Чацвер, 23 Ліпень 2020 16:19

20 жніўня 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Леаніда Фёдаравіча Глушко (1940), паэта, мастака

Леанід Фёдаравіч Глушко нарадзіўся 20 жніўня 1940 г. у вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў чацвёртым, самым малодшым дзіцём у сям’і. Бацька, Фёдар Глушко, старшыня калгаса «Бальшавік», арганізаванага ў Курыцічах, пакінуў сваю сям’ю яшчэ да нараджэння малодшага сына. У 1943 г. ён загінуў пад Ленінградам. З вялікай цеплынёю паэт заўсёды гаворыць пра сваю маці, Аксінню Максімаўну Глушко (у дзявоцтве Бондар). Яшчэ ў самым пачатку вайны за сувязь з партызанамі немцы спалілі частку вёскі і хутар Забалоцце, дзе жыла Аксіння Максімаўна з дзецьмі. Разам з астатнімі жыхарамі вёскі яны пайшлі ў лес, пабудавалі зямлянкі і жылі ў іх да самага канца вайны.

 

Пасля вайны, пакiнуўшы папялiшча роднай хаты, шукаючы прытулку, сям’я пераехала ў в. Дубай Столiнскага раёна Брэсцкай вобласцi. Тут, на Століншчыне, прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады паэта, тут ён пачаў пісаць першыя вершы. У 1959 г. Леанід Глушко закончыў Дубайскую сярэднюю школу, працаваў вясковым паштальёнам, дапамагаў маці. Тады было «модна» маладым ехаць на шахцёрскі Данбас, паехаў і Леанід у Краснадонскае шахцёрскае вучылішча (УССР). Тры гады (19611963) працаваў машыністам шахтавых машын, у вольны час актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, маляваў,пісаў вершы і замалёўкі ў мясцовыя газеты «Социалистическая Родина», «Слава Краснодона».

Адчуваючы ў сабе нязменную цягу да малявання, Леанід Глушко паступае ў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў на факультэт выяўленчага мастацтва. Закончыць яго не ўдалося, бо14 лістапада 1963 г. быў прызваны ўСавецкую армію. Адзін год служыў у Харкаве, два гады — у Баранавічах. І ў час армейскай службы знаходзіў час для любімых заняткаў — вершаў і малявання, нават закончыў завочную школу ваенкораў пры газеце «Во славу Родины», у якой пазней з’яўляліся яго фельетоны і вершы.

У 1966 г. пасля службы ў арміі Леанід Глушко некаторы час працуе карэспандэнтам лунінецкай раённай газеты «Ленінскі шлях», затым у мастацкай майстэрні пры Лунінецкім доме культуры. Так у яго працоўнай біяграфіі адкрылася новая старонка — мастак-афарміцель.

Са жніўня 1969 г. Леанід Фёдаравіч жыве і працуе на Кобрыншчыне, адкуль родам яго жонка. Працаваў настаўнікам чарчэння і малявання ў СШ № 4 г. Кобрына. Затым быў мастаком-афарміцелем на цагельным заводзе, на камбінаце будаўнічых матэрыялаў. У складаны час пераходу краіны да рыначнай эканомікі давялося папрацаваць і друкаром, і рабочым на кансервавым заводзе, але зноў з’явілася любімая праца — мастак-афарміцель у Кобрынскім РБУ-201. У 2001 г. Л. Ф. Глушко пайшоў на заслужаны адпачынак.

Літаратурнае жыццё Кобрыншчыны нельга ўявіць без Леаніда Глушко. Ужо 50 гадоў яго творы не сыходзяць са старонак раённай газеты «Кобрынскі веснік» («Камуністычная праца»), рэгулярна з’яўляюцца ў штотыднёвіку «Кобрин-информ». Паэтам напісана больш за тысячу вершаў. Творчы багаж Леаніда Глушко вельмі багаты: у ім лірычныя вершы, байкі, песні, творы для дзяцей.Леанід Фёдаравіч піша свае вершы на рускай і беларускай мовах, але ўсё ж больш на роднай, беларускай.

Тэматыка вершаў самая разнастайная: пра Радзіму і родны кут,родную мову, прыроду і чалавека, каханне, Вялікую Айчынную і вайну ў Афганістане, пра маці. У сатырычных вершах Леанід Глушко асвятляе маральна-бытавыя праблемы, не праходзіць абыякава побач з п’янствам, разгулам, падманам, хцівасцю. У яго ёсць вершы-прысвячэнні выдатным асобам Беларусі: Я. Купалу, Я. Коласу, П. Машэраву, Д. Фалькоўскаму, Я. Янішчыц. Вершы кобрынскага паэта прывабліваюць сваім жыццялюбствам, паэтычнай інтанацыяй, народным характарам.

Творчасць паэта Леаніда Глушко прасякнута аптымістычнай верай у лепшыя якасці чалавека, у маральную чысціню, у перамогу дабра над злом. Невыпадкова зборнік яго паэзіі атрымаў назву «А я веру» (2000). Акрамя гэтай кнігі,у якую ўвайшлі лепшыя творы, напісаныя Леанідам Фёдаравічам за доўгія гады творчай працы, літаратурную спадчыну паэта складаюць больш за дзесяць альбомаў, якія сам сабраў з апублікаванага.

Яго вершы друкавалiся на старонках газет «Чырвоная змена», «Звязда», «Сельская газета», «Белорусская нива», «Заря», «Народная трыбуна», «Сельская праўда» (Жабінка), у часопiсах «Беларусь», «Вясёлка», «Вожык» i iншых выданнях. Дзiцячы верш «Вавёрка» змешчаны ў падручнiку для пазакласнага чытання «Кнiжка-малышка» (1976). Кобрынскія педагогі склалі для школьнікаў невялікі зборнік вершаў Л. Ф. Глушко «Хай смяюцца нашы дзеці!» (2010).

Ужо больш за 50 гадоў лёс Леаніда Фёдаравіча звязаны з г. Кобрынам. Разам з жонкай, Аляксандрай Аляксандраўнай, выхавалі траіх дзяцей, дачакалі шасці ўнукаў. І ўвесь час Леанід Фёдаравіч не развітваецца з творчасцю.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

Творы Л. Ф. Глушко

  1. А я веру : вершы / Леанід Глушко. Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 2000. 74 с.
  2. Быццам пад музыку : [верш] / Леанід Глушко // Жарсьць каханьня : лірыка паэтаў Берасцейшчыны пра каханне. Брэст, 2016. С. 58.
  3. Вавёрачка : [верш] / Леанід Глушко // Беларуская мова ў I класе : дапаможнік для настаўнікаў / М. Яленскі. Мінск, 1995. С. 42.
  4. Агонь душы : памяці Жэні Янішчыц ; Вясны дыханне ; Маме сонца падару : [вершы] / Леанід Глушко // Рачныя напевы : літаратурна-публіцыстычны альманах пры Петрыкаўскай раённай газеце «За новыя рубяжы». Петрыкаў, 1994. Вып. 3. С. 37–38.
  5. Зямлі дыханне : [верш] / Леанід Глушко // Галасы Палесся : літаратурна-публіцыстычны альманах пры Петрыкаўскай раённай газеце «За новыя рубяжы». Петрыкаў, 1993. Вып. 2. С. 93–95.
  6. Матчын хлеб ; Радасць жніва ; Паклон ; Святая зямля ; Пяе вясна : [вершы] / Леанід Глушко // Беларускі ручнік : зборнік паэзіі. Мінск, 2013. С. 52, 56, 105, 174, 188, 201.
  7. У родны Петрыкаў прыехаў… ; Зраўнялі акопы на полі даўно ; Восеньскі трыпціх ; Ля абеліска ; Беларуская бяда ; Надзея : [вершы] / Леанід Глушко // Жыві, мая крыніца : літаратурна-публіцыстычны альманах пры Петрыкаўскай раённай газеце «За новыя рубяжы». Петрыкаў, 1991. Вып. 1. С. 82–85.
  8. Малітва : [верш] / Леанід Глушко // Заря. 2019. 20 июля. С. 16.
  9. Як песня : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2018. 17 кастрычніка. С. 8.
  10. Беларусі : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2017. 6 мая. С. 16.
  11. З Новым годам! : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2017. 6 студзеня. С. 12.
  12. Восеньскае : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2016. 19 кастрычніка. С. 6.
  13. ДРСУ № 201 ― 50 лет! : [стихотворение] / Леонид Глушко // Кобрынскі веснік. 2016. 29 кастрычніка. С. 2.
  14. Наш Брэст : [верш] / Леанід Глушко // Народная трыбуна. 2016. 4 лістапада. С. 10.
  15. Малітва за Беларусь : верш / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2016. 7 верасня. С. 8.
  16. Ой, вясна! : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2016. 18 мая. С. 8.
  17. З Купалам : [верш] / Леанід Глушко // Народная трыбуна. 2016. 18 сакавіка. С. 11.
  18. Бог і хлеб : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2015. 1 жніўня. С. 4.
  19. Радасць : [верш] / Леанид Глушко // Кобрынскі веснік. 2015. 20 чэрвеня. С. 10.
  20. Вясна : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскi веснiк. 2015. 15 красавiка. С. 8.
  21. Весялосць зімы : [верш] / Леанід Глушко // Кобрынскi веснiк. 2015. 28 студзеня. С. 5.
  22. Памяць : [верш] / Леанід Глушко // Белорусская нива. 2012. 11 сентября. С. 1.
  23. Вандроўнік май : [верш] / Леанід Глушко // Белорусская нива. 2012. 29 мая. С. 1.
  24. Песні вясны : [верш] / Леанід Глушко // Белорусская нива. 2012. 28 марта. С. 1.
  25. Жанчынам : [верш] / Леанід Глушко // Народная трыбуна. 2012. 16 сакавіка (№ 12). С. 11.
  26. Я кіну ў вогнішча... : [верш] / Леанід Глушко // Народная трыбуна. 2012. 13 студзеня (№ 3). С. 11.

 

Аб жыцці і творчасці Л. Ф. Глушко

  1. Леанід Глушко // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 313.
  2. Леанід Глушко: «Я веру ў жыццё…» : біябібліяграфічны паказальнік з цыкла «Па старонках календара нашай памяці» / УК «Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка», Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын, 2015. – Вып. 2. – 72 с., 20 каляр. фат.
  3. 80 гадоў з дня нараджэння Л. Ф. Глушко // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 136.
  4. Бензярук, Р. Запрашэнне : Леаніду Глушко : [верш] / Расціслаў Бензярук // ЛіМ. 2020. 17 красавіка (№ 15). С. 8.
  5. Дубіна, Л. Леанід Глушко: «Я веру ў жыццё» : [жыццёвы шлях паэта; вершы] / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. 2017. 22 красавіка. С. 8.
  6. Дубіна, Л. Да 75-годдзя Леаніда Глушко : [Кобрынскай ЦРБ складзены бібліяграфічны паказальнік «Леанід Глушко. Я веру ў жыццё...»] / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. 2015. 29 жніўня. С 4.
  7. Габрусёнок, А. Город Кобрин люди украшают / Анна Габрусёнок // Кобрин-информ. 2011. 29 сентября. С. 29.
  8. Федаровіч, І. «...І тым шчаслівыя» : [творчы партрэт Л. Глушко] / Ігар Федаровіч // Кобрынскi веснiк. 2011. 3 верасня. С. 4.
  9. Наш фотаконкурс : [апублікаваны здымак Л. Глушко] // Народная трыбуна. 2011. 9 красавіка. С. 12.
  10. Панасюк, М. Паэты спадзяваюцца душой : б творчасці Л. Глушко] / Мікола Панасюк // Кобрынскі веснік. 2011. 8 кастрычніка. С. 9.
  11. Бензярук, Р. Спеласць Спасаўскіх яблыкаў / Расціслаў Бензярук // Народная трыбуна. 2010. 14 жніўня. С. 3.
  12. Сацук, А. Пад шчасліваю зоркаю : [да 70-годдзя Л. Глушко] / Аляксей Сацук // Кобрынскі веснік. 2010. 18 жніўня. С. 4.
  13. Глушко, Л. Кобрынскаму весніку — 70 год : [аб супрацоўніцтве паэта з мясцовай газетай] / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2009. 14 кастрычніка.
  14. Шевченко, А. Судьба поэта : [о поэте Л. Глушко]/ Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2009. 3 сентября. С. 26.
  15. Глушко, Л. Крыніца натхнення — жыццё / Леанід Глушко // Кобрынскі веснік. 2008. 23 жніўня. С. 4.
  16. Глушко, Л. Белы кубак з малаком : [успаміны аб дзяцінстве]/ Леанід Глушко // Сельская праўда. 2007. 28 сакавіка.
  17. Глушко, Л. Вяртанне ў маладосць / Леанід Глушко // Навіны Палесся. Столін, 2007. 16 лютага.
  18. Грышкевіч, С. «Поэтом можешь ты не быть… » : [аб вершах Л. Глушко]/ Сяргей Грышкевіч // Заря. 2003. 22 июля. С. 3.
  19. Глушко, Л. І ў гэтым маё багацце / Леанід Глушко // Народная трыбуна. 2001. 28 красавіка.
  20. Хільчук, М. І споўнілася мара… : [пра кнігу Л. Глушко «А я веру»]/ Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2001. 1 студзеня. С. 7.
  21. Бензярук, Р. Шматбаковы талент / РасціслаўБензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1998. 18 лістапада.
  22. Глушко, Л. [Аўтабіяграфія] / Леанід Глушко // Навіны Палесся. Столін, 1995. 19 жніўня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1043 разоў Апошняя змена Чацвер, 23 Ліпень 2020 16:26