Панядзелак, 29 Чэрвень 2020 10:45

27 чэрвеня 2020 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Анатоля Мікалаевіча Крэйдзіча (1965), журналіста, пісьменніка

Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч нарадзіўся 27 чэрвеня 1965 г. у вёсцы Заверша Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Завершскай васьмігадовай школе. У 1979 г. разам з маці пераехаў у в. Рудск Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, тут пайшоў у восьмы клас Рудскай школы. Праз год паступіў у Ржэўскі саўгас-тэхнікум на агранамічны факультэт, які скончыў у 1984 г.

 

У 1984–1986 гг. Анатоль Крэйдзіч праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай арміі. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна на факультэце журналістыкі (1986–1992), адначасова працаваў карэктарам іванаўскай райгазеты «Чырвоная звязда», карэспандэнтам газеты, загадчыкам аддзела, рэдактарам раённага радыё.

Публікаваў свае творы — паэзію і прозу — у газеце «Чырвоная змена», літаратурных часопісах. У 1994 г.убачыў свет першы зборнік прозы «Права на ўсмешку». У першай палове 1990-х працу ў райгазеце сумяшчаў з працаю ў часопісе маладых літаратараў «Першацвет», у якім курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці. Пасля пераведзены ў газету «Народная воля» на пасаду ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці.

З 1996 г. — уласны карэспандэнт па Брэсцкай вобласці рэспубліканскай маладзёжнай газеты «Чырвоная змена» і абласной газеты «Заря» па Прыпяцкім рэгіёне. У 2003 г. некаторы час працаваў намеснікам галоўнага рэдактара абласной беларускамоўнай газеты «Народная трыбуна» і зноў вярнуўся на ранейшае месца ў «Зарю». Рэдактар газеты Брэсцкага раёна «Заря над Бугом» (2007). У 2008–2016 гг. — галоўны рэдактар іванаўскай «раёнкі» «Чырвоная звязда». З 2017 г. працуе галоўным рэдактарам ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.

З 1997 г. А. М. Крэйдзіч — член Саюза пiсьменнiкаў Беларусі. Сябра абноўленага Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2005 г. У 2006–2017 гг. — старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, намеснік старшыні СПБ (2016–2017). Выступіў аўтарам-складальнікам энцыклапедычнага выдання «Літаратурная карта Берасцейшчыны» (2008), ініцыятарам штогадовай літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2007).

Аўтар зборнікаў прозы «Палескі Напалеон» (2001), «Параненыя мары» (2002), «Роднае, шчымлівае» (2012), «Хуліган» (2017), дакументальных кніг «Анатоль Клімец. Жыццё і лёс» (2005), «Міхаіл Клімец. Кола лёсу» (2007).

Творы Анатоля Крэйдзіча псіхалагічна заглыбленыя, яны патрабуюць настойлівай працы думкі і недылетанцкага падыходу ў ацэнцы паводзінаў герояў. Чытаючы іх, у кожным знаходзіш нераўнадушны погляд «апошняга праведніка», тых дзівакоў, якімі напоўнены апавяданні Васіля Шукшына. Празаік піша аб тым, што яму баліць, што добра ведае — перш за ўсё пра вясковае жыццё. Вызначаюцца і творы, прысвечаныя каханню. Пісьменік прафесійна валодае сюжэтам, мова яго апавяданняў сакавітая, па-сапраўднаму беларуская.

Лаўрэат часопіса «Маладосць» (1992), прэміі Беларускага саюза моладзі ў галіне журналістыкі і літаратуры (1995), прэміі часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта «Беларуская думка» (2005), Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» (2009), абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (2012). Узнагароджаны Ганаровай граматай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва» (2008), Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў (2011). Удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за плённую творчую дзейнасць і значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры (2012) і медаля Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру» (2013). Абвешчаны «Чалавекам года – 2014» Брэсцкай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы і працы А. М. Крэйдзіча

  1. Хуліган : аповесці, апавяданні, нататкі, мініяцюры / Анатоль Крэйдзіч. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2017. – 307 с.
  2. Сучасная польская паэзія ў перакладах берасцейцаў : [зборнік] / [укладальнікі: Л. М. Красеўская, А. М. Крэйдзіч]. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2017. – 65 с.
  3. Мы — Скарынічы : зборнік твораў удзельнікаў конкурсу «Скарынавай душой узлашчанае слова», прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання / [укладальнік А. Крэйдзіч]. – Мінск : Мінкарынт, 2017. – 87 с. : іл.
  4. Адкрыццё – 2014–2015 : зборнік лепшых твораў удзельнікаў літаратурных конкурсаў «70-годдзю Вялікай Перамогі» і «Пераможцы, нашчадкі вам гімн вялікай падзякі пяюць!» / [укладальнік А. М. Крэйдзіч]. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2016. – 99 с.
  5. Адкрыццё – 2013 : зборнік лепшых твораў удзельнікаў абласнога літаратурнага конкурсу «Без дружбы мне, як без вады і хлеба», прысвечанага 70-гадоваму юбілею выдатнай беларускай паэтэсы Ніны Мацяш / [укладальнік А. М. Крэйдзіч]. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. – 38 с.
  6. «Чырвоная звязда»: асобы на фоне эпох : (да 70-годдзя газеты 19432013 гг.) / [укладальнік А. М. Крэйдзіч]. – Пинск : Пинская региональная типография, 2013. – 214 с. : іл.
  7. Глушакоў, У. Зборнік прозы / Уладзімір Глушакоў, Анатоль Крэйдзіч. – Мінск : Беларусь, 2012. – 360 с.
  8. Роднае, шчымлівае : кніга прозы / Анатоль Крэйдзіч. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – 208 с.
  9. Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. – 567 с. : іл.
  10. Михаил Климец. Колесо судьбы / Анатолий Крейдич. Брест : Альтернатива, 2008. – 205 с., [36] л. ил.
  11. Анатолий Климец. Жизнь и судьба : сага о настоящем человеке / Анатолий Крейдич. – [Б. м. : б. и.], 2005. – 225 с., 45 л. цв. ил.
  12. Параненыя мары : п’еса, апавяданні, мініяцюры / Анатоль Крэйдзіч. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2002. – 100 с.
  13. Палескі Напалеон : аповесць, апавяданні / Анатоль Крэйдзіч ; [прадмова А. Казлова]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 223 с.
  14. Права на ўсмешку : апавяданні / Анатоль Крэйдзіч. – Мінск : Полымя, 1994. – 95 с.
  15. Світанкі на хутары бліз Лунінца / Анатоль Крэйдзіч // ЛіМ. 2018. 28 кастрычніка (№ 42). С. 8.
  16. Верш пра вёску каля Іванава (вёска мая Заверша...) ; І песня абарвалася... ; Прачнецца трывога ноччу... : [вершы] / Анатоль Крэйдзіч // ЛіМ . 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 9.
  17. Світанкі на хутары / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2018. 21 апреля. С. 9.
  18. Берасцейцы ў часопісах / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2018. 12 апреля. С. 19.
  19. Зорачкі «Лунінскай восені» : [аб пераможцах літаратурнага конкурсу] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2016. 25 февраля. С. 18–19.
  20. Не мялее літаратурная рака Брэстчыны : [падведзены вынікі абласнога літаратурнага конкурсу для дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю з дня нараджэння паэта Васіля Гадулькі] / Анатоль Крэйдзіч // Драгічынскі веснік. 2016. 29 кастрычніка. С. 13.
  21. Дзень пісьменства — свята не толькі тых, хто піша, але і тых, хто чытае / Анатоль Крэйдзіч // Драгічынскі веснік. 2016. 31 жніўня. С. 2.
  22. Богаў сон : [урывак з дакументальна-мастацкай аповесці пра мастака Янку Рамановіча] / Анатоль Крэйдзіч // Маладосць. 2009. № 11. С. 7597.
  23. Марыська-Папараць : [п’еса] / Анатоль Крэйдзіч // Маладосць. 2007. № 11.
    C. 47–58.

 

Аб жыцці і творчасці А. М. Крэйдзіча

  1. Крэйдзіч Анатоль Мікалаевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 607.
  2. Крейдич Анатолий Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1 : Брестская область, кн. 1. С. 508.
  3. Крэйдзіч Анатоль Мікалаевіч // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі / Н. М. Парчук ; пад рэд. Т. А. Дземідовіч. Брэст, 2018. С. 100–104.
  4. Крэйдзіч Анатоль // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 190–192.
  5. Крейдич Анатолий Николаевич // Кто есть кто в Республике Беларусь, 2004. Минск, 2004. С. 152.
  6. Валасюк, Л. Іванаўскі «Напалеон» Анатоль Крэйдзіч // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 218–219.
  7. Крэйдзіч Анатоль Мікалаевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 557–558.
  8. Жылко, В. «Вяртанне да вытокаў» : [у Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая вечарына А. Крэйдзіча] / Вадзім Жылко // Информ-прогулка. Лунинец, 2018. 8 февраля (№ 6). С. 8.
  9. Крэйдзіч Анатоль Мікалаевіч // Літаратурная прастора Брэстчыны : анталогія твораў сяброў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 171–176.
  10. Крэйдзіч Анатоль Мікалаевіч // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : бібліяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 100–104.
  11. Касцюковіч, Г. Хулігана шукайце ў бібліятэках : [аб новай кнізе А. Крэйдзіча «Хуліган»] / Генадзь Касцюковіч // Драгічынскі веснік. 2018. 10 лютага. С. 12.
  12. Бурдыка, В. Заўсёды шчаслівы : [аб жыцці і творчасці пісьменніка А. Крэйдзіча] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2016. 12 лютага (№ 7). С. 4.
  13. Ярмац, А. Цёплая сустрэча ў роднай школе : [аб сустрэчы А. Крэйдзіча з землякамі ў Завершскай школе] / А. Ярмац // Драгічынскі веснік. 2016. 26 сакавіка. С. 12.
  14. Крэйдзіч, А. Анатоль Крэйдзіч: «Пра дасягненні не задумваюся» / Анатоль Крэйдзич ; [гутарыла] Яна Явіч // ЛіМ. 2015. 26 чэрвеня (№ 25). С. 3.
  15. Лявончык, М. Ах, вёска, вёска!... : [аб кнізе А. Крэйдзіча «Роднае, шчымлівае»] / Марына Лявончык // ЛіМ. 2013. 22 сакавіка (№ 12). С. 3.
  16. Гнілазуб, В. «Знайсці словы пра трывогі і радасці вескі» : [пра творчасць А. Крэйдзіча] / Вера Гнілазуб // Белорусская нива. 2013. 14 ноября. С. 15.
  17. Мазіна, Г. Нібыта да чыстай крынічкі… / Галіна Мазіна // Народная трыбуна. 2012. 7 снежня (№ 50). С. 3.
  18. Іваноў, А. Шчымлівае, таму што роднае : [роздум над кнігай А. Крэйдзіча «Роднае, шчымлівае»] / Аляксандр Іваноў // Маладосць. 2012. № 8. С. 75–77.
  19. Кавалёў, В. Па шляху адкрытасці : [залатое «пяро» атрымаў А. Крэйдзіч — пераможца творчага конкурсу БСЖ] // ЛiМ. 2009. 24 снежня (№ 49). С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 126 разоў