Панядзелак, 29 Чэрвень 2020 10:02

19 кастрычніка 2020 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Антонавіча Антанюка (1895–1961), ваеннага дзеяча, генерал-лейтэнанта, удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Максім Антонавіч Антанюк нарадзіўся 19 кастрычніка 1895 г. у вёсцы Мацы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З 1912 г. працаваў на караблях гандлёвага флоту Рыжскага таварыства параходства: юнга, матрос, качагар.

 

У чэрвені 1915 г. Максім Антанюк мабілізаваны на ваенную службу. У красавіку 1916 г. закончыў 3-ю Маскоўскую школупрапаршчыкаў і прызначаны малодшым афіцэрам у запасны батальён у Нарве. У кастрычніку 1916 г. накіраваны ў дзеючую армію. Ваяваў на Паўночным фронце ў складзе 56-га Сібірскага стралковага палка 3-й Сібірскай стралковай дывізіі. У тым жа годзе закончыў курсы пры 6-м Сібірскім сапёрным батальёне і пераведзены ў 72-і Сібірскі стралковы полк: малодшы афіцэр разведкі і сувязі палка ваяваў пад Рыгай; у канцы 1916 г. — падпаручнік.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Максім Антанюк арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць, бальшавіцкую агітацыю, аднак быў вызвалены працоўнымі атрадамі і выехаў у Петраград. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе. З кастрычніка 1917 г. у Чырвонай гвардыі, камандзір 2-га Кранштацкага атрада, удзельнік баёў супраць генерала Краснова пад Царскім Сялом.

У Грамадзянскую вайну 1918–1920 гг. — памочнік камандзіра палка, камандзір батальёна Паўднёвай групы войскаў 5-й арміі, 10-й Камышынскай і іншых дывізій. Пасля грамадзянскай вайны камандзір 5-й Віцебскай, 3-й Крымскай стралковых дывізій, намеснік генерал-інспектара пяхоты Чырвонай арміі.

У кастрычніку 1920 г. М. А. Антанюк накіраваны на вучобу ў Акадэмію Генштаба Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. У чэрвені 1921 г. камандзіраваны на Туркестанскі фронт, дзе камандаваў 136-й асобнай пагранічнай брыгадай Усерасійскай надзвычайнай камісіі. Па вяртанні з кастрычніка 1921 г. прадоўжыў вучобу.

Па завяршэнні вучобы ў жніўні 1924 г. М. А. Антанюк прызначаны камандзірам 4-й Туркестанскай стралковай дывізіі, адначасова з’яўляўся начальнікам войскаў Сярэдняй і Заходняй Бухары. З лістапада 1925 г. — камандзір 5-й Віцебскай стралковай дывізіі імя чэхаславацкага пралетарыята, з кастрычніка 1927 г. — камандзір і ваенкам 3-й Крымскай стралковай дывізіі.

Член ЦВК Узбекістана ў 1925 г., ЦВК БССР у 1927 г. Закончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе ў 1927 г.З кастрычніка 1930 г. — выкладчык Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе. 4 чэрвеня 1940 г. М. А. Антанюку прысвоена званне генерал-лейтэнанта, ён быў прызначаны начальнікам пяхоты Чырвонай арміі.

У Вялікую Айчынную вайну М. А. Антанюк — камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на іншых камандных пасадах. У чэрвені 1944 г. залічаны ў групу афіцэраў пры Маршале Савецкага Саюза Г. К. Жукаве. З лютага 1945 г. да канца вайны знаходзіўся ў распараджэнні Ваеннага савета 1-га Беларускага фронту. Пасля вайны — намеснік камандуючага войскамі Львоўскай ваеннай акругі. 31 студзеня 1947 г. звольнены ў запас па хваробе.

Узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1922, 1938, 1944), ордэнамі Суворава II ступені (1945), Айчыннай вайны I ступені (1943), медалямі, польскім Грунвальдскім крыжом II ступені.

М. А. Антанюк памёр 30 ліпеня 1961 г., пахаваны на Новадзявочых могілках г. Масквы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Антанюк Максім Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 382.
  2. Антанюк Максім Антонавіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 49.
  3. Антонюк Максим Антонович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 22.
  4. Корнилович, Э. А. Антонюк Максим Антонович / Э. А. Корнилович // Беларусь: созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 301.
  5. Антонюк Максим Антонович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 122.
  6. Долготович, Б. Д. Антонюк Максим Антонович / Б. Д. Долготович // Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 110.
  7. Антонюк Максим Антонович // Великая Отечественная. Командармы : военный биографический словарь. Москва, 2005. С. 14–15.
  8. Антонюк Максим Антонович // Русский архив: Великая Отечественная. Москва, 1993. Т. 1. С. 314–317.
  9. Антанюк Максім Антонавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 39.
  10. Антонюк Максим Антонович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 28.
  11. Антанюк Максім Антонавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 31.
  12. 125 гадоў з дня нараджэння М. А. Антанюка // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 131–132.
  13. Антанюк Максім Антонавіч // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2019. № 9. С. 5 (дадатак: Беларускі каляндар, 2020).
  14. М. А. Антонюк : [некролог] // Красная звезда. 1961. 4 августа.
Чытаць 137 разоў