Субота, 04 Красавік 2020 15:08

3 студзеня 2020 г. — 80 гадоў з пачатку дзейнасці Брэсцкага абласнога камітэта па радыёфікацыі і радыёвяшчанні (1940)

У міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі радыёпрыёмнікі мелі нешматлікія жыхары. З вызваленнем акупіраваных тэрыторый пачаліся работы па будаўніцтве праваднога радыёвяшчання. У Брэсце гэтымі пытаннямі ведаў інжынер З. С. Бурыштэйн. 15 кастрычніка 1939 г. быў створаны аддзел радыёфікацыі і радыёсувязі. У Баранавічах, Брэсце, Пінску і іншых гарадах зманціраваны радыёвузлы, на плошчах гарадоў устаноўлены гучнагаварыцелі. 28 кастрычніка яны трансліравалі гістарычнае пасяджэнне Народнага сходу Заходняй Беларусі.

 

Ужо ў лістападзе 1939 г. быў прыняты ў эксплуатацыю Брэсцкі вузел праваднога вяшчання. Да канца года пабудаваны вузлы ў Кобрыне, Высокім, Антопалі, Пружанах і іншых гарадах. 3 студзеня 1940 г. у банку быў адкрыты рахунак Брэсцкага абласнога камітэта па радыёфікацыі і радыёвяшчанні. За непрацяглы тэрмін былі вырашаны пытанні будаўніцтва вузлоў праваднога вяшчання. Да чэрвеня 1941 г. на ўсіх вузлах былі падключаны больш за 1000 радыёкропак, у Брэсце — 400. У час Вялікай Айчыннай вайны тэхнічная база праваднога вяшчання была цалкам разбурана.

Пасля вызвалення Брэста (28 ліпеня 1944 г.) адразу пачалася работа па аднаўленні радыёвяшчання. Створаны абласны камітэт радыёвяшчання і дырэкцыя радыётрансляцыйнай сеткі. Дырэктарам РДТС быў назначаны І. П. Вугалькоў. З усходніх абласцей паступалі абсталяванне, прыборы, дрот, інструменты, кадры спецыялістаў. Значную дапамогу аказвалі часці Савецкай арміі. У першую чаргу падключалі вулічныя гучнагаварыцелі, затым радыёкропкі ў арганізацыях, актавых залах, чырвоных кутках прадпрыемстваў. У верасні 1944 г. пачалося рэгулярнае вяшчанне абласнога радыё.

Паступова развівалася тэхнічнае аснашчэнне. У 1948 г. Брэсцкая радыёстудыя атрымала першы магнітафон. Развівалася радыёсетка, асаблівая ўвага надавалася прыходу радыё ў вёскі. Абкам КПБ(б) падтрымаў ініцыятыву камсамольцаў «Кожнай вёсцы — радыё». Камсамольцы ў вольны час нарыхтоўвалі слупы і ставілі іх, дамапагалі сувязістам навешваць дрот. Актыўную дапамогу аказвалі калгасы і саўгасы. У 1957 г. у сельскай мясцовасці вобласці працавалі 84 калгасныя радыёвузлы, гучалі больш за 70 тыс. кропак, з іх 16 700 былі ўстаноўлены за 1956 г. Да 1960 г. былі радыёфікаваны ўсе вёскі вобласці. З 1965 г. пачалося ўкараненне трохпраграмнага праваднога вяшчання.

З цягам часу адбываліся змяненні ў статусе арганізацыі. У 1950–1957 гг. гэта камітэт радыёінфармацыі пры Брэсцкім аблвыканкаме, затым — рэдакцыя радыёвяшчання пры аблвыканкаме. У чэрвені 1961 г. рэдакцыя рэарганізавана ў камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры аблвыканкаме, з 1971 г. — камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні аблвыканкама. У 1967–1977 гг. камітэт узначальвала Вольга Панкова. У 1973 г. адкрыты Брэсцкі радыётэлецэнтр.

У сетцы вяшчання значнае месца займалі інфармацыйныя праграмы. Абласное радыё расказвала пра значныя падзеі эканамічнага, палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця вобласці, забяспечвала ідэалагічнае суправаджэнне важнейшых кампаній. Радыётрансляцыйны вузел удзельнічаў у правядзені масавых мерапрыемстваў, забяспечваў іх сродкамі гукаўзмацнення. У сярэдзіне 1980-х у дамах і ўстановах працавалі 147 тыс. радыёкропак.

У 1980-я гг. час вяшчання абласнога радыё — 70 хвілін у дзень. Перадачы рыхтавалі 4 рэдакцыі: абласных навін, прапаганды, народнай гаспадаркі, для моладзі і юнацтва. Асноўныя рубрыкі перадач: «Рашэнні з’езда КПСС — у жыццё!», «Вопыт перадавікоў — у вытворчасць», «Харчовая праграма: у дзеянне ўсе рэзервы», «Партарганізацыя — ядро працоўнага калектыву», «Саветы і жыццё» і інш. Штомесяц абменьваліся радыёчасопiсам «На крылах сяброўства» з Валынскім радыё (УССР). Рыхтаваліся матэрыялы для рэспубліканскага вяшчання, для Люблінскага радыё (ПНР).

У 1990-я гг. слухачам былі добра вядомы праграмы «Закон і мы», «Літаратурная Брэстчына», «Вера. Надзея. Любоў», «Суботні калейдаскоп», «Маладзёжная».

Усе гады на радыёстудыі працаваў стабільны творчы калектыў. Сярод першых кіраўнікоў — І. Дудко, які быў галоўным рэдактарам у 1950-я гг. Два дзесяцігоддзі ўзначальваў абласное радыё Мікалай Ярмашэвіч. Дыктар Аляксандр Кавальчук агучваў перадачы больш за 30 гадоў, са студэнта вырас да майстра-дыктара вышэйшай катэгорыі. Шмат гадоў працавалі журналісты Тамара Коліева, Тамара Цыкарыдзе, Уладзімір Макарэвіч, В. Лоска, Любоў Аляксандрава, Міхаіл Федарук, Валянціна Тушкевіч, Юрый Шапран і інш. Вялікі працоўны стаж у радыёінжынера Івана Зышчука, машыністкі Г. Педзіч, гукарэжысёраў С. Чырко, Валянціны Сівуда, Уладзіміра Каляды.

Фанатэка абласнога радыё зберагае ўнікальныя дакументальныя, літаратурна-драматычныя і музычныя запісы. З найбольш каштоўных — запісы галасоў абаронцаў Брэсцкай крэпасці і пісьменніка С. Смірнова, аўтара кніг пра іх подзвіг.

У пачатку 1990 гг. спынілася развіццё праваднога радыё, пачалася яго аптымізацыя. Сетка праваднога радыё фізічна і маральна састарэла, на яго мадэрнізацыю неабходны былі вялікія сродкі. Па новых тэхналогіях актыўна развівалася тэлерадыёкампанія «Брэст». У 2000 г. радыё ўзначаліла Ніна Валасюк. Было створана «Радыё Брэст», якое ўпершыню выйшла ў эфір 20 мая 2002 г. 16 верасня 2003 г. пачалося вяшчанне FM-станцыі «Радыё Брэст». Галоўным рэдактарам дырэкцыі радыё быў Павел Пчолкін, цяпер — Васіль Барысюк, які працуе на абласным радыё з 1993 г.

Лічбавыя тэхналогіі пакарылі правадное радыё, у Брэсцкай вобласці яго пачалі адключаць у 2014 г. З дзеючых у «лепшыя» часы 500 тыс. радыёкропак да сярэдзіны 2015 г. засталося 103 тыс. Для многіх жыхароў, асабліва ў сельскай мясцовасці, правадное радыё было важнай крыніцай інфармацыі, таму дэмантаж ліній яны ўспрынялі неадназначна. Апошнім населеным пунктам адключэння стаў Брэст, дзе радыёкропкі замоўклі 1 жніўня 2016 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Аляксандрава, Л. П. Радыё / Л. П. Аляксандрава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 598–599.
  2. Радиовещание / М. А. Суша // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 3. С. 35–36.
  3. Радыёвяшчанне / Е. Б. Ваксер // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 38–39.
  4. Радыётрансляцыйная сетка / Р. Р. Хехнёў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 45.
  5. Радио областное.Радиотрансляционный узел // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 317.
  6. Кушнеревич, М. Н. Связь через годы / М. Н. Кушнеревич. – Брест : Пирс, 1995. – 163 с. : ил. – Из содерж.: Проводное вещание. С. 19–24.
  7. Шапран, Ю. Звучало окрест: «Говорит Брест!» : [воспоминания журналиста о работе на областном радио] / Юрий Шапран // Брестский вестник. 2015. 7 мая (№ 19). С. 7.
  8. Волков, С. День нового радио : [о работе новой радиостанции «Город FM» в Бресте] / Сергей Волков // Заря. 2014. 29 июля. С. 2.
  9. Орлова, И. Информация из первых уст : [об истории Брестского областного узла радиовещания и телевидения по словам его директора Виктора Кораблёва] / Ирина Орлова // Заря. 2014. 8 мая. С. 7.
  10. Добродомова, Л. Д. Оставит след в душе телезрителя : [беседа с директором РУП РТЦ «Телерадиокомпания Брест»] / Лариса Дмитриевна Добродомова ; [записала] Лариса Охремук // Заря. 2014. 8 мая. С. 6.
  11. Гараева, С. У эфіры — «Радыё Брэст» / Сабіна Гараева // Народная трыбуна. 2013. 20 верасня (№ 38). С. 9.
  12. Богданова, К. Одна минута — много, 10 лет — мало! : [о деятельности FM-радиостанции «Радио Брест»] / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2013. 23 августа. С. 5.
  13. Демидович, Е. Елена Демидович: «Мы в ответе за тех, кто нас слушает...» : [беседа с редактором отдела информации «Радио Брест»] / Елена Демидович ; беседовала Т. Демидович // Брестская газета. 2004. 23 октября. С. 14.
  14. Борисюк, В. Василий Борисюк: «Радио — это работа и шесть лет жизни» : [беседа с редактором отдела службы информации «Радио Брест»] / Василий Борисюк ; [беседовала] Т. Демидович // Брестская газета. 2004. 24 июля. С. 4.
  15. Хомич, В. С мыслью о людях и времени / В. Хомич // Заря. 1979. 5 мая.
  16. Буяшов, С. Курсом пятилетки / С. Буяшов // Заря. 1973. 5 мая.
  17. Дудко, И. Всегда на переднем крае / И. Дудко // Заря. 1963. 7 мая.
  18. Наше советское радио // Заря. 1957. 7 мая.
  19. Фролов, А. Советское радио глашатай мира / А. Фролов // Заря. 1951. 6 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 798 разоў