Чацвер, 23 Ліпень 2020 16:13

29 чэрвеня 2020 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Кольчака (1905–1969), удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Героя Савецкага Саюза

Мікалай Мікалаевіч Кольчак нарадзіўся 29 чэрвеня 1905 г. у мястэчку Янаў-Палескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобласці) у сям’і служачага. Жыў з бацькамі ў Маскве і Петраградзе, дзе бацька працаваў юрысконсультам. У 1916 г. Мікалай Кольчак скончыў рэальнае вучылішча. У снежні 1917 г., калі яму споўнілася трынаццаць, у Кранштаце запісаўся юнгай на карабель Балтыйскага флоту, служыў на лінкоры «Андрей Первозванный».

 

У складзе матроскага атрада Мікалай Кольчак удзельнічаў у падаўленні бунту форта Чырвоная Горка, абараняў Петраград ад войскаў Юдзеніча. У баях быў паранены і ў 1922 г. дэмабілізаваны. Працаваў на будаўніцтве Волчаўскай ГЭС.

У 1925 г. Мікалай Кольчак зноў прызваны ў Чырвоную армію. Марыў стаць марскім камандзірам, але быў накіраваны ў пяхотную школу. У 1928 г. скончыў Ленінградскую пяхотную школу і атрымаў прызначэнне ў Сярэднюю Азію. Пачаў службу ў палку Івана Яўфімавіча Пятрова. Прымаў удзел у баях з басмачамі, за што быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦВК Туркестанскай ССР. У 1932 г. Мікалай Кольчак скончыў курсы ўдасканалення каманднага складу ў Севастопалі і неўзабаве быў прызначаны ротным камандзірам у Аб’яднаную Сярэднеазіяцкую ваенную Чырвонасцяжную школу.

Не абмінула чырвонага камандзіра і хваля рэпрэсій. У 1936 г. М. М. Кольчак быў выключаны з партыі як «чалавек, які схаваў дваранскае паходжанне». Хоць яго бацька і быў дваранінам, але атрымаў дваранства па заслугах і быў пазбаўлены яго яшчэ ў 1916 г. Сам жа Мікалай Кольчак з сям’ёй кантактаў не падтрымліваў з 1917 г. і не хаваў у анкетах свайго паходжання. Тым не менш, ад далейшай расправы выратавала заступніцтва былога камандзіра І. Я. Пятрова.

У 1937 г. М. М. Кольчак становіцца выкладчыкам, а затым старшым выкладчыкам агнявой падрыхтоўкі Вышэйшых курсаў стралковатактычнага ўдасканалення камандзіраў пяхоты «Выстрел». На новым месцы службы, з уласцівай яму настойлівасцю, заняўся навуковай працай, сумяшчаў яе з выкладчыцкай. Да 1940 г. апублікаваў у ваенным друку 52 працы па тэорыі стральбы і выкарыстання ў баі стралковай зброі. На гэтай пасадзе сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

У 1942 г. быў прызначаны намеснікам начальніка аддзела Галоўнага кіравання ўсеагульнага ваеннага навучання. Кабінетная праца была не па душы, аднак у адпраўцы на фронт адмовілі з-за хваробы. У маі 1943 г. падпалкоўнік М. М. Кольчак прызначаецца начальнікам Цэнтральнай жаночай школы снайперскай падрыхтоўкі ў Падольску. Новы начальнік рашуча выступіў супраць спрашчэнства ў навучанні снайпераў, за паляпшэнне іх тактычнай і фізічнай падрыхтоўкі. Выязджаў у дзеючую армію, у часткі 3-й ударнай арміі Калінінскага фронту. На пярэднім краі крок за крокам, часам рызыкуючы жыццём, вывучаў баявую працу снайпераў — выпускніц школы. Баявы вопыт укараняў у практыку навучання, асабіста распрацаваў і напісаў памятку «12 заповедей снайпера», якая атрымала прызнанне ў камандзіраў рот і палітработнікаў. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі выпускніцы школы здзейснілі нямала гераічных подзвігаў, паказаўшы сябе мужнымі, цярплівымі і знаходлівымі.

М. М. Кольчак неаднаразова падаваў рапарты аб адпраўцы на фронт, але атрымліваў адмову па стане здароўя. Толькі ў маі 1944 г., пасля асабістага ліста генералу І. Я. Пятрову, палкоўнік М. М. Кольчак быў накіраваны ў распараджэнне камандуючага
3-м Беларускім фронтам генерала І. Д. Чарняхоўскага. Яго прызначылі камандзірам 294-га стралковага палка 184-й стралковай дывізіі. З гэтым палком ён прайшоў да самай Перамогі. Летам 1944 г., у ходзе аперацыі «Баграціён», стралковы полк М. М. Кольчака з баямі выйшаў на блізкія подступы да г. Віцебска, усе пастаўленыя баявыя задачы выканаў своечасова.

15 жніўня 1944 г. 294-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка М. М. Кольчака прарваў варожую абарону, перайшоў у імклівы наступ і на досвітку 17 жніўня адным з першых выйшаў на гранiцу з Усходняй Прусіяй, заняў г. Шэрвіндт, вызваліў 10 населеных пунктаў. За стойкасць і адвагу, праяўленыя ў гэтых баях, полк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а камандзір палка за асабістую доблесць і ўмелае кіраўніцтва быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце, барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм палкоўніку М. М. Кольчаку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая зорка» (№ 7219). Таксама Мікалай Мікалаевіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

У жніўні 1946 г. Мікалай Мікалаевіч звольніўся з арміі па хваробе. Жыў у Маскве, працаваў у Міністэрстве вышэйшай адукацыі СССР. Памёр 14 лютага 1969 г., пахаваны на Уведзенскіх могілках г. Масквы (участак № 3а). На радзіме ў г. Іванаве яго імем названа вуліца. У 1987 г. поштай СССР выпушчаны маркіраваны канверт з партрэтам героя (мастак Г. А. Ахмедаў).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 393.
  2. Кольчак Николай Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 491.
  3. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 242.
  4. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 228–229.
  5. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 270.
  6. Кольчак Николай Николаевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 704.
  7. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 319.
  8. Кольчак Николай Николаевич // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 221.
  9. Кольчак Мікалай Мікалаевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 58.
  10. Наши земляки Герои Советского Союза. Кольчак Николай Николаевич // Ивановский район. Будущее создается сегодня / [А. М. Суворов и др.]. Брест, 2019. С. 9.
  11. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. – Брест : Брестская типография, 2017. – 839 с., [24] л. ил.
  12. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  13. Дулебо, А. И.Родина Кольчака Николая Николаевича : [Иваново] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 191.
  14. Героi Савецкага Саюза — ураджэнцы Брэстчыны [Выяўленчы матэрыял] : Стаялі насмерць. Слава героям! : да 65-годдзя вызвалення Беларусі : [плакат]. – [Б. м. : б. в.], 2009. – 1 л. : каляр. афсет.
  15. Дриго, С. В. За подвигом — подвиг : о Героях Советского Союза — участниках боев в Восточной Пруссии : [сборник] / Сергей Васильевич Дриго. – Калининград : Книжное издательство, 1984. – 358 с. – Из содерж.: Н. Н. Кольчак. С. 57–58.
  16. Кольчак Николай Николаевич // Герои огненных лет : очерки о москвичах — Героях Советского Союза. Москва, 1984. Кн. 7. С. 407–415.
  17. Цена победы : [более 2000 наших земляков награждены медалями и орденами, двое — Н. Н. Кольчак и М. Д. Шило — удостоены звания Героя Советского Союза] // Янаўскі край. Іванава, 2020. 27 сакавіка.
  18. Соломка, И. Их судьбы историей стали : [в районной библиотеке им. Ф. И. Панфёрова состоялся вечер памяти, на котором участники познакомились с жизнью и деятельностью почётных граждан г. Иванова и Ивановского района: Т. А. Стельмашука, Е. А. Александрова, А. Т. Кавко, С. А. Рожковца, С. Н. Маркевича и Героями Советского Союза: Н. Н. Кольчака, М. Д. Шило] / Ирина Соломка ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2019. 24 мая. С. 14.
  19. Кухарчук, Н. Их имена — в названиях улиц : [Н. Н. Кольчак] / Надежда Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 20 чэрвеня. С. 4.
  20. Васільеў, І. Камандзір палка : [М. М. Кольчак] / І. Васільеў // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 15 студзеня. С. 2.
  21. Горупа, М. Огненные версты Николая Кольчака : [новое из биографии Героя Советского Союза] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2006. 9 мая. С. 2.
  22. Лазарев, А. Огненные вёрсты Николая Кольчака / А. Лазарев // Во славу Родины. 2005. 22 ноября.
  23. Горупа, М. Первый герой дивизии : [о Н. Н. Кольчаке] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2005. 19 жніўня. С. 2.
  24. Васільеў, І. Камандзір палка : [пра Героя Савецкага Саюза М. М. Кольчака з Іванава] / І. Васільеў // Чырвоная звязда. Іванава, 1985. 9 мая.
  25. Герой Савецкага Саюза — ураджэнец Іванава : [Мікалай Мікалаевіч Кольчак] // Чырвоная звязда. Іванава, 1979. 14 чэрвеня.
Чытаць 106 разоў