Усесаюзнай выставе маладых мастакоў у Маскве, у групавой выставе беларускіх мастакоў у Любліне (Польшча), іншых значных выставах. Правёў пяць персанальных выстаў у Брэсце і Мінску (1990, 2000, 2005, 2015). У студзені 2016 г. у Драгічынскім гарадскім доме культуры была арганізавана персанальная выстава «Палескія матывы», на якой былі прадстаўленыя 32 карціны.

Сярод сваіх жывапісных твораў Марат Клімаў лепшымі лічыў пейзажы «Ветраны дзень» і «Ля заходніх межаў», «Натхненне (партрэт сына Алега)». На гэтых палотнах, па меркаванні аўтара, удала спалучаецца задуманае і створанае. Шмат жывапісных палотнаў прысвяціў спорту: «Футбалісты» (2005), «Хакеісты», «Востры момант», «Разборка». Яны дакладна адлюстроўваюць свет спорту, яго складанасці, гармонію і прыгажосць. У 2007 г. мастак быў адзначаны дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта за ўдзел у конкурсе творчых прац «Алімпійскі спорт у мастацтве».

Творы станковага жывапісу брэсцкага мастака знаходзяцца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, мастацкім музеі-філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Музеі Беларускага Палесся (Пінск), у прыватных калекцыях шэрага замежных краін.

Майстар быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (2000), Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2015).

М. Р. Клімаў памёр 15 сакавіка 2019 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Климов Марат Григорьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 459–460.
  2. Клімаў Марат Рыгоравіч : [рэпрадукцыя «Воблачны дзень»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / склад. П. А. Рабаў. Брэст, 2019. С. 46–47.
  3. Марат Клімаў : [рэпрадукцыя «Ветраны дзень»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-складальнік М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 58–59.
  4. Марат Климов : [репродукция «Озеро в поле»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авторы-составители: М. Коньков [и др.]. Минск, 2002. С. 54–55.
  5. Марат Климов : [репродукция «Осень. Река Муховец»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 38–39.
  6. Марат Климов // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 649.
  7. Клімаў Марат Рыгоравіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік / склад. Б. Крэпак. Мінск, 1998. С. 300.
  8. Клімаў Марат Рыгоравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 75.
  9. Выганашчы : [радзіма мастака М. Клімава] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 462–463.
  10. Валасюк, Л. Мастак-манументаліст Марат Клімаў / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 10–11.
  11. Традиции и легенды Малоритского края : пленэр, 2014 : [среди участников М. Климов].  [Брест : Альтернатива, 2014]. 15 с., включая обложку.
  12. Марат Климов // Пленэр : посвящается 100-летию со дня рождения Николая Чурабо / Т. О. Бембель. Брест. 2013.
  13. Валасюк, Л. Напісанае застаецца : да 80-годдзя з дня нараджэння вядомага брэсцкага мастака Марата Клімава / Леанід Валасюк // Заря. 2020. 22 февраля. С. 17.
  14. Ткачук, Н. Палескія матывы Марата Клімава : [у ГДК разгарнулася персанальная выстава брэсцкага мастака М. Р. Клімава] / Ніна Ткачук ; фота Івана Ляончыка // Драгічынскі веснік. 2016. 6 студзеня. С. 9.
  15. Валасюк, Л. Майстар вялікіх палотнаў : [да 75-годдзя мастака М. Клімава] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2015. 6 сакавіка

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 903 разоў