Панядзелак, 13 Красавік 2020 15:21

10 красавіка 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Гаўрыіла Станіслававіча Здановіча (1900–1984), ваеннага дзеяча, удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Героя Савецкага Саюза

Гаўрыіл Станіслававіч Здановіч нарадзіўся 10 красавіка 1900 г. у мястэчку Крывошын Мінскай губерні (цяпер вёска Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у мнагадзетнай сялянскай сям’і. У 1913 г. скончыў чатыры класы народнага вучылішча. У 1915 г. у сувязі з надыходам фронту Першай сусветнай вайны сям’я Здановічаў рушыла на ўсход. Праз год дзеці засталіся сіротамі: у Бабруйску ад тыфу памерла маці.

 

Гаўрыла з астатняй сям’ёй даехаў да г. Крамянчуг Палтаўскай губерні. У лютым 1916 г. ён разам з малодшымі сёстрамі трапіў у прытулак сяла Саланіца на Палтаўшчыне. Тут Гаўрыіл Здановіч закончыў двухкласнае гарадское вучылішча і асвоіў шыццё ботаў. Вясной 1918 г. пакінуў прытулак, працаваў падмайстрам шавецкай майстэрні, у ваенным арсенале Крамянчуга.

Восенню 1919 г. Гаўрыіл Здановіч добраахвотнікам уступіў у рады Чырвонай арміі. У складзе вайсковай часці быў накіраваны на барацьбу з Дзянікіным, удзельнічаў у баях супраць Юдзеніча, абараняў Петраград. У 1920 г. скончыў камандзірскія курсы пры штабе 14-й арміі. Ваяваў супраць бандытызму ў Падольскай і Кіеўскай губернях. У 1921 г. быў прыняты ў ВКП(б). Служыў камандзірам узвода, камандзірам роты. У 1928–1931 гг. вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзэ. Прайшоў дзевяцімесячныя курсы пры бронетанкавай акадэміі (1933). З 1931 г. служыў на пасадах начальніка штаба палка, дывізіі.

Вялікую Айчынную вайну палкоўнік Г. С. Здановіч сустрэў на пасадзе начальніка аператыўнага аддзела штаба 66-га стралковага корпуса, які трымаў абарону ад Бабруйска да Мазыра. На Паўднёва-Заходнім фронце трапіў у акружэнне («Кіеўскі кацёл»), з якога выйшаў з баямі 19 кастрычніка. Амаль пяць месяцаў служыў начальнікам штаба 4-й стралковай дывізіі, а затым у г. Армавіры фарміраваў 197-ю стралковую дывізію. Пазней — начальнік аператыўнага аддзела штаба 16-га стралковага корпуса.

31 жніўня 1942 г. Г. С. Здановіч назначаны камандзірам 203-й стралковай дывізіі 63-й арміі Сталінградскага фронту. 17 лістапада 1943 г. яму прысвоена званне генерал-маёра. 15 мая 1944 г. у баях за Днястроўскі плацдарм быў паранены. Удзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Данбаса, баёў на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. 13 красавіка 1945 г. воіны дывізіі генерал-маёра Г. С. Здановіча ў ходзе Браціслаўска-Брноўскай аперацыі вызвалілі славацкі г. Гадонін. 9 мая 1945 г. часці дывізіі знаходзіліся за 50 км ад Прагі.

8 чэрвеня 1945 г. 203-я Запарожская стралковая дывізія генерал-маёра Г. С. Здановіча была накіравана ў Тамцак-Булак (Манголія), дзе прыняла ўдзел у Савецка-японскай вайне. За 32 дні дывізія ў складзе 53-й арміі Забайкальскага фронту з баямі прайшла больш за 1350 км па Маньчжурыі праз бязводныя стэпы, пераадолела горы Вялікага Хінгана, фарсіравала раку Ляохэ і выйшла ў раён г. Фусінь (Кітай). За подзвіг у перыяд гэтага цяжкага баявога паходу 203-й дывізіі прысвоена найменне «Хінганская». Многія воіны дывізіі атрымалі ўзнагароды, Г. С. Здановічу 8 верасня 1945 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Да 1953 г. Г. С. Здановіч служыў у Савецкай арміі, быў начальнікам курса ваенна-гістарычнага факультэта Ваеннай акадэміі імя М. Фрунзэ. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1944, 1945, 1945), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1944), ордэнамі Суворава ІІ ступені (1943), Кутузава ІІ ступені (1945), Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

Пасля звальнення ў запас працаваў старшынёй Тамбоўскага абласнога камітэта ДТСААФ. Выбіраўся дэпутатам Тамбоўскага абласнога Савета. Родную вёску Крывошын Гаўрыіл Станіслававіч наведваў у 1954 і 1974 гг. Падтрымліваў сувязі з былымі аднапалчанамі, цікавіўся іх пасляваенным лёсам. У 1980 г. у серыі «Военные мемуары» выйшла кніга ўспамінаў Г. Я. Здановіча «Идём в наступление» (літаратурная апрацоўка Л. П. Максімава), у якой ён шчыра і цёпла напісаў пра афіцэраў і салдат 203-й Запарожска-Хінганскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. З 1958 г. жыў у Варонежы, дзе памёр 6 ліпеня 1984 г., пахаваны на Паўднёва-заходніх могілках.

У Крывошыне імем Г. С. Здановіча названа вуліца. На будынку Крывошынскай сярэдняй школы ў 1985 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі створана экспазіцыя, прысвечаная выдатнаму земляку. З 16 мая 1992 г. школа носіць імя героя. У 2005 г. усталявана мемарыяльная дошка (скульптар А. Кажэўнікаў) на доме ў Варонежы, у якім з 1958 па 1984 г. жыў герой (вул. Ламаносава, 51).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Пацяруха Святлана Аляксандраўна, заг. сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных паслуг

 

  1. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 7. С. 47.
  2. Зданович Гавриил Станиславович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 55.
  3. Зданович Гавриил Станиславович // Героическая Брестчина / сост. С. Ф. Омелюсик. Брест, 2015. С. 13.
  4. Зданович Гавриил Станиславович // Ляховичи : из прошлого в будущее / автор А. М. Суворов. Брест, 2013. С. 120.
  5. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 435.
  6. Зданович Гавриил Станиславович // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2008. Т. 1, кн. 1. С. 399.
  7. Зданович Гавриил Станиславович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 3. С. 647.
  8. Зданович Гавриил Станиславович // Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 141142.
  9. Зданович Гавриил Станиславович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск, 2005. Кн. 1. С. 175.
  10. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 437.
  11. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 183.
  12. Зданович Гавриил Станиславович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 542.
  13. Зданович Гавриил Станиславович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 232–233.
  14. Зданович Гавриил Станиславович // Навечно в сердце народном : [биогр. справочник]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1984. С. 184.
  15. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 242.
  16. Зданович Гавриил Станиславович // Белоруская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 5. С. 243.
  17. Зданович Гавриил Станиславович // Навечно в сердце народном : [биогр. справочник]. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 163.
  18. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 4. С. 551.
  19. Зданович, Г. С. Идём в наступление : [о 203-й стрелковой Запорожско-Хинганской дивизии] / Г. С. Зданович ; [лит. запись Л. П. Максимова]. – Москва : Воениздат, 1980. – 181 с., [9] л. ил. – (Военные мемуары).
  20. Ермаловіч, В. І. Беларусь. Шлях да Вялікай Перамогі / В. І. Ермаловіч. – Мінск : Беларусь, 2019. – 198 с. : іл. – Са зместу: Г. С. Здановіч. С. 134.
  21. Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч // Героі Савецкага Саюза — ураджэнцы Брэстчыны: да 65-годдзя вызвалення Беларусі : [плакат]. – [Б. м.: б. в.], 2009. – 1 л.
  22. Мемориальная доска Здановичу Гавриилу Станиславовичу : [д. Кривошин] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 286.
  23. Канько, Г. Наш генерал : [Г. С. Здановіч] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2015. 8 красавіка. С. 3.
  24. Максімчык, В. Гераічны Здановіч / В. Максімчык // Ляхавіцкі веснік. 2010. 10 красавіка. С. 3.
  25. Чаранкевіч, Л. Святло нязгаснай зоркі : [пра Героя Савецкага Саюза Г. Здановіча] / Л. Чаранкевіч // Ляхавіцкі веснік. 2005. 6 красавіка. С. 3.
  26. Чаранкевіч, Л. Генерал : [Г. С. Здановіч] / Л. Чаранкевіч // Ляхавіцкі веснік. 2000. 5 красавіка. С. 2.
  27. Чаранкевіч, Л. Кавалер Залатой Зоркі — наш зямляк : [Герой Савецкага Саюза Г. С. Здановіч.] / Л. Чаранкевіч // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1979. 16 чэрвеня.
  28. Шавель, А. На радзіме героя : [Г. С. Зданович ] / А. Шавель // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1983. 5 красавіка.
Чытаць 201 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Чэрвень 2020 10:56