Панядзелак, 29 Чэрвень 2020 10:15

5 лютага 2020 г. — 5 гадоў з дня адкрыцця Музея хлеба ў аг. Моталь (Іванаўскі р-н; 2015)

Музей хлеба ў аг. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ўрачыста адкрыты 5 лютага 2015 г. Створаны музей па грантавай праграме праекта USAID/ПРААН «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» на базе прыватнага прадпрыемства, якое спецыялізуецца па вытворчасці хлебабулачных вырабаў «Аникс Саниа». Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Міхайлавіч Ваўрук, прадстаўнікі райвыканкама і грамадскасці, каардынатар праекта Вадзім Пракапчук.

 

На прадпрыемстве «Аникс Саниа» працуе 17 чалавек. За год вырабляюць 270 т кандытарскіх вырабаў — больш за 30 найменняў пячэння. Па выніках работы за 2014 г. працоўны калектыў прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Аникс Саниа» быў прызнаны пераможцам у раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці з занясеннем на Дошку Пашаны. Дырэктар прадпрыемства — Мікалай Фёдаравіч Стасевіч, мясцовы ўраджэнец.

Знаходзіцца Музей хлеба ў ветраным млыне, які рэканструяваны майстрам Аляксандрам Мацукевічам побач з Музеем народнай творчасці (адкрыты ў 1995 г.). У «ветраку» ў 2008 г. была створана музейная экспазіцыя «Млынарства ў акрузе».

Хлеб — не проста прадукт. Гэта гісторыя краіны, яе культура, звычаі і традыцыі. У экспазіцыі Музея хлеба прадстаўлены старадаўнія прылады, якія выкарыстоўваліся для вырошчвання зерня і хлебапячэння ў ХIХ–ХХ стст.: плугі, сярпы, малацільныя цапы, жорны, саламяныя карзіны, квашні, дзежы і іншыя экспанаты. Сабраны ўнікальныя рэцэпты ад мотальскіх старажылаў.

Для арганізаваных груп уладальнікі музея правядуць кулінарны майстар-клас і пазнаёмяць з беларускімі абрадамі. Навучаць, як змалоць муку, замясіць цеста і выпекчы сапраўдны хлеб. Эскурсавод музея раскажа пра асаблівасці хлеба, які выпякалі на Палессі на розныя святы, аб рытуалах, спадарожных працэсу. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае абрад «Вясельны каравай», які можна паглядзець у выкананні народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра «Мотальскія суседзі» альбо ў відэазапісе.

Каравайная традыцыя захоўваецца ў Моталі здаўна. На вяселле запрашаюць жанчын-каравайніц, якія ў дамах жаніха і нявесты выпякаюць каравай і хлеб, які называюць тут «гаспадаром». Гэты дзіўны хлеб могуць выпякаць толькі замужнія, паважаныя і дамавітыя жанчыны, якія маюць дзяцей — сына і дачку. Мотальцы лічаць, што ад выбару каравайніц у многім залежыць лёс маладой сям’і. Увесь працэс суправаджаецца абрадавымі песнямі, малітвамі і бласлаўленнямі. Калі каравай гатовы, яго ўпрыгожваюць кветкамі і стужкамі, а пасля вяселля гэтыя ўпрыгажэнні, як рэліквіі, захоўваюцца ў сям’і. Вясельная каравайная традыцыя Моталя ў 2015 г. была прызнана нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі.

Адзіны ў Брэсцкай вобласці Музей хлеба выклікае вялікую цікавасць у гасцей міжнароднага кулінарнага фестывалю «Мотальскія прысмакі». Разам з аграсядзібай «Мотальская Венецыя» і іншымі сацыяльна-культурннымі аб’ектамі з’яўляецца часткай турыстычнай дэстынацыі «Мотальскі шлях», якая рэалізуецца ў Брэсцкай вобласці з мэтай развіцця турыстычнага патэнцыялу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Хлеб Беларуси = Belarusian Bread : [фотоальбом / фото: А. П. Дрибас, К. В. Ларьков, А. Г. Шаблюк]. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2015. – 28, [3] с. : фот. – (Кола жыцця).
  2. Кривецкая, Н. Сладкий стол от «Аникс Саниа» : [о предприятии «Аникс Саниа» аг. Мотоль Ивановского района] / Наталья Кривецкая ; фото автора и Валерия Короля // Заря. 2018. 6 января. С. 7.
  3. Катовіч, А. Цуд Палесся Мотальскі каравай / Аксана Катовіч, Янка Крук // Звязда. 2016. 25 кастрычніка. С. 8 : фат.
  4. Федорук, М. Вкусное печенье, музей хлеба и «Венеция» : [о предприятии «Аникс Саниа» и музее хлеба в аг. Мотоль] / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 7 жніўня. С. 5.
  5. Крэйдзіч, А. Вясельная каравайная традыцыя вёскі Моталь Іванаўскага раёна / Анатоль Крэйдзіч ; фота Валерыя Міхальчука // Астрамечаўскі рукапіс. Брэст, 2015. № 2. С. 14–15.
  6. Умпирович, Д. На такой каравай рот пошире разевай : корреспонденты «СОЮЗа» побывали в кулинароной столице Беларуси полесском агрогородке Мотоль / Дмитрий Умпирович // Советская Белоруссия. 2015. 14 мая. С. 8 (приложение: Союз. Беларусь Россия ; № 18).
  7. Марчук, Н. Местечковое село Мотоль / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2015. 19 марта (№ 12). С. 11.
  8. Федарук, М. Дом, дзе жыве хлеб : [яшчэ адзін музей адкрыўся ў Моталі] / Марыя Федарук // Народная трыбуна. 2015. 20 лютага (№ 8). С. 11.
  9. Котковец, А. От колоса до пирога : [в Мотоле открылся музей хлеба] / Алла Котковец // Заря. 2015. 14 февраля. С. 9.
  10. Федорук, М. В Мотоле открыт музей хлеба / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 13 лютага (№ 7). С. 5. 
  11. Хоміч, І. Музей хлеба ў кажушным краі : новая мотальская атракцыя : [пра адкрыццё грамадскага музея хлеба ў аг. Моталь Іванаўскага раёна] / Іна Хоміч // Брестский курьер. 2015. 12 февраля (№ 7). С. 24.
  12. Курец, А. Музей хлеба открылся в Мотоле / Александр Курец ; фото Марии Федорук // Сельская газета. 2015. 7 февраля. С. 5.
  13. В Мотоле 5 февраля открылся музей хлеба // Брестская газета. 2015. 6 февраля (№ 6). С. 2.
  14. Казловіч, В. Пачастункі па старажытных рэцэптах : у вёсцы Моталь, што на Брэстчыне, створаны Музей хлеба / Валянціна Казловіч // Беларусь. 2015. № 3. С. 32–33.
  15. Александров, А. Туристическая панацея, или Агроэкотуризм в действиии : [пресс-тур проекта USAID, в рамках инициативы ПРООН «Местное предпринимательство и экономическое развитие»] / Антон Александров // Брестский вестник. 2014. 18 сентября (№ 38). С. 19.
  16. Федарук, М. Абрад па-мотальску, або Як зрабіць шлюб шчаслівым : [пра каравайную традыцыю ў в. Моталь Іванаўскага раёна] / Марыя Федарук // Народная трыбуна. 2014. 10 студзеня (№ 2). С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 160 разоў