Пятніца, 27 Сакавік 2020 16:14

29 красавіка 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Аляксандравіча Свідуновіча (1940), вучонага ў галіне металургіі, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, доктара тэхнічных навук, прафесара

Мікалай Аляксандравіч Свідуновіч нарадзіўся 29 красавіка 1940 г. у вёсцы Дзівін Кобрынскага раёнаБрэсцкай вобласці ў сям’і работнікаў гандлю.Закончыўшы дзесяць класаў Дзівінскай школы, ён хацеў паступаць у ваенна-марское вучылішча, але па парадзе ўрача-афтальмолага адмовіўся ад ваеннай прафесіі, паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць «Машыны і тэхналогіі ліцейных вырабаў».

 

У гады вучобы быў удзельнікам студэнцкага тэатра «Студыйны маладзёжны», наведваў творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, музыкантамі, бываў на праглядах шэдэўраў сусветнага кінематографа. На другім курсе пачаў займацца навукова-даследчай дзейнасцю.

Пасля заканчэння інстытута ў 1962 г. Мікалай Свідуновіч працаваў інжынерам на Мінскім трактарным заводзе. У 1964–1967 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БПІ. У 1967 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Исследование ввода в чугун присадок на основе окиси магния с целью десульфурации чугуна и сфероидизации графита». З 1968 г. працуе ў Беларускім тэхналагічным інстытуце імя С. Кірава (з 1993 г. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт): асістэнт, дацэнт, намеснік дэкана.

У 1980 г. у Кіеўскім інстытуце праблем ліцця абараніў доктарскую дысертацыю «Легирование и модифицирование сплавов с применением низкотемпературной плазмы». З 1980 г. — загадчык кафедры матэрыялазнаўства і тэхналогіі металаў, з 2007 г. — прафесар гэтай кафедры. Чытаў лекцыі ў вядучых універсітэтах ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых краін. Падрыхтаваў 15 кандыдатаў навук.У 1996 г. абраны сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

М. А. Свідуновіч — аўтар 15 замежных патэнтаў, у т. л. у ЗША, Японіі, ФРГ, Італіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, 60 аўтарскіх пасведчанняў СССР, 200 апублікаваных прац, з іх 2 манаграфій. Сумесна з беларускім навукоўцам у вобласці распрацоўкі новых матэрыялаў, тэхналогій і машынабудавання, акадэмікам НАН Беларусі, прафесарам П. А. Віцязем ім упершыню ў Рэспубліцы Беларусь выдадзены вучэбны дапаможнік «Основы нанотехнологий и наноматериалов».

Навуковыя інтарэсы М. А. Свідуновіча — высокатэмпературныя тэхналогіі: плазмафурменны і дуплексфурменны працэсы (запатэнтаваныя ў 15 краінах Захаду, паспяхова выкананыя 2 міжнародныя кантракты, устаноўкі працуюць у Расіі, Украіне, Балгарыі), высокатэмпературная перапрацоўка адходаў (выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь); нанатэхналогіі і нанаматэрыялы (распрацавана ўнікальная тэхналогія выкарыстання фулерэнзмяшчальных матэрыялаў для атрымання спецыяльных сталей і сплаваў). Выканаў шэраг праектаў, якія звязаныя з высокатэмпературнай перапрацоўкай металазмяшчальных адходаў, адкрыў новы напрамак па ўплыве фулеронаў на ўласцівасці спецыяльных сталей і сплаваў.

М. А. Свідуновіч — прэзідэнт Расійска-Беларускай навукова-тэхнічнай асацыяцыі «Сумесныя праекты», віцэ-прэзідэнт асацыяцыі «Чарнобыль і экалогія» (ЗША), член Савета фонду фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, старшыня секцыі «Атрыманне і выкарыстанне плазмы» Савета НАН Беларусі.

Узнагароджаны медалём СССР «За працоўную доблесць» (1979), граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1980), Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2000), Сусветным медалём Свабоды (The World Medal of Freedom) Амерыканскага біяграфічнага інстытута (2006).2 кастрычніка 2015 г. М. А. Свідуновічу прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Асноўныя працы М. А. Свідуновіча

  1. Витязь, П. А. Наноматериаловедение : учеб. Пособие / Витязь П. А., Свидунович Н. А., Куис Д. В. – Минск : Вышэйшая школа, 2015. – 511 с.
  2. Жарский, И. М. Материаловедение : учеб. пособие / Жарский И. М., Иванова Н. П., Куис Д. В., Свидунович Н. А. – Минск : Вышэйшая школа, 2015. – 557 с.
  3. Материаловедение. Термическая обработка : лабораторный практикум по курсу «Материаловедение» для студентов вузов / [сост.: Н. А. Свидунович, Д. В. Куис, Г. П. Окатова]. Минск : БГТУ, 2014. 67 с.
  4. Методы исследования материалов : лабораторный практикум по курсу «Материаловедение и технология конструкционных материалов» для студентов вузов / Н. А. Свидунович, Г. П. Окатова, Д. В. Куис. Минск : БГТУ, 2014. 126 с.
  5. Жарский, И. М. Коррозия и защита металлических конструкций и оборудования : учеб. пособие / Жарский И. М., Иванова Н. П., Куис Д. В., Свидунович Н. А. – Минск : Вышэйшая школа, 2012. – 303 с.
  6. Взаимодействие компонентов в сплавах / Н. А. Свидунович, В. Н. Глыбин, Л. К. Свирко. Москва : Металлургия, 1993. – 156 с.
  7. Плазмофурменный процесс / Н. А. Свидунович. Минск : Вышэйшая школа, 1991. – 100 с.
  8. Легирование и модифицирование сплавов с применением низкотемпературной плазмы : автореферат диссертации ... доктора технических наук : 05.16.04 / Свидунович Николай Александрович. Киев, 1980.
  9. Исследование ввода в чугун присадок на основе окиси магния с целью десульфурации чугуна и сфероидизации графита : диссертация ... кандидата технических наук : 05.16.02 / Н. А. Свидунович ; Белорусский политехнический институт. – Минск, 1967. – 154 с. : ил.

 

Аб жыцці і дзейнасці М. А. Свідуновіча

  1. Свідуновіч Мікалай Аляксандравіч / Я. Г. Міляшкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 257.
  2. Гапанович, А. Н. Николай Александрович Свидунович / Афанасий Гапанович // Дивин — древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 76. (Известные уроженцы и жители Дивина).
  3. Свидунович Николай Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 589.
  4. Свидунович Николай Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 334.
  5. Свідуновіч Мікалай Аляксандравіч // Хто ёсць хто ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Мінск. 2010. С. 58.
  6. Свідуновіч Мiкалай Аляксандравiч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 440.
  7. Свідуновіч Мікалай Аляксандравіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 121–123 : фат.
  8. Свідуновіч Мікалай Аляксандравіч // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 47–49.
  9. Да 80-годдзя з дня нараджэння М. А. Свідуновіча // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 148–149.
  10. Свідуновіч Мікалай Аляксандравіч // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2019. № 8. С. 21.
  11. Свидунович, Н. А. Студенты литейщики… : [воспоминания выпускника БПИ] / Н. А. Свидунович // Литье и металлургия. 2019. № 3. С. 31.
  12. Курачук, С. Кобринское слово сказано и в науке : [Кобринская центральная районная библиотека начинает работу над очередным проектом «Славутыя імёны Кобрыншчыны»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 20 июля (№ 29). С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 226 разоў Апошняя змена Аўторак, 31 Сакавік 2020 09:41