Серада, 05 Жнівень 2020 08:52

28 снежня 2020 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Андрэя Ціханавіча Чайкоўскага (1910–1980), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну

Андрэй Ціханавіч Чайкоўскі нарадзіўся 28 снежня 1910 г. у сяле Скарэдная Вялікая Ішымскага павета Табольскай губерні (цяпер Галышманаўскага раёна Цюменскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька і два старэйшыя браты змагаліся за Савецкую ўладу на Грамадзянскай вайне, у 1921 г. былі расстраляны белагвардзейцамі. Андрэй Чайкоўскі з 1929 г. прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі калгасаў.

 

У 1932 г. прызваны ў Чырвоную армію. Пасля заканчэння тэрміновай службы вырашыў застацца ў арміі, стаць кадравым ваенным. Закончыў палкавую школу, ваеннае вучылішча. У красавіку 1939 г. быў прыняты ў партыю. Служыў у Беларускай ваеннай акрузе.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Чайкоўскі на фронце. Трапіў у акружэнне, у Мінскай вобласці сабраў акружэнцаў і ў верасні 1941 г. арганізаваў партызанскую групу пад сваім камандаваннем. У партызанскім атрадзе Аляксандра Іванавіча Патрына з’яўляўся камісарам, праводзіў партыйна-палітычную работу з мясцовым насельніцтвам. Удзельнічаў у разгроме нямецкіх гарнізонаў у Любані (у ноч на 7 лістапада 1941 г.) і Пастолах. З групай партызан узарваў чыгуначны мост каля Стоўбцаў.

А. Ц. Чайкоўскі ваяваў у партызанскай 99-й брыгадзе імя Д. Ц. Гуляева, якая была створана ў студзені 1943 г. у Мінскай вобласці. У снежні 1943 г. 99-я брыгада перадыслацыравана ў Целяханскі раён Пінскай вобласці. У складзе Пінскага партызанскага злучэння дзейнічала на тэрыторыі Косаўскага, Целяханскага, Іванаўскага, Лагішынскага раёнаў. А. Ц. Чайкоўскі быў камісарам брыгады ў студзені – лютым 1943 г., камандзірам брыгады — з лютага па верасень 1943 г., камісарам — з верасня 1943 па ліпень 1944 г. Камандзір брыгады ў перыяд з верасня 1943 па ліпень 1944 г. — Уладзімір Кірылавіч Якавенка, начальнікі штаба — Васілій Максімавіч Сярэдзін (люты 1943 – студзень 1944 г.), Васілій Мікалаевіч Каракулін (студзень – ліпень 1944 г.).

Партызаны 99-й брыгады рабілі дыверсіі на ўчастку чыгункі Бабруйск – Асіповічы, Баранавічы – Лунінец. Правялі шматлікія баі па разгроме варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. Удзельнічалі ў абарончых баях на рацэ Ясельда ў час карнай аперацыі гітлераўцаў у красавіку 1944 г. На Агінскім канале навялі пераправу і ўтрымлівалі яе да падыходу часцей Чырвонай арміі. Разам з воінамі 138-га стралковага палка вызвалялі райцэнтр Целяханы, вёскі Азарычы і Краглевічы. 10 ліпеня 1944 г. брыгада, у якой тады засталіся атрады імя К. Я. Варашылава, імя М. Ц. Грабко і імя М. М. Воранава (усяго 415 чалавек), злучылася з Чырвонай арміяй.

Пасля вызвалення Беларусі Андрэй Ціханавіч на партыйнай і адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце ў Брэсцкай вобласці. Каля дзесяці гадоў працаваў другім сакратаром Камянецкага райкама КПБ. Гэта быў складаны час аднаўлення мірнага жыцця. У Камянецкім раёне акупанты загубілі 5400 жыхароў, спалілі 33 вёскі, 1400 дамоў, знішчылі 72 школы, дзве бальніцы. Работы па аднаўленні знішчанай народнай гаспадаркі ўзначалілі былыя партызанскія камандзіры. У другой палове 1940-х ішла паскораная калектывізацыя сельскай гаспадаркі, з 1950 г. з мэтай эканамічнай эфектыўнасці праводзілі ўзбуйненне калгасаў шляхам іх аб’яднання.

У 1954 г. А. Ц. Чайкоўскі скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1955–1968 гг. кіраваў калгасам імя М. І. Калініна ў в. Старое Сяло Матыкальскага сельсавета Брэсцкага раёна. Калгас па паказчыках быў сярэднім, меў шэраг праблем. У калгасе меўся сад плошчай 47 га, які даваў пастаянны даход. Яшчэ на 5 га вырошчвалі саджанцы груш, яблынь, сліў, якія рэалізоўвалі насельніцтву і ў іншыя гаспадаркі.

На 1965 г. «калінінцы» бралі абавязацельствы атрымаць з кожнага гектара 110 ц бульбы, 10 ц зернавых, 200 ц цукровых буракоў, 350 ц зялёнай масы кукурузы, надаіць па 1750 кг малака ад кожнай каровы, настрыгці шэрсці па 3,5 кг ад кожнай авечкі, мець на канец года 323 каровы, 264 свінні, 100 авечак. У 1960-я ўраджайнасць зернавых заставалася нізкай — каля 10–11 ц/га, на 1968 г. «калінінцы» ставілі задачу атрымаць 12 ц/га.

Калгаснікі атрымлівалі на працадзень па 1 кг зерня. На свае сродкі калгас у 1966 г. пабудаваў цагляны клуб з глядзельнай залай на 200 месцаў, трыма пакоямі для гурткоў, бібліятэкай. За праектам клуба старшыні давялося ехаць у Мінск. На брацкай магіле 50 савецкіх воінаў, якія загінулі ў час вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1956 г. пастаўлены абеліск. У 1966 г. пастаўлены помнік — скульптура воіна — на ўшанаванне памяці 16 землякоў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

З 1969 г. Андрэй Ціханавіч працаваў занальным сакратаром Брэсцкага райкама КПБ, удзельнічаў ва ўмацаванні партыйных арганізацый у гаспадарках раёна. Яго адрознівалі сціпласць, спагадлівасць, прынцыповасць. На заслужаны адпачынак выйшаў у 1977 г. — персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1948), Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, сям’ю медалямі. З жонкай, Кларай Майсееўнай (1920–1999), ураджэнкай в. Скокі, настаўніцай пачатковых класаў, выгадавалі сына Алега, дачок Святлану і Розу.

А. Ц. Чайкоўскі памёр 24 верасня 1980 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. 9 мая 1983 г. у в. Скокі на доме, дзе ён жыў у 1954–1980 гг. (вул. Паркавая, 14), урачыста адкрыта мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Чайкоўскі Андрэй Ціханавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 625.
  2. Чайковский Андрей Тихонович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 667.
  3. Чайкоўскі Андрэй Ціханавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 645.
  4. Чайкоўскі Андрэй Ціханавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 175.
  5. 99-я брыгада імя Д. Т. Гуляева // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 180–181.
  6. Партызанская брыгада 99-я імя Дз. Ц. Гуляева // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 414.
  7. Партызанская брыгада 99-я імя Дз. Ц. Гуляева // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 149–150.
  8. Якавенка Уладзімір Кірылавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 649.
  9. Шумейка, М. Ф. Любанскі бой, 1941 / М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 309.
  10. Чайкоўская Клара Майсееўна // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 264.
  11. Яковенко, В. К. Партизанки : [воспоминания командира партизанской бригады им. Д. Т. Гуляева] / Владимир Кириллович Яковенко. – Минск : Беларусь, 1989. – 270 с., [4] л. портр.
  12. Яковенко, В. К. Партизанки / Владимир Кириллович Яковенко. – Москва : Воениздат, 1980. – 304 с., [6] л. ил., портр. – (Военные мемуары).
  13. Яковенко, В. К. Партизанское междуречье : [воспоминания командира партизанской бригады им. Д. Т. Гуляева] / Владимир Кирилович Яковенко. – Москва : Политиздат, 1976. – 286 с.
  14. Яковенко, В. К. На оккупированной земле : [воспоминания командира партизанской бригады им. Д. Т. Гуляева] / Владимир Кириллович Яковенко. – [2-е изд., перераб. и доп.]. – Минск : Беларусь, 1969. – 319 с., [9] л. фот. : ил.
  15. Яковенко, В. К. На оккупированной земле / Владимир Кириллович Яковенко. – Москва : Политиздат, 1966. – 303 с.
  16. Друян, И. Л. Клятву сдержали : [воспоминания фронтовика, врача партизанской бригады им. Д. Т. Гуляева] / Ибрагим Леонидович Друян ; [литературная обработка А. А. Костюченко]. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Беларусь, 1987. – 224 с. : ил.
  17. Друян, И. Л. Клятву сдержали / Ибрагим Леонидович Друян ; [литературная обработка А. А. Костюченко]. – Минск : Беларусь, 1975. – 208 с. : ил.
  18. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). – Минск : Беларусь, 1983. – 765 с. – Из содерж.: Чайковский А. Т. С. 139, 246, 453.
  19. Справка командования партизанского отряда А. И. Патрина Минской обл. об организации и росте отряда с августа 1941 г. по 1 января 1943 г. / командир отряда Патрин,комиссар Чайковский // Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск, 1967. Т. 1. С. 503.
  20. Кирейшин, Н. В. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам : [г. Иваново] / Н. В. Кирейшин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 190.
  21. Кірэйшын, М. В. Мемарыяльная дошка воінам-вызваліцелям і партызанам : [г. Іванава] / М. Ф. Кірэйшын // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 168–169.
  22. Гарюшкин, В. Никогда не забудем : [об открытии мемориальной доски А. Т. Чайковскому в д. Скоки на доме, где он жил в 1954–1980 гг.] / В. Гаврюшкин // Заря над Бугом. Брест, 1983. 12 мая.
  23. Чайковский Андрей Тихонович : [некролог] / Соколов Е. А. [и др.] // Заря. 1980. 27 сентября.
  24. Андрей Тихонович Чайковский : [некролог] / Гуринчук А. С. [и др.] // Заря над Бугом. Брест, 1980. 27 сентября.
  25. Чайковский, А. Новый облик колхозного села : [о благоустройстве деревень Старое Село, Скоки, Бобровцы, строительстве колхозного клуба] / А. Чайковский // Заря над Бугом. Брест, 1965. 19 августа.
  26. Сенькин, Ф. В борьбе за выполнение обязательств : [о деятельности колхоза им. Калинина] / Ф. Сенькин // Заря над Бугом. Брест, 1965. 19 августа.
Чытаць 87 разоў