Чацвер, 02 Красавік 2020 16:17

26 снежня 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Віктара Васільевіча Арсеньева (1950–2012), архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1988)

Віктар Васільевіч Арсеньеў нарадзіўся 26 снежня 1950 г. у г. Брэсце. Закончыў архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1972). Вучыўся ў В. Н. Куліна, І. Д. Белагорцава.

 

Пасля заканчэння інстытута Віктар Арсеньеў прыйшоў працаваць архітэктарам у Брэсцкі філіял праектнага інстытута «Белдзяржпраект» (у 1974 г. пераўтвораны ў «Брэстграмадзянпраект»). Затым працаваў кіраўніком групы, галоўным архітэктарам праектаў.

У 1970-я гг. Брэст перажываў інтэнсіўнае развіццё, у верасні 1976 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў новы генеральны план развіцця горада. Абласны інстытут комплекснага праектавання «Белграмадзянпраект» выйшаў на самастойнае праектаванне шматпавярховых будынкаў, яго калектыў быў здольны комплексна вырашаць забудову цэлых кварталаў і мікрараёнаў. У выніку праведзенай работы значна змяніўся выгляд абласнога цэнтра, жылая плошча на кожнага чалавека ў 1979 г. склала 11,8 кв. м.

Віктар Васільевіч працаваў разам з Расціславам Аляксеевічам Шылаем (1936–2004), Валянцінам Міхайлавічам Гапіенкам і іншымі архітэктарамі. У 1976 г. быў прыняты ў Саюз архітэктараў СССР. Аўтар праекта 9-павярховага жылога дома па вул. Кааператыўнай (1975–1978), комплексу гаражоў аблвыканкама па вул. Герояў абароны Брэсцкай крэпасці (1978).

У 1980-х гг. В. В. Арсеньеў — вядучы архітэктар Брэста, з 1982 г. — галоўны архітэктар майстэрні праектнага інстытута «Брэстграмадзянпраект». У 1980 г. пад яго кіраўніцтвам у інстытуце быў распрацаваны праект мікрараёна «Усход-4» для Маскоўскага раёна г. Брэста. Аўтар праекта стаматалагічнай паліклінікі па вул. Камуністычнай (1982), будынка Маскоўскага райкама КПБ г. Брэста (у 1991 г. у ім размешчана дзіцячая музычная школа № 2) па вул. Маскоўскай (1984), рэканструкцыі будынка аблвыканкама па вул. Леніна (1986). У 1983 г. на вул. Маскоўскай (цяпер праспект Машэрава), 75/1 узведзены будынак газеты «Заря» («Дом друку»), праект якога быў зроблены групай В. В. Арсеньева.

Да найбольш удалых праектных рашэнняў Брэста адносіцца жылы мікрараён «Усход-3», у яго праектаванні прымаў удзел В. В. Арсеньеў разам з Р. А. Шылаем, В. М. Гапіенкам, Л. С. Валахановічам. Мікрараён быў эксперыментальным, разлічаным на 15 тысяч жыхароў, з 1984 г. забудоўваўся крыжападобнымі ў плане жылымі дамамі-комплексамі рознай павярховасці (ад 5 да 12 паверхаў).

Новы аэравакзальны комплекс Брэста быў пабудаваны паводле індывідуальнага праекта калектыву брэсцкіх архітэктараў пад кіраўніцтвам В. В. Арсеньева. Намаганнямі будаўнічага трэста № 8 г. Брэста аэравакзал расчыніў свае дзверы 15 кастрычніка 1986 г. Асаблівасцю архітэктурнай кампазіцыі аэравакзала стала практычна поўная адсутнасць масіўных калон. Для зручнасці пасажыраў і супрацоўнікаў дах і столь утрымлівалі спецыяльныя нясучыя канструкцыі без дадатковых падтрымак. Камфартабельны комплекс быў разлічаны на абслугоўванне 400 пасажыраў. У той час гэта быў другі ў СССР пасля Ленінградскага аэравакзал, дзе была вырашана праблема развядзення па розных узроўнях патоку прылятаючых і адлятаючых пасажыраў. Для зручнасці пасажыраў былі абсталяваны рэстаран «Зорны», магазін «Тавары ў дарогу», бар, сталовая. За гэту працу аўтары праекта В. В. Арсеньеў, А. Ляшук, В. Г. Кескевіч, Р. А. Шылай і В. М. Гапіенка ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1988).

З 1986 г. В. В. Арсеньеў — галоўны архітэктар Дзяржаўнага праектнага інстытута № 3 у Ленінградзе. З 1991 г. — генеральны дырэктар «Персанальнай творчай архітэктурнай майстэрні В. В. Арсеньева». У 2000 г. майстэрня была пераўтворана ў ААТ «Архітэктурная майстэрня В. В. Арсеньева». Спецыялізацыя майстэрні — увесь спектр будаўнічага праектавання (жылыя і грамадскія будынкі, будынкі і збудаванні для транспарту, планіроўка кварталаў, спартыўныя збудаванні і г. д.). Быў выкананы вялікі аб’ём эскізных архітэктурных праектаў. Віктар Васільевіч з’яўляўся членам Градабудаўнічага савета Санкт-Пецярбурга.

В. В. Арсеньеў памёр 6 лістапада 2012 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Арсеньеў Віктар Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 504.
  2. Арсеньев Виктор Васильевич / А. А. Андреюк // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 280.
  3. Арсеньев Виктор Васильевич // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник. Минск, 1991. С. 11.
  4. Брестская архитектурная школа // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 276.
  5. Аэропорт Брест // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 198–199.
  6. Пятроўская, А. В. Брэсцкі аэрапорт / А. В. Пятроўская // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 504–507.
  7. Гарбунь, П. І. Жыллёвае будаўніцтва ў горадзе ў 1950–1990-я гады / П. І. Гарбунь // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 450–465. Са зместу: В. Арсеньеў. С. 461.
  8. Анікін, В. І. Брэсцкі аэравакзал / В. І. Анікін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 90.
  9. «Брестгражданпроект» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 102–103.
  10. Союза архитекторов БССР областная огранизация // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 336–337.
  11. Аникин, В. И. Градостроительство Белоруссии / В. И. Аникин, Е. Л. Заславский, И. А. Иодо ; под общ. ред. А. В. Сычевой. – Минск : Вышэйшая школа, 1988. – 247 с. : ил. – Из содерж.: В. Арсеньев. С. 154–155.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 417 разоў