Аўторак, 05 Май 2020 15:06

2020 г. — 300 гадоў з часу пабудовы Прачысценскай царквы ў в. Дубянец (Столінскі р-н; 1720), помніка Усходнепалескай школы дойлідства

У вёсцы Дубянец Пінскага павета ВКЛ (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у 1717–1720 гг. на сродкі пінскага краўчага Івана Колб-Сялецкага пабудавана царква. Паводле некаторых звестак першая царква ў Дубянцы магла быць у ХVI ст. Новая царква асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Лічыцца, што Прачыстая Багародзіца клапоціцца аб земляробстве, сям’і, асабліва апякуецца аб маці. Прастольнае свята адзначаецца 21 верасня.

 

Архітэктура храма вырашана размешчанымі па падоўжанай восі трыма зрубамі. Аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца, квадратных у плане нефа і алтара з невялікай пяціграннай рызніцай, прыбудаванай да алтара з усходу. Неф (малітоўная зала) завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым шматгранным купалам; дахі над алтаром, рызніцай і бабінцам вальмавыя. Сцены гарызантальна ашаляваныя і афарбаваны ў блакітны колер. Цокальная частка сцен вылучана вертыкальнай шалёўкай. Вокны прамавугольныя са зрэзанымі верхнімі гранямі.

Званіца храма напачатку была пабудавана асобна. У 1879 г. меліся тры званы вагой 4, 2 і 1 пуд. У канцы ХІХ ст. званіца была прыбудавана да храма — васьмярык на двух чацвярыках, завершаная шатром складанай формы. Уваход у храм выдзелены ганкам пад двухсхільнай навіссю на двух слупах. Храм мае тры купалы з цыбулепадобнымі галоўкамі. Нягледзячы на несумненную вуглаватасць ва ўсіх сваіх частках, храм выглядае вельмі прыгожа і арыгінальна.

Малітоўная зала перакрыта скляпеннем, абапёртым праз ветразі на чатырох слупах, ветразі барабана аздоблены размалёўкай. На бэльцы перад алтаром захаваўся надпіс з датай «1718». Аднаярусны іканастас афарбаваны белай фарбай. У 1970-я гг. былі выяўлены чатыры калонкі з ажурнай разьбой майстроў з Давыд-Гарадка. Таксама выяўлена ікона ХVІ ст. — самая старажытная ў Столінскім раёне: абраз Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай. Індывідуальная манера выканання сведчыць пра мясцовае паходжанне абраза. Шэдэўр старажытнабеларускага жывапісу захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

У 1724 г. царква стала ўніяцкай, якой заставалася да скасавання уніі ў ХІХ ст. У 1729 г. землеўласнік Іван Колб-Сялецкі ахвяраваў царкве 30 дзесяцін зямлі. З 1867 г. царкоўны прыход узначальваў святар Міхаіл Латоцкі. На месцы псаломшчыка з 1847 г. служыў Нікан Слукоўскі. Царкве належыла каля 50 дзесяцін ворыўнай і сенакоснай зямлі. У апісанні 1879 г. адзначана наяўнасць двух мясцовашанаваных абразоў: Багародзіцы і святой Параскевы. Сярод царкоўнай маёмасці адзначаны срэбны ўніяцкі пацір 1770 г. з надпісам на польскай мове, старажытнае Евангелле са срэбным акладам, метрычныя кнігі з 1780 г.

У склад прыходу ўваходзілі, акрамя Дубянца, вёскі Беражное, Дубай, Магільна і Ястрабель. Прыхаджан на 1879 г. было 633 мужчыны і 668 жанчын сялянскага саслоўя. У 1886 г. у Дубянцы 38 двароў, 240 жыхароў, працавала земскае народнае вучылішча. У 1897 г. — 57 двароў, 348 жыхароў.

У Дубянцы ў сям’і патомнага святара нарадзіўся Дзімітрый Іаанавіч Плышэўскі (1880–1938), пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі ў 1905 г. рукапаложаны ў сан святара, служыў у Мінскай вобласці, у час Яжоўскай хвалі рэпрэсій арыштаваны і расстраляны. У 1999 г. свяшчэннамучанік Дзімітрый Плышэўскі праслаўлены як мясцовашанаваны святы. Таксама тут нарадзіліся святар Андрэй Ляшкевіч (?–1932?) і протаіерэй Нікан Рыгоравіч Ляшкевіч (1886–1935?), служылі ў Мінскай вобласці, рэпрэсіраваны за «антысавецкую дзейнасць».

У 1950–1960-я гг. рэлігійныя абшчыны СССР перажывалі цяжкія часы. Праводзячы агульнадзяржаўную атэістычную палітыку, мясцовыя ўлады аказвалі ціск на духавенства і актыў прыходаў. Аднак вернікі Беларускага Палесся паказалі вернасць традыцыям Праваслаўя, адстойвалі свае правы. Калі ў Дубянцы закрылі царкву, жыхары вёскі хадзілі ў храм в. Лядзец, які пабудаваны ў 1869 г. У час Перабудовы (1986–1991) аднавілі сваю дзейнасць многія зачыненыя храмы.

Дубянецкі храм — помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, адносіцца да Усходнепалескай школы дойлідства з рысамі стылю барока. Старэйшы помнік архітэктуры Столінскага раёна, захавалiся таксама цэрквы ў Давыд-Гарадку (1724), Рухчы 1-й (1730), Рублі (1796), Рамлі (ХVІІІ), Гарадной (сярэдзіна ХVІІІ ст., перабудавана ў 1930-я гг.). Храм у в. Дубянец адносіцца да Столінскага благачыння Пінскай епархіі. Настаяцель — іерэй Павел Мануйла.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дубянецкая Прачысценская царква // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 250.
  2. Дубенецкая церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 355.
  3. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Дубянец] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 156–157.
  4. Дубенецкая Свято-Рождество-Богородицкая церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 188.
  5. Свята-Раства-Багародзіцкая (Прачысценская) царква : [в. Дубянец] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2002. С. 78.
  6. Дубянецкая Прачысценская царква / Ю. А. Якімовіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 206.
  7. Церковь Рождества Богородицы : [д. Дубенец] / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 390.
  8. Дубянецкая Прачысценская царква / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 374.
  9. Царква Раства Багародзіцы : [в. Дубянец] / Ю. А. Якімовіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 351.
  10. Шэлехаў, М. У. Сацыяльна-рэлігійнае жыццё. Культура / М. У. Шэлехаў // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 68–70.
  11. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Дубянец. С. 92.
  12. Лабынцаў, Ю. А. Старая казка Палесся : [Турава-Пінская зямля) / Ю. А. Лабынцаў. – Мінск : Полымя, 1993. – 144 с. : іл. – Са зместу: [Царква Ражджаства Багародзіцы ў в. Дубянец]. С. 69.
  13. Лабынцев, Ю. А. В глубинном Полесье : [Турово-Пинская земля) / Ю. А. Лабынцев. – Москва : Искусство, 1989. – 159 с. : ил. – Из содерж.: [Церковь Рождества Богородицы в д. Дубенец]. С. 78–79.
  14. Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся ХVІІ–ХІХ стст. / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1978. – 152 с. : іл.
  15. Дубенец // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 7 т. Мінск, 2007. Т. 4. С. 580–581.
  16. Дубянец // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 612.
  17. Палескія школы дойлідства // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 124–125.
  18. Палескія школы дойлідства / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 153–154.
  19. Сакральная живопись Беларуси ХVI–ХVIII веков : [альбом] / сост. Н. Ф. Высоцкая. – Минск : Беларусь, 2007. – 219 с. : ил. – Из содерж.: Богоматерь Одигитрия Смоленская. ХVI в., д. Дубенец. Ил. 8.
  20. Іканапіс Заходняга Палесся. ХVІ–ХIХ стст. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 349 с. : іл. – Са зместу: Дубянец. С. 69, 90.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1030 разоў