Панядзелак, 29 Чэрвень 2020 10:24

22 лютага 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Фёдара Сямёнавіча Кунькова (1900–1969), удзельніка Грамадзянскай вайны, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Пінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну

Фёдар Сямёнавіч Кунькоў нарадзіўся 22 лютага 1900 г. у вёсцы Сухое Бродніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Рудскага сельсавета Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і селяніна. З надыходам фронту Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася на Смаленшчыну. У г. Раслаўлі Фёдар Кунькоў уладкаваўся працаваць на чыгуначную станцыю.

 

У васямнаццаць гадоў добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, у складзе 2-й Данской дывізіі 9-й арміі ваяваў супраць дзянікінцаў, служыў у 1-й Маскоўскай пралетарскай дывізіі.

Пасля Грамадзянскай вайны, з 1922 г. Фёдар Кунькоў працаваў на чыгунцы ў Калінкавічах, адначасова вучыўся ў школе. У 1929 г. прыняты ў партыю. У 1933–1935 гг. вучыўся ў Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе імя У. І. Леніна ў Мінску. Затым працаваў дырэктарам Беларускага літаратурнага фонду праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Многія літаратары ведалі Фёдара Сямёнавіча як клапатлівага і добрасумленнага работніка. Пастаянныя сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй мелі немалаважнае значэнне і для яго самога.

У верасні 1939 г. Ф. С. Кунькоў сярод тысяч савецкіх спецыялістаў быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь. Прыехаў у Пінск, працаваў па арганізацыі прамысловасці, а калі быў сфарміраваны Пінскі аблвыканкам, яго назначылі начальнікам аддзела мясцовай прамысловасці.

З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ф. С. Кунькоў актыўна ўдзельнічаў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Быў адным з арганізатараў першага на Піншчыне партызанскага атрада, якім камандаваў Васіль Захаравіч Корж. 28 чэрвеня 1941 г. гэты атрад прыняў свой першы бой з гітлераўцамі ля в. Падбалоцце.

У канцы 1942 г. падпольны абкам КП(б)Б і штаб злучэння пінскіх партызан прызначылі начальнікам міжраённага штаба партызанскага руху і сакратаром Іванаўскага падпольнага райкама партыі Ф. С. Кунькова, які ўзначаліў работу па арганізацыі падполля ў Пінскім, Іванаўскім, Драгічынскім і Жабчыцкім раёнах. Базай штаба стаў атрад імя Лазо, які ўвайшоў пасля ў склад Пінскай партызанскай брыгады (камандзір Іван Георгіевіч Шубітыдзэ). Цесная сувязь з партызанамі надала падпольнай барацьбе мэтанакіраванасць і арганізаванасць. Дзякуючы каардынацыі дзеянняў, патрыёты наносілі ўсё больш адчувальныя страты акупантам: паралізавалі працу прадпрыемстваў, дапамагалі ваеннапалонным, перашкаджалі вывазу моладзі ў Германію.

У красавіку 1943 г. на базе некалькіх атрадаў была створана партызанская брыгада імя В. М. Молатава, яе камандзірам быў Міхаіл Іванавіч Герасімаў, камісарам — Ф. С. Кунькоў, начальнікам штаба — Міхаіл Лявонцьевіч Прыходскі, потым яго змяніў Дзмітрый Карпавіч Удовікаў. Памочнікам Фёдара Кунькова па камсамольскай рабоце ў брыгадзе быў Эдуард Баляслававіч Нордман (пасля вайны стаў генерал-маёрам, ганаровым грамадзянінам г. Пінска). Фёдар Сямёнавіч быў чалавекам смелым, рашучым, добра разбіраўся ў абстаноўцы, умеў знаходзіць кантакт з людзьмі, у адносінах быў добразычлівым, уважлівым.

Уся сям’я Фёдара Сямёнавіча ўваходзіла ў склад партызанскіх фарміраванняў. Яго малодшы брат, Уласій Сямёнавіч Кунькоў (1907–1982), з радавога байца вырас да камандзіра атрада імя Нямытава Пінскай брыгады.

Пасля вызвалення Піншчыны Ф. С. Кунькоў працаваў на розных участках гаспадарчага будаўніцтва ў Пінску: кіраваў аблбудупраўленнем, аблсельбудтрэстам, гарадскім вадаправодам. У 1950-я быў дырэктарам торфапрадпрыемства «Агдэмер». З 1960 г. — персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння, але працягваў працаваць — быў старшынёй калгаса ў в. Глінна, дырэктарам Пінскай станцыі юннатаў. Фёдара Сямёнавіча адрознівала прастата, таварыскасць, добразычлівасць, справядлівасць.

Ф. С. Кунькоў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, пяццю медалямі, ордэнам Польскай Народнай Рэспублікі.

Фёдар Сямёнавіч Кунькоў памёр 15 ліпеня 1969 г. Пахаваны на пінскіх гарадскіх могілках па вул. Спакойнай. Яго імем названы вуліцы ў Пінску і Іванаве, у вёсках Трудавая і Махро Іванаўскага раёна. Асабістыя дакументы (аўтабіяграфія, копія характарыстыкі, фатаграфіі 1943–1964 гг.) Ф. С. Кунькова знаходзяцца ў фондах Занальнага дзяржаўнага архіва г. Пінска.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 263–264.
  2. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 211.
  3. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 273.
  4. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 282.
  5. Куньков Фёдор Семёнович // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 338.
  6. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 343.
  7. Кунькоў Фёдар Сямёнавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 198–199.
  8. И дольше века длится память // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 383–384.
  9. О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  10. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом / Василий Литвинчук. – 3-е изд., испр. и доп. – Брест : Брестская типография, 2008. – 492 с. : фот.
  11. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан ... / Э. Б. Нордман. Минск : Беларусь, 2007. – 198, [2] с., [5] л. ил.
  12. Партызанская брыгада імя В. М. Молатава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 436.
  13. Клещев, А. Е. Партизаны и население Пинской области в борьбе с фашистскими захватчиками / Алексей Ефимович Клещев // Партизанское подполье в Белоруссии, 1941–1944 : страницы воспоминаний : Вилейская, Барановичская, Пинская, Брестская, Белостокская области. Минск, 1986. С. 208–277.
  14. Из докладной записки командования бригады им. В. М. Молотова Пинской обл. нач. БШПД П. З. Калинину о боевой деятельности бригады за период с 10 января по 30 марта 1944 г. / Герасимов, Куньков, Удовиков // Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1944 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск, 1982. Т. 3. С. 178–182.
  15. Из истории партизанской бригады им.В. М. Молотова Пинской обл. об отражении карательных экспедиций врага и взаимодействии партизан с Красной Армией за период с 18 февраля по 30 марта 1944 г. ; Из истории партизанской бригады им. В. М. Молотова Пинской обл. об установлении связи с войсками Красной Армии, оказании им помощи и о помощи армейских штабов партизанам вооружением, госпитализацией раненых / Герасимов, Куньков, Удовиков // Там же. С. 582–586.
  16. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам : [г. Дрогичин] // Памятники истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 161–162.
  17. Дулебо, А. И. Памятник партизанам : [д. Заречка Дрогичинского района] / А. И. Дулебо // Памятники истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 169–170.
  18. Кирейшин, Н. В. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам : [г. Иваново] / Н. В. Кирейшин // Памятники истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 190.
  19. Шубитидзе, И. Г. Полесские были : [воспоминания] / Иван Георгиевич Шубитидзе. – Минск : Беларусь, 1974. – 270 с., [12] л. ил.
  20. Улица имени Ф. Кунькова : [г. Пинск] // Пінскі веснік. 2015. 13 сакавіка. С. 3.
  21. Михайлов, М. Право вести за собой / Михаил Михайлов // Коммунист Беларуси. 2014. 14 февраля. С. 7.
  22. Горупа, М. У истоков антигитлеровского сопротивления : [о партизанских командирах] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2013. 8 мая. С. 5.
  23. Романюк, Я. Их именами названы : Михаил Иванович Герасимов, Федор Семенович Куньков / Яна Романюк // Чырвоная звязда. Іванава, 2011. 22 апреля. С. 5.
  24. Сяргей, А. Гарэла зямла пад нагамі акупантаў : [пра дзеянні партызан] / Аляксей Сяргей // Драгічынскі веснік. 2011. 26 сакавіка.
  25. Оленичева, С. Секретарь райкома : [к 100-летию со дня рождения Ф. С. Кунькова] / С. Оленичева // Полесская правда. Пинск, 2000. 23 февраля. С. 2.
  26. Аленічава, С. Камісар брыгады : [да 100 годдзя з дня нараджэння Ф. С. Кунькова] / С. Аленічава // Чырвоная звязда. Іванава, 2000. 22 лютага. С. 2.
  27. Равінец, У. Змагар зямлі Палескай : [да 90-годдзя з дня нараджэння Ф. С. Кунькова] / У. Равінец // Запаветы Леніна. Драгічын, 1990. 22 лютага. С. 3.
  28. Равінец, В. Тых дзён не змоўкне слава : Да 90-годдзя з дня нараджэння Ф. Кунькова / В. Равінец // Чырвоная звязда. Іванава, 1990. 22 лютага. С. 4.
  29. Ф. С. Куньков : [некролог] / Красицкий И. К. [и др.] // Полесская правда. Пинск, 1969. 18 июля. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 74 разоў