Серада, 08 Ліпень 2020 09:38

23 студзеня 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Алены Канстанцінаўны Аўсянік (1945–2020), работніка культуры, ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна

Алена Канстанцінаўна Аўсянік нарадзілася 23 студзеня 1945 г. у вёсцы Струга Столінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У сялянскай сям’і любілі песню, маці спявала ў царкоўным хоры, у фальклорным калектыве. Галіна ў чатырнаццаць гадоў пачала працаваць бібліятэкарам у Столінскай дзіцячай бібліятэцы, вучылася ў вячэрняй школе, актыўна ўдзельнічала ў аматарскай мастацкай творчасці.

 

Актыўную спявачку Алену Аўсянік заўважылі ў аддзеле культуры райвыканкама, накіравалі на курсы пры Мінскай дзяржаўнай кансерваторыі. Працавала кіраўніком дзіцячай мастацкай самадзейнасці, кіраўніком танцавальнага гуртка, інструктарам-метадыстам аддзела культуры. У 1978–2005 гг. А. К. Аўсянік працавала дырэктарам Столінскай дзіцячай музычнай школы (дзіцячай школы мастацтваў). У 1980 г. закончыла Брэсцкае музычнае вучылішча, у 1988 г. — Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне».

У 1982 г. А. К. Аўсянік стала мастацкім кіраўніком народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК. Хор «Крыніца» быў створаны ў 1973 г., арганізатарам і першым яго кіраўніком быў Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі. Калектыў ад года ў год развіваўся, сталеў, удасканальваў сваё выканальніцкае майстэрства. За творчыя дасягненні і актыўную канцэртную дзейнасць у 1977 г. самадзейны калектыў быў удастоены ганаровага звання «народны».

У рэпертуары хору апрацоўкі беларускіх і рускіх народных песень («Ой, у полі», «Ой, вецер вее», «Там каля млына», «Добры вечар», «На гары на горачцы» і інш.), песні беларускіх і іншых кампазітараў («Спявай, маё Палессе» М. Вайцяхоўскага, «Люблю цябе, Белая Русь» Ю. Семянякі, «Сядзяць у абдымку ветэраны» А. Пахмутавай, «Ой, туманы мае, растуманы» У. Захарава, «Хлеб усяму галава» М. Кудрына і інш.).

Хор «Крыніца» — нязменны ўдзельнік конкурсаў і фестываляў харавой творчасці, дзе пастаянна меў поспех і цёплы прыём. Неаднаразовы пераможца і лаўрэат раённых, абласных і рэспубліканскіх аглядаў, конкурсаў і фестываляў «Ляці, наша песня!», «Беларусь — мая песня» і інш., удзельнік міжнароднага фестывалю «Пеўчае поле» ў г. Мядзелі Мінскай вобласці (1997). Хор пабываў і праславіў Століншчыну ў многіх гарадах былога Савецкага Саюза і ў краінах замежжа — Германіі, Польшчы, Балгарыі, Італіі.

Сваім прыкладам Алена Канстанцінаўна натхняла іншых, сваім талентам дзялілася з калегамі. У 1987 г. стварыла пры Доме культуры хор ветэранаў вайны і працы «Факел», якому ў 1991 г. прысвоена званне «народны». Аснову рэпертуару складаюць песні савецкіх і беларускіх кампазітараў патрыятычнай тэматыкі. А. К. Аўсянік перадала кіраўніцтва хорам ветэранаў Дзіне Ціханаўне Бажко.

29 снежня 2011 г. народнаму хору «Крыніца» пад кіраўніцтвам А. К. Аўсянік было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». 23 лістапада 2018 г. у Столінскім доме культуры прайшоў канцэрт хору «Крыніца», прысвечаны 45-годдзю з часу заснавання мастацкага калектыву.

За заслугі ў музычнай творчасці А. К. Аўсянік была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх: Грамата ВДНГ СССР, Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нагрудны знак Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», Ганаровыя граматы Брэсцкага аблвыканкама і Столінскага райвыканкама. У 2012 г. названа «Чалавекам года» Брэсцкай вобласці. За актыўную грамадскую дзейнасць, значны ўклад у развіццё харавога мастацтва Алене Канстанцінаўне было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна» (2014).

А. К. Аўсянік памерла 25 чэрвеня 2020 г., пахавана на гарадскіх могілках па вул. Пінскай г. Століна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дубойская, А. М. Народныя і ўзорныя калектывы : народны хор «Крыніца» / А. М. Дубойская // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 592.
  2. Юркевіч, Ю. С. Школы юных талентаў : Столінская школа мастацтваў / Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 595.
  3. Столінскі народны хор «Крыніца» / Н. Л. Мяцеж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 129.
  4. Памяти заслуженного человека ; Памяти коллеги : [некрологи Елене Константиновне Овсяник (1975–2020)] // Навіны Палесся. Столін, 2020. 30 чэрвеня. С. 5.
  5. Сеген, Т. История Столинщины глазами почетных граждан / Татьяна Сеген, Александр Никифоренко, Лидия Гуща // Навіны Палесся. Столін, 2020. 14 студзеня (№ 3). С. 2.
  6. Гашчук, Г. У яднанні з «Крыніцай» : [пра творчы вечар Алены Канстанцінаўны Аўсянік, кіраўніка народнага хору «Крыніца»] / Галіна Гашчук ; фота Алены Клімушка // Навіны Палесся. Столін, 2015. 27 студзеня. С. 3.
  7. Гашчук, Г. Ляці, мая песня... : [пра А. К. Аўсянік, кіраўніка народнага хору «Крыніца»] / Галіна Гашчук ; фота Аляксандра Нікіфарэнкі // Навіны Палесся. Столін, 2015. 23 студзеня. С. 1–2.
  8. Леанавец, Н. У рытме «Крынiцы»: [пра заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК] / Н. Леанавец // Народная трыбуна. 2012. 20 студзеня. С. 12.
  9. Гашчук, Г. Ляцi, песня! : [пра заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК] / Галiна Гашчук // Заря. 2012. 17 января. С. 5.
  10. Сеген, Т. Беражы мяне, песня! : [пра салістку з народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК Алену Аўсянік] / Таццяна Сеген // Народная трыбуна. 2010. 14 жніўня. С. 12.
  11. Сеген, Т. Беражы мяне, песня : [пра салістку народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК Алену Аўсянік] / Таццяна Сеген // Навiны Палесся. Столiн, 2010. 5 сакавiка. С. 8.
  12. Мiрановiч, В. Свята не толькi Палесся : [пра святкаванее 30-годдзя народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК] / Валянцiна Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 20 лiпеня.
  13. Пашкавец, Г. Спявае добрая душа... : [пра народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК] / Ганна Пашкавец // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 16 лiпеня.
  14. Аўсянiк, А. К. Учора сусветная грамадскасць адзначыла Дзень музыкi : [дырэктар Столінскай ДШМ пра дзейнасць установы] / А. К. Аўсянiк ; запiсала В. Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 2002. 2 кастрычніка.
  15. Аўсянiк, А. К. Эстэтычнае выхаванне ўзбагачае асобу : [дырэктар Столінскай ДШМ пра дзейнасць установы] / А. К. Аўсянiк ; гутарыла А. Клiмушка // Навiны Палесся. Столiн, 2002. 23 красавіка.
  16. Аўсянiк, А. «Мы песню любiм, песнi служым...» / А. К. Аўсянiк ; гутарыла В. Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 1999. 4 чэрвеня.
  17. Харламаў, А.Iх ведаюць, iх паважаюць : [пра работнiкаў культуры i самадзейных артыстаў у Столiне: Алену Аўсянiк, Лiдзiю Карняйчук, Мiкалая Вайцяхоўскага, Аляксандра Цымбалiста, братоў Сахно] / А. Харламаў // Народная трыбуна. 1998. 31 студзеня.
  18. Мітрошкін, Ю. Рэха выступленняў «Крыніцы» : [пра выступленні народнага хору «Крыніца» Столінскага РДК у Волагдзе і Варонежы] / Ю. Мітрошкін // Навіны Палесся. Столін, 1989. 6 чэрвеня.
  19. Аўсянік, А. Песні Беларусі ў Варонежы : [пра выступленне народнага хору «Крыніца» Столінскага РДК у Варонежы] / А. Аўсянік // Навіны Палесся. Столін, 1989. 6 красавіка.
  20. Віктарава, І. Канцэрты, канцэрты : [народны хор «Крыніца» і народны ансамбль танца «Рэха» Столінскага РДК запрошаны на свята горада Бярэзна (УССР)] / І. Віктарава // Навіны Палесся. 1988. 17 верасня.
  21. Пашковец, А. «Криницы» — живая вода : [о народном хоре «Криница» Столинского РДК] / А. Пашковец // Заря. 1988. 10 марта.
  22. Мірановіч, В. На крылах песні : [пра народны хор «Крыніца» Столінскага РДК] / В. Мірановіч // Навіны Палесся. Столін, 1987. 22 жніўня.
Чытаць 902 разоў