Пятніца, 12 Чэрвень 2020 09:46

20 ліпеня 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Ганны Андрыянаўны Белявец (1920–1995), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы

           Ганна Андрыянаўна Белявец нарадзілася 20 ліпеня 1920 г. у вёсцы Баранкі Камянец-Літоўскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Відамлянскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі вялі небагатую гаспадарку, маглі разлічваць толькі на свае сілы, усе дзеці з маленства дапамагалі дарослым. Ганна атрымала пачатковую адукацыю ў мясцовай польскамоўнай школе.

 

Ганна рана выйшла замуж; з мужам, Сяргеем Дзмітрыевічам Беляўцом, пабудавалі дом, абзавяліся ўласнай гаспадаркай. Неўзабаве адбылася гістарычная падзея — уз’яднанне заходніх зямель Беларусі з БССР.

 

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны вёска была захоплена нямецкімі войскамі. У перыяд акупацыі Беляўцы працягвалі працаваць на сваёй гаспадарцы, падымаючы дзяцей, разам з аднавяскоўцамі ўстойліва пераносячы ўсе нягоды і пазбаўленні ваеннага часу. Пасля вызвалення Камянецкага раёна ў ліпені 1944 г. пайшлі на фронт муж і яе старэйшы брат, які загінуў у першых баях пад Варшавай. Сяргей Дзмітрыевіч вярнуўся з вайны інвалідам.

 

У верасні 1949 г. у Баранках быў заснаваны першы калгас імя Суворава, у які запісаліся і Беляўцы. Ганна Белявец працавала паляводам па тэхнічных культурах. Па сямейных абставінах сям’я пераехала на жыхарства ў в. Відамля, дзе ішло станаўленне сельскагаспадарчай арцелі (калгаса) «Кастрычнік». Да канца 1950 г. калгас «Кастрычнік» павялічыўся за кошт аб’яднання ўсіх невялікіх арцеляў у акрузе. С. Д. Белявец узначаліў у калгасе паляводчую брыгаду, а Ганна Андрыянаўна была прызначана звеннявой па тэхнічных культурах.

 

Пасля вайны на беларускія палі прыйшла такая экзатычная расліна, як кок-сагыз, які змяшчаў у сваім карэнні каўчук. Ва ўмовах, калі краіна востра мела патрэбу ў сыравіне, а прамысловасць не асвоіла выпуск сінтэтычнага каўчуку, кок-сагыз стаў адным з трох натуральных каўчуканосаў, уведзеных у культуру. Спачатку звяно Г. А. Белявец вырошчвала кок-сагыз, а пазней — лён і каноплі. У той час уся праца ў паляводстве выконвалася ўручную, таму Ганне Андрыянаўне ўласным прыкладам самаадданай працы даводзілася весці за сабой падначаленых, каб павысіць ураджайнасць на сваім участку.

 

Напружаная праца звяна на чале з Г. А. Белявец стала прыносіць свой плён, паступова расла ўраджайнасць на палях. Кожны год Ганна Андрыянаўна з сяброўкамі сталі атрымліваць ад калгаснага праўлення і раённага кіраўніцтва граматы і каштоўныя падарункі, былі ўдастоены права ўдзельнічаць у рабоце Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Галоўным выставачным камітэтам звеннявая Г. А. Белявец была ўзнагароджана каштоўным падарункам — швейнай машынкай, медалямі ВДНГ СССР.

 

У 1957 г. перадавая калгасніца ўступіла ў КПСС. Была делэгатам ХХІ з’езда КПСС (1959).

 

У канцы 1950-х гг. звяно Ганны Белявец было пераарыентавана на вырошчванне новай для гаспадаркі палявой культуры — кукурузы цукровай. Гэта была новая расліна не толькі для калгасных аграномаў, але і для большасці беларускіх вучоных у галіне земляробства. Кукуруза апынулася складанай па агратэхніцы, давялося збіраць вопыт кукурузаводаў Украіны і Кубані.

 

Дзякуючы неймаверным працоўным намаганням усяго звяна Ганны Белявец, удалося выгадаваць кукурузу вышэй за чалавечы рост, што было неверагодным для тых умоў. Паглядзець на нябачны па тых часах ураджай маладой культуры прыязджалі з усіх куткоў Беларусі, а таксама кіраўнікі некалькіх калгасаў суседняй рэспублікі. Прыязджалі нават навукоўцы, каб на свае вочы ўбачыць гіганцкія расліны, вымераць іх даўжыню і таўшчыню.

 

Ураджайнасць кукурузы ў той шчодры год склала больш за 100 ц/га. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 сакавіка 1960 г. за выдатныя дасягненні ў працы і асабліва плённую грамадскую дзейнасць Ганне Андрыянаўне Белявец прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

 

Неўзабаве пасля прысваення звання Г. А. Белявец была вымушана змяніць прафесію. З кастрычніка 1960 па ліпень 1975 г. працавала старшынёй Відамлянскага сельсавета. Узначалены ёю сельсавет выканаў вялікую работу па добраўпарадкаванні вёскі, умацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, пашырэнні сеткі культурна-бытавых аб’ектаў. Клопату старшыні хапала: рамонт дамоў, дарог, агароджаў, чыстыя калодзежы, дровы для настаўнікаў і іншыя пытанні. Добрасумленнай працай, штодзённым клопатам пра людзей, чуласцю і спагадлівасцю Ганна Андрыянаўна заслужыла павагу насельніцтва.

 

У ліпені 1975 г. Г. А. Белявец выйшла на заслужаны адпачынак, але не сядзела склаўшы рукі — працавала малаказдатчыцай у калгасе. Персанальны пенсіянер саюзнага значэння. Памерла 24 сакавіка 1995 г., пахавана на могілках в. Баранкі.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Белевец Анна Андриановна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 72.
  2. Белевец Анна Андреевна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 41.
  3. Белевец Анна Андриановна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 49.
  4. Белявец Ганна Андрыянаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 73.
  5. «Кастрычнік» : [гісторыя калгаса] // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 470.
  6. Курылева, С. Кукурузный лес : [очерк о А. А. Белевец] / С. Курылева // Земные звезды : [очеркио Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 25–32.
  7. Белявец Ганна Андрыянаўна : [некралог] // Навіны Камянеччыны. 1995. 29 сакавіка.
  8. Курылёва, С. Доблесць жанчыны : нарыс / С. Курылёва // Ленінец. Камянец, 1977. 16 красавіка.
  9. Белевец, А. А. Звено выполняет свое обязательство : [из опыта кукурузоводов колхоза «Октябрь» Каменецкого района] / А. А. Белевец // Кукуруза. 1960. № 8. С. 3–4.
  10. Белевец, А. 1500 центнеров с гектара будет! / А. Белевец // Заря. 1960. 16 апреля.
  11. Краснов, В. В звене Героя Социалистического Труда [А. А. Белевец] / В. Краснов // Заря. 1960. 25 марта.
  12. Анна Андриановна Белевец Герой Социалистического Труда // Заря. 1960. 8 марта.
  13. Шиманский, Ф. Только механизированным способом : [о работе звена А. А. Белевец колхоза «Октябрь» Каменецкого района] / Ф. Шиманский // Заря. 1959. 11 февраля.
  14. Белевец, А. А. За 1800 центнеров зеленой массы с початками с каждого гектара / А. А. Белевец // Кукуруза. 1959. № 3. С. 6.

 

 

Чытаць 1110 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Чэрвень 2020 12:52