Панядзелак, 15 Чэрвень 2020 16:30

27 лютага 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Мікалая Пятровіча Мачанскага (1955), лётчыка, палкоўніка, грамадскага дзеяча

            Мікалай Пятровіч Мачанскі нарадзіўся 27 лютага 1955 г. у вёсцы Белінок Асавецкага сельсавета Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Белінскай сярэдняй школы ў 1972 г. марыў вучыцца на лётчыка, але ў ваеннае лётнае вучылішча не прынялі. Мікалай паступіў у Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча.

 

 

Па заканчэнні вучылішча ў 1975 г. лейтэнанта Мікалая Мачанскага накіравалі ў авіяцыйны полк Паўднёвай групы войск (Венгрыя). Служыў тэхнікам па электронным абслугоўванні знішчальнікаў МіГ. Там прайшло яго станаўленне як афіцэра. Пасля была служба ў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акрузе. Расло майстэрства, добрыя адносіны складваліся з падначаленымі, але маёр М. П. Мачанскі вырашыў здзейсніць мару — стаць пілотам.

 

У 1981 г. упершыню падняў у неба верталёт. У 1984 г. здаў экстэрнам экзамены за курс у Сызранскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў і атрымаў дыплом афіцэра-верталётчыка. У гэтым жа годзе паступае завочна ў Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна. Слухача акадэміі маёра М. П. Мачанскага прызначылі намеснікам камандзіра эскадрыллі па палітычнай частцы.

 

М. П. Мачанскага накіравалі для праходжання службы ў часці, размешчаныя ў ГДР. Там яму давялося асвойваць новую тэхніку — верталёт Мі-24. У хуткім часе падпалкоўнік М. П. Мачанскі ўзначаліў палітаддзел 485-га асобнага верталётнага палка ў гарнізоне Брандзіс каля Лейпцыга.

 

Неўзабаве прыйшоў загад вывесці полк у Расію. Знікла дзяржава Савецкі Саюз — ішло масавае скарачэнне арміі. Мікалаю Пятровічу прапаноўвалі высокую пасаду ў расійскай ваеннай авіяцыі, але ён напісаў рапарт на звальненне і вярнуўся ў Беларусь.

 

У 1997 г. Мікалай Мачанскі ўзначаліў рэспубліканскі аэраклуб ДТСААФ, які знаходзіўся ў пас. Баравая Мінскага раёна. Матэрыяльная частка клуба была ў кепскім стане, большасць машын патрабавалі капітальнага рамонту. Разам з аднадумцамі давялося з нуля ствараць інфраструктуру і матэрыяльную базу. Вынік — высокія дасягненні пілотаў і парашутыстаў клуба на міжнародных спаборніцтвах па авіяцыйных відах спорту, шматлікія рэкорды. Лётчык 1-га класа М. П. Мачанскі не пераставаў вучыцца лётнай справе, засвоіў сем тыпаў верталётаў і два самалётаў, выканаў 365 скачкоў з парашутам. За шматгадовую плённую працу, прафесійнае майстэрства і асабісты ўклад у развіццё авіяцыйных відаў спорту М. П. Мачанскі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны (2010).

 

У 2014 г. у Палацы Рэспублікі прайшло ўрачыстае святкаванне 80-годдзя Мінскага аэраклуба. Прысутнічалі шматлікія госці, у т. л. лётчык-касманаўт П. І. Клімук, тэлевядучы Л. А. Якубовіч, аднакласнікі Мікалая Мачанскага. На авіяцыйна-спартыўным свяце на аэрадроме Баравая прысутнічаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Г. Лукашэнка.

 

Падчас трэніровачнага палёту 6 мая 2018 г. на новым верталёце загарэўся рухавік. Адводзячы машыну далей ад дачных участкаў, М. П. Мачанскі пачаў самастойна тушыць пажар і ратаваць тэхніку, не дапусціў перарастання аварыйнай сітуацыі ў катастрофу. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2018 г. начальнік вучэбна-спартыўнай установы «Мінскі аэраклуб імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцаўца» рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь» М. П. Мачанскі ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць».

 

Пры аэраклубе працуе музей авіяцыйнай тэхнікі, ініцыятарам стварэння якога стаў М. П. Мачанскі. У экспазіцыі музея — авіятэхніка самых розных відаў і класаў. Дэманстрацыйная плошча экспазіцыі складае 2 га, дзе прадстаўлены 46 самалётаў і верталётаў, іншая тэхніка. Мікалай Пятровіч беражліва захоўвае памяць аб Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Садзейнічаў аднаўленню самалёта По-2 узору 1934 г., на якім ваявалі савецкія лётчыкі, быў адным з ініцыятараў стварэння дакументальнага фільма пра жаночы авіяполк «Незабудки. Бессмертный авиаполк» (2019).

 

У аэраклубе праходзяць авіяцыйна-спартыўныя святы; спаборніцтвы абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў па парашутным і авіямадэльным спорце, дэманстрацыйныя палёты авіяцыі. Аэраклуб дае магчымасць прыняць удзел у аглядных палётах на верталёце Мі-2, самалётах Як-52, Ан-2, здзейсніць скачкі з парашутам. На тэрыторыі аэраклуба размешчаны спартыўна-забаўляльны цэнтр.

 

Мікалай Мачанскі — лаўрэат спецыяльнай прэміі Мінскага аблвыканкама «Чалавек года Міншчыны – 2017» у намінацыі «Невытворчая сфера». У Мікалая Пятровіча тры сыны. Старэйшы, Аляксей, — былы ваенны лётчык, падпалкоўнік запаса, майстар спорту, член зборнай Беларусі па верталётным спорце, лётчык авіякампаніі «Белавія». Валерый — прадпрымальнік, інструктар-парашутыст, мае каля 2 тыс. скачкоў з парашутам.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат.

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Салук, Н. В. Николай Мочанский: «Взлет разрешаю!» / Наталья Владимировна Салук. – Минск : Пачатковая школа, 2012. – 344 с. : ил.
  2. Салук, Н. В. Минский аэроклуб, 1934–2014 / Наталья Салук ; Минский аэроклуб им. дважды Героя Советского Союза С. И. Грицевца ДОСААФ Беларуси. – Минск : Дивидимедиа, 2014. – 487 с.
  3. Корсак, Д. Любовь к небу : [о Минском аэроклубе ДОСААФ] / Дмитрий Корсак // Минщина : легенды, события, люди / Дмитрий Корсак. Минск, 2011. С. 284–287.
  4. Рассафонов, А. Николай Мочанский приземлился в Новой Попине : [Н. П. Мочанский встретился с учениками Новопопинской средней школы] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2020. 14 сакавіка. С. 4.
  5. Трофименко, Г. Полковник Вихрь : [о лётчике, начальнике Центрального аэроклуба ДОСААФ Н. П. Мочанском] / Галина Трофименко ; фото Светланы Курейчик // Союзное государство. 2019. № 11. С. 4851.
  6. Подлужный, П. Гордимся нашим земляком! : [Н. П. Мочанский награждён орденом «За личное мужество»] / Пётр Подлужный // Драгічынскі веснік. 2019. 13 ліпеня. С. 12.
  7. Мечная, Н.«За мечту надо бороться!»: [о лётчике Н. П. Мочанском] / Наталья Мечная // Заря. 2019. 9 февраля. С. 8–9 : фот.
  8. Мечная, Н. О небе, вертолетах и мужестве : [о встрече Н. П. Мочанского со школьниками в Дрогичинском районе] / Наталья Мечная // Заря. 2019. 26 января. С. 15.
  9. Курец, А. Леонид Якубович прилетел на вертолете : [по приглашению Н. П. Мочанского на Дрогичинщине побывал телеведущий Л. А. Якубович] / А. Курец // Сельская газета. 2018. 16 октября. С. 10.
  10. Куценко, О. Звезда телеэкрана вживую : [телеведущий Л. А. Якубович по приглашению Н. П. Мочанского побывал на Дрогичинщине] / О. Куценко // Драгічынскі веснік. 2018. 17 кастрычніка. С. 1–2 : фат.
  11. Солонец, Г. Николай Мочанский: «У меня было 45 секунд, чтобы спасти вертолет» / Григорий Солонец // Мінская праўда. 2018. 13 ліпеня. С. 5.
  12. Нікіфарава, С. Калі моцна захацець, можна ў космас паляцець : [пра навучэнцаў гімназіі № 2 г. Мінска, якія з дапамогай М. П. Мачанскага сябруюць з лётчыкамі і касманаўтамі] / Святлана Нікіфарава // Настаўніцкая газета. 2017. 30 верасня. С. 21 : фат.
  13. Ткачук, Н. Хлеб-соль для Олега Новицкого : [героя Российской Федерации, космонавта-испытателя, полковника О. Новицкого пригласил в Дрогичинский район начальник Минского аэроклуба ДОСААФ Н. П. Мочанский] / Нина Ткачук // Драгічынскі веснік. 2017. 16 верасня. С. 1, 4 : фот.
  14. Николай Мочанский: «Без полетов не представляю жизни» // Мінская праўда. 2017. 25 сакавіка. С. 14.
  15. Дроб, А. Звездные братья попали в историю : [в Минском аэроклубе ДОСААФ открылся павильон «Космос», в будущем экспозиция может получить статус музея авиации и космонавтики] / А. Дроб // СБ. Беларусь сегодня. 2016. 30 июня. С. 6 (приложение: Союз. Беларусь – Россия).
  16. Рассафонов, А. Под куполом парашюта : [награды и поздравления от начальника Минского аэроклуба Н. П. Мочанского получила учащаяся гимназии г. Дрогичина] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2016. 17 снежня. С. 13 : фот.
  17. Жук, И. И в небе появилось сердце... : [о 80-летии Минского аэроклуба ДОСААФ] / Игорь Жук // Армия. 2014. № 4. С. 1415.
  18. Подлужный, П. Классный авиатор : [полковник Н. П. Мочанский] / Петр Подлужный // Драгічынскі веснік. 2014. 27 снежня. С. 6.
  19. Гранік, С. Дарога ў неба : [пра лётчыка М. Мачанскага] / Сяргей Гранік // Літаратура і мастацтва. 2012. 12 кастрычніка (№ 41). С. 10 : фат.
  20. Граник, С. Дорога в небо Николая Мочанского / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2012. 8 снежня. С. 4.
  21. Макаров, А. История авиации — под Минском : [о музее авиационной техники в Минском аэроклубе ДОСААФ] / Александр Макаров // Армия. 2009. № 3. С. 28–30.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 225 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Чэрвень 2020 16:45