Серада, 15 Ліпень 2020 13:48

1 жніўня 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Маркавіча Макарука (1945), кандыдата ваенных навук, генерал-маёра авіяцыі, ваеннага лётчыка-інструктара 1-га класа

Міхаіл Маркавіч Макарук нарадзіўся 1 жніўня 1945 г. у вёсцы Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Стрыгаўскай сярэдняй школы вырашыў паступаць у Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, але не прайшоў па конкурсе. Працаваў старшым піянерважатым у Рынкаўскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна. Юнак валодаў добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, захапляўся мадэліраваннем, разьбой па дрэве, любіў спорт.

 

У 1963–1967 гг. Міхаіл Макарук — курсант Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. З 1967 па 1973 г. — лётчык-інструктар, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі вучэбнага палка Чарнігаўскага вучылішча. У 1973–1976 гг. — слухач Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю. А. Гагарына.

З 1976 г. М. М. Макарук — камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, намеснік камандзіра авіяцыйнага палка, інспектар упраўлення ваенна-вучэбных устаноў ВПС СССР. З 1978 г. М. М. Макарук, які добра валодае іспанскай і англійскай мовамі, знаходзіўся на ваенна-дыпламатычнай рабоце. У 1978–1989 гг. ён памочнік ваеннага аташэ пры пасольствах СССР у Рэспубліцы Куба, Рэспубліцы Індыя, у 1989–1991 гг. — ваенны, ваенна-марскі і ваенна-паветраны аташэ пры пасольстве СССР у Федэрацыі Малайзія.

З 1991 г. М. М. Макарук памочнік галоўнакамандуючага ВПС, намеснік начальніка ўпраўлення ВПС Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. У 1997–2000 гг. — ваенны, ваенна-паветраны і ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі, з 2001 г. — у Рэспубліцы Куба.

1 жніўня 2005 г. Міхаіл Маркавіч сышоў у запас у сувязі з пенсійным узростам. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Член прэзідыума Агульнарасійскай арганізацыі «Офицеры России». Член Асацыяцыі ветэранаў Карыбскага крызісу. З 2018 г. Міхаіл Маркавіч — першы віцэ-прэзідэнт Расійскага таварыства дружбы з Кубай. З’яўляецца кіраўніком Маскоўскага аддзялення Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Содружество воинов-интернационалистов „кубинцев“».

Пражываючы ў Маскве, высокапастаўлены дзеяч памятае, што яго малая радзіма ў Беларусі, на Брэстчыне. У Кобрынскім раёне пахаваны яго бацькі, дзяды і прадзеды. Тут жывуць яго родныя сёстры, блізкія сябры, землякі. Таму і імкнецца ён часцей бываць у родных краях.Падчас сваіх адпачынкаў Міхаіл Маркавіч заўсёды прыязджае ў родныя мясціны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Макарук Міхаіл Маркавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 437.
  2. 75 гадоў з дня нараджэння М. М. Макарука (1945) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 143.
  3. Макарук Міхаіл Маркавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 89–90.
  4. Гурда, В. Орел крылатого племени Брестчины : [М. М. Макарук — кандидат военных наук, генерал-майор авиации, уроженец д. Мацы Кобринского района/ Владимир Гурда // Кобрин-информ. 2006. 12 января.
  5. Гурда, В. Генерал-лейтенант из деревни Мацы / Владимир Гурда // Кобрынскi веснiк. 2003. 11 студзеня. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 765 разоў