Панядзелак, 29 Чэрвень 2020 10:11

7 ліпеня 2020 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Ільіча Гапасюка (1930–2005), астрафізіка, доктара фізіка-матэматычных навук, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Украіны

Сцяпан Ільіч Гапасюк нарадзіўся 7 ліпеня 1930 г. у вёсцы Лягаты Кобрынскагапавета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці)у сялянскай сям’і. Яго старэйшыя сёстры Ганна і Вольга не атрымалі адукацыі: з ранніх гадоў дзеці разам з бацькамі, Ільёй Адамавічам i Агаф’яй Лявонцьеўнай, працавалі ў полі і з жывёлай. Сцяпану таксама даводзілася рабіць усё неабходнае па гаспадарцы, але ў яго былі выдатныя здольнасці, дапытлівасць і неверагодная цяга да ведаў, у кожную вольную хвіліну шмат чытаў.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны Cцяпан Гапасюк з 1942 па 1944 г. знаходзіўся ў партызанскай брыгадзе імя Чапаева, удзельнічаў у ваенных аперацыях. Пасля вайны юны партызан быў узнагароджаны ордэнам.

Вучыўся ў СШ № 1 г. Кобрына. Адоранага і таленавітага вучня накіроўваў і падтрымліваў любімы настаўнік рускай мовы і літаратуры Міхаіл Ільіч Кірылаў, заслужаны настаўнік БССР, удзячнасць да якога ён пранёс праз усё жыццё. Два апошнія класы Сцяпан закончыў за адзін год, у 1949 г. экстэрнам здаў экзамены за курс сярэдняй школы.Паспяхова былі здадзеныя і ўступныя іспыты, Сцяпан Гапасюк стаў студэнтам фізічнага факультэта Львоўскага ўніверсітэта імя І. Франко.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1954 г. С. І. Гапасюк прыехаў на працу ў Крымскую астрафізічную абсерваторыю Акадэміі навук СССР, дзе і прайшло ўсё яго наступнае жыццё. У абсерваторыі мелася магчымасць правядзення комплексных назіранняў успышак на Сонцы. Адначасова вяліся назіранні ў радыё-дыяпазоне, спектральныя і іонасферныя назіранні. У выніку была пабудавана тэарэтычная мадэль успышкі, распрацаваны метады прагнозу ўспышак, што мела значэнне пры палётах спутнікаў.

Сваю навуковую дзейнасць С. І. Гапасюк пачаў на тэлескопах КГ-1 і БСТ-1. У 1963 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Развитие вспышек и магнитные поля на Солнце», а ў 1975 г. — доктарскую «Магнитные поля и движения в атмосфере Солнца».

Навукоўцу давялося сустракацца і з канструктарам Сяргеем Каралёвым, і з першым касманаўтам Юрыем Гагарыным, бо перад палётам на нейкім этапе ўсе касманаўты праходзілі падрыхтоўку ў Крымскай абсерваторыі, дзе С. І. Гапасюк і яго калегі чыталі ім лекцыі.

З 1967 г. С. І. Гапасюк з’яўляўся членам Міжнароднага астранамічнага саюза (МАС), двойчы выбіраўся членам прэзідыума камісіі 12 МАС, што, безумоўна, сведчанне міжнароднага прызнання яго навуковай дзейнасці. У 1987–1989 гг. Сцяпан Ільіч узначальваў лабараторыю фізікі Сонца, з 1989 г. стаў галоўным навуковым супрацоўнікам Крымскай астрафізічнай абсерваторыі.

Навуковая дзейнасць С. І. Гапасюка была накіравана на рашэнне фундаментальных праблем фізікі Сонца. Сцяпан Ільіч апублікаваў больш за 200 навуковых работ, якія прызнаны сусветнай грамадскасцю. Ім напісаны агляд па сонечнай электрадынаміцы і манаграфія па фізіцы Сонца (у суаўтарстве). Яго працы ўнеслі вялікі ўклад у разуменне фізічных працэсаў, якія праходзяць на Сонцы і ў касмічнай прасторы.

С. І. Гапасюк быў актыўна працуючым астрафізікам сусветнага ўзроўню. Ён надаваў вялікую ўвагу мадэрнізацыі наглядальных прылад абсерваторыі, укараненню новай тэхнікі. З вялікай упэўненасцю можна казаць пра яго значны ўклад у сусветную навуку. Шматлікія яго работы і адкрыцці пацверджаны даследнікамі іншых краін.

Шмат намаганняў Сцяпан Ільіч прыкладаў да падрыхтоўкі маладых спецыялістаў не толькі Крымскай абсерваторыі, але і супрацоўнікаў іншых навуковых устаноў. Ён падрыхтаваў больш за 10 аспірантаў з Украіны, Расіі, Узбекістана, Венгрыі, 6 з якіх сталі кандыдатамі навук. Кіраваў навуковымі праектамі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны і быў аўтарам двух касмічных праектаў. З’яўляўся членам навуковай рады Крымскай астрафізічнай абсерваторыі, членам рэдкалегіі навуковага часопіса «Известия Крымской астрофизической обсерватории», членам Экспертнай Рады па астраноміі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Украіны, членам Навуковай рады па праблеме «Астраномія» аддзялення фізікі і астраноміі НАН Украіны.

Навуковая дзейнасць С. І. Гапасюка атрымала прызнанне і высокую адзнаку. У 2000 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны». У кнізе «500 асоб Крыма» з цыкла «Жыццё выдатных людзей Крыма» яму прысвечана частка старонак. Імем С. І. Гапасюка названа адна з малых планет (8783 Gopasyuk), адкрытая 13 сакавіка 1977 г.

С. І. Гапасюк памёр 8 жніўня 2005 г. За сваё жыццё ён, несумненна, паспеў зрабіць шмат, аднак некаторыя тэмы навуковых даследаванняў так і не паспеў завяршыць. Працу над імі прадоўжыла дачка навукоўца, Вольга Сцяпанаўна Гапасюк, кандыдат фізіка-матэматычных навук (2000).

5–11 верасня 2010 г. у п. Навучны Бахчысарайскага раёна адбылася навуковая канферэнцыя «Физика солнечной плазмы и активность Солнца», прысвечаная памяці С. І. Гапасюка ў сувязі з 80-годдзем з дня нараджэння.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы С. І. Гапасюка

  1. Структура элементов общего магнитного поля Солнца / С. И. Гопасюк, Л. Б. Демкина. – Москва : ИЗМИРАН, 1986. – 22 с.
  2. Структура магнитного поля активной области по наблюдениям с магнитографом в Крыму / С. И. Гопасюк, О. С. Гопасюк // Известия Крымской астрофизической обсерватории. 2007. Т. 103, № 2. С. 166–176.
  3. Возможности исследования магнитных структур в подфотосферных слоях Солнца / С. И. Гопасюк, О. С. Гопасюк // Кинематика и физика небесных тел. 2005. Т. 21, № 4. С. 257–266.
  4. Эволюция активной области и ее крупномасштабных токовых структур / С. И. Гопасюк и др. // Известия Крымской астрофизической обсерватории. 1985. Т. 72.
  5. О роли сжатия и расширения области генерации в синхротронном радиоизлучении / С. И. Гопасюк // Известия Крымской астрофизической обсерватории. 1969. Т. 39.
  6. Временные изменения структуры поперечного магнитного поля в группах пятен и оптические явления / С. И. Гопасюк // Известия Крымской астрофизической обсерватории. 1965. Т. 33.

 

Аб жыцці і дзейнасці С. І. Гапасюка

  1. 90 гадоў з дня нараджэння С. І. Гапасюка (1930) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 135.
  2. Степанян, Н. Н. Памяти Степана Ильича Гопасюка / Н. Н. Степанян // Известия Крымской астрофизической обсерватории. 2011. Т. 107, № 1. С. 219–223.
  3. Курачук, С. Астрафізік з сусветным іменем / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. 2018. 27 студзеня. С. 4.
  4. Сарычев, В. Школа моей мамы : [о СШ № 1 г. Кобрина, которую окончил С. Гопасюк] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2010. 10 ноября. C. I–II (приложение: Вечерочка).
  5. Его именем названа планета : ими гордится Кобрин // Кобрин-информ. 2009. 17 сентября. С. 27.
  6. Шевченко, А. Наука для него была всем / Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2006. 7 декабря. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 201 разоў