Аўторак, 05 Май 2020 14:55

13 снежня 2020 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Мікалая Сцяпанавіча Фядотава (1910–1974), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Мікалай Сцяпанавіч Фядотаў нарадзіўся 13 снежня 1910 г. у вёсцы Сухова Баравіцкага павета Наўгародскай губерні (цяпер Баравіцкага раёна Наўгародскай вобласці) у сям’і селяніна. Скончыў землеўпарадкавальны тэхнікум у Пскове (1930), накіраваны на працу ў Кустанайскую вобласць (Казахстан). У 1932 г. прызваны ў Чырвоную армію.

 

У 1937–1941 гг. Мікалай Фядотаў вучыўся ў Ваенна-інжынернай акадэміі імя В. Куйбышава ў Маскве. У 1941 г. накіраваны на дыпломную практыку у Заходнюю Беларусь, працаваў начальнікам геадэзічных работ на будаўніцтве аэрадрома ў в. Стокі Свіслацкага раёна Беластоцкай вобласці.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце. У чэрвені 1941 г. М. С. Фядотаў удзельнічаў у абарончых баях за Беларусь. Пад Слонімам трапіў у акружэнне, у баі быў кантужаны і паранены, мясцовыя жыхары яго падлячылі. Арганізаваў групу ваеннаслужачых, якая потым увайшла ў партызанскі атрад імя В. Чапаева. У студзені – верасні 1942 г. з’яўляўся камандзірам гэтага атрада, які дзейнічаў у Быценскім, Косаўскім і Слонімскім раёнах. У канцы жніўня – пачатку верасня 1942 г. атрад правёў шэсць цяжкіх і працяглых баёў, быў акружаны. На верасень у атрадзе налічвалася больш за 200 байцоў. Выходзіў атрад з акружэння асобнымі групамі.

У лістападзе 1942 г. Пінскі абкам КП(б)Б сфарміраваў партызанскае злучэнне Пінскай вобласці, камандзірам якога стаў Васілій Корж, камісарам — Аляксей Кляшчоў. У снежні 1942 г. М. С. Фядотаў — камандзір асобнага партызанскага атрада імя В. Чапаева Пінскай вобласці. У лютым 1943 г. – ліпені 1944 г. — начальнік штаба Пінскага партызанскага злучэння. У 1943 г. у складзе злучэння сфарміраваны 7 брыгад, у якіх было 8431 партызан. Многа слаўных спраў здзейснілі народныя мсціўцы Піншчыны, чым унеслі свой уклад у разгром ворага.

Пасля вызвалення Піншчыны М. С. Фядотаў уключыўся ў аднаўленне народнай гаспадаркі, знаходзіўся на партыйнай, савецкай і гаспадарчай рабоце. З кастрычніка 1944 г. — старшыня планавай камісіі, начальнік упраўлення па справах сельскага і калгаснага будаўніцтва Пінскага аблвыканкама. У 1954 г. скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС.

Пасля скасавання Пінскай вобласці М. С. Фядотаў у 1954–1958 гг. працаваў другім сакратаром Іванаўскага райкама КПБ. У 1958–1970 гг. — загадчык аддзела камунальнай гаспадаркі Брэсцкага аблвыканкама, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі. З 1972 г. — намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Абіраўся дэпутатам Пінскага і Брэсцкага абласных Саветаў дэпутатаў.

За баявыя і працоўныя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Брэсцкага абкама КПБ і аблвыканкама. 17 мая 1974 г. у ліку першых яму было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Пінска».

М. С. Фядотаў пасля цяжкай хваробы памёр 3 снежня 1974 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. Яго імем названа вуліца ў Пінску.

Яго малодшая сястра, Антаніна Сцяпанаўна Фядотава (1922–2000), з 1945 г. працавала ў Пінскім аблвыканкаме, з 1954 г. — у гарвыканкаме, з 1977 г. — у жіллёва-камунальнай гаспадарцы, выбіралася дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, узнагароджана медалямі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Фядотаў Мікалай Сцяпанавіч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 274.
  2. Федотов Николай Степанович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 629–630.
  3. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан... / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с. : ил.
  4. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом : [докум. книга о мужестве и героизме партизанских отрядов Пинского и Брестского соединений в годы Великой Отечественной войны] / Василий Андрианович Литвинчук. – Брест : Брестская типография, 2005. – 479 с.
  5. Пінскае партызанскае злучэнне // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 495.
  6. Партызанскі атрад імя В. І. Чапаева // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 469.
  7. Пинское партизанское соединение / А. Л. Манаенков // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 572.
  8. Партизанский отряд имени В. И. Чапаева // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 539.
  9. Могила Федотова Николая Степановича : [Гарнизонное кладбище] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 60–61.
  10. Федотов Николай Степанович : Почётные граждане Пинска // Варяг-пресс. Пинск, 2015. 30 января (№ 5). С. 4.
  11. Суворова, Л. Улица имени Николая Федотова : 70 лет Великой Победы / Лилия Суворова // Пiнскi веснiк. 2014. 19 снежня. С. 2.
  12. Глинский, Ф. Вся жизнь — Отчизне / Федор Глинский // Пiнскi веснiк. 2010. 24 снежня. С. 2.
  13. Курсов, В. Улица Федотова / Вениамин Курсов // Полесская правда. Пинск, 1977. 27 августа. С. 4.
  14. Николай Степанович Федотов : [некролог] // Заря. 1974. 4 декабря.
  15. О присвоении звания «Почётный гражданин города Пинска» : Решение Пинского городского Совета депутатов трудящихся : [Н. Н. Новикову, А. И. Пескову, Н. С. Федотову, И. Г. Шубитидзе] // Полесская правда. Пинск, 1974. 22 мая.
Чытаць 185 разоў