Серада, 05 Жнівень 2020 08:58

19 ліпеня 2020 г. — 40 гадоў з пачатку гульняў летняй ХХІІ Алімпіяды (Масква; 1980), яркага спартыўнага і культурнага свята

Летнія Алімпійскія гульні 1980 г. прайшлі з 19 ліпеня па 3 жніўня ў Маскве, сталіцы СССР. Гэта былі першыя Алімпійскія гульні на тэрыторыі Усходняй Еўропы, а таксама першыя ў сацыялістычнай краіне. 65 краін байкатавалі Алімпіяду ў СССР у сувязі з уводам савецкіх войск у Афганістан. З-за палітыкі пацярпелі многія спартсмены Захаду, усё ж у Маскоўскай Алімпіядзе прынялі ўдзел 5,5 тыс. спартсменаў з 81 краіны.

 

Частка спаборніцтваў адбылася ў іншых гарадах-спутніках Алімпіяды-80: па парусным спорце — у Таліне, футбольныя турніры — у Кіеве, Ленінградзе і Мінску. У сакавіку 1975 г. быў створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ХХII Алімпійскіх гульняў, былі разгорнуты велізарныя работы, якія закранулі не толькі гарады гульняў. У шэрагу многіх пабудаваных і рэканструяваных спецыяльна да Алімпіяды-80 аб’ектаў спорту і інфраструктуры былі і беларускія.

Праз Брэст на Маскву пралягаў шлях асноўнага патоку спартсменаў і гасцей Алімпіяды (чакалася 125 тыс. чалавек). З’явілася новая шырокая аўтамабільная дарога
М-1 Брэст – Мінск – Масква, якую празвалі «алімпійкай». Па міжнародных стандартах абноўленая чатырохпалосная траса мінала гарады Кобрын, Бярозу, Івацэвічы, Дзяржынск. Рэканструявалі вакзалы, станцыі, чыгуначныя пуці (на некаторых участках цягнікі з турыстамі пайшлі з хуткасцю 140 км/г), а таксама гасцініцы, рэстараны, кафэ. Адкрываліся пункты тэлефоннай сувязі, кніжныя магазіны, сувенірныя лаўкі. Уздоўж дарог былі высаджаны сотні тысяч дрэў.

На адрамантаваным Брэсцкім чыгуначным вакзале ўстанавілі новыя табло, інфармацыйную сістэму венгерскай вытворчасці. На Брэсцкай мытні павялічылі штат супрацоўнікаў у паўтара разы — да 227 чалавек; з’явілася новая апаратура, спецтэхніка, прыборы для выяўлення кантрабанды. У кароткі тэрмін пабудаваны асобны аўтапераход мяжы для вялікагрузных машын ля в. Казловічы Брэсцкага раёна (пункт пропуску «Казловічы» самастойна пачаў працаваць у 1984 г.). Па прыблізных падліках на Алімпіяду праз Брэст праехалі 30–40 тыс. замежных турыстаў — значна менш чакаемай колькасці.

У Брэсце, «заходніх варотах Савецкага Саюза», за кошт рэспубліканскага і саюзнага бюджэту прыводзілі ў парадак пакрыццё вуліц, фасады дамоў, агароджы. Была расшырана вул. Маскоўская ад Кобрынскага моста да выезду з горада. На той час працавалі тры гасцініцы: «Буг» (пабудаваная ў 1958 г.), «Беларусь» (1971), «Інтурыст» (1975). У 1978 г. пачалося будаўніцтва гасцініцы «Брэст» на вул. Савецкай. Хутка выраслі 14 паверхаў, але па эканамічных прычынах гасцініца не была дабудавана.

Як і ў іншых гарадах Алімпіяды, у прыгранічным Брэсце былі атабраны і абучаны людзі, якія павінны былі абслугоўваць замежных гасцей — персанал гасцініц, афіцыянты, прадаўцы; яны спешна вучылі англійскую, нямецкую і французскую мовы. Таксама ім чыталіся лекцыі па этыцы, эстэтыцы, псіхалогіі. Усяго ў Беларусі на курсах былі падрыхтаваны 20 тыс. чалавек, якія атрымалі спецыяльныя пасведчанні.

Брэсцкія мастацка-вытворчыя майстэрні выраблялі плакаты, стэнды спартыўна-алімпійскай тэматыкі і ўпрыгожвалі імі вуліцы гарадоў. На Брэсцкай фабрыцы сувеніраў распрацавалі вырабы з алімпійскай сімволікай. Была выпушчана партыя арыгінальных матрошак «Барцы»: самая вялікая фігура ў выглядзе мужчыны — бронзавага прызёра, унутры хаваўся сярэбраны прызёр, а ў тым — чэмпіён.

За некалькі дзён да адкрыцця гульняў урад СССР узнагародзіў ордэнамі, медалямі і граматамі работнікаў, якія найбольш вылучыліся на будоўлі і рэканструкцыі аб’ектаў, звязаных з правядзеннем Алімпіяды-80. Па Брэсцкай вобласці ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга атрымалі: Анатоль Лаўрэнцьевіч Гурда, вадзіцель аўтамабіля аўтатранспартнай базы № 11 Брэсцкага абласнога вытворчага аўтатранспартнага ўпраўлення; Міхаіл Аляксандравіч Макаш, машыніст экскаватара будупраўлення № 936 трэста «Белдарбуд»; Іван Паўлавіч Саўчанка, начальнік будупраўлення № 936 трэста «Белдарбуд»; Станіслаў Паўлавіч Яцута, упраўляючы дарожна-будаўнічым трэстам № 4. Ордэнамі Дружбы народаў узнагароджаны 4 працаўнікі Брэстчыны, «Знак Пашаны» — 6, Працоўнай славы II ступені — 1, Працоўнай славы III ступені — 6, медалямі «За трудовую доблесть» — 13, «За трудовое отличие» — 12.

Алімпіяда-80 — самае яркае і доўгачаканае свята таго часу. Была падрыхтавана вялікая культурная праграма, сапраўдны фестываль нацыянальных мастацтваў народаў Савецкага Саюза. Народны ансамбль танца «Радасць» Брэсцкага ГДК удзельнічаў у цырымоніі адкрыцця гульняў ХХІІ Алімпіяды на Цэнтральным стадыёне імя У. І. Леніна ў Лужніках.

У спартыўных спаборніцтвах прынялі ўдзел 46 прадстаўнікоў Беларусі, яны заваявалі 33 медалі (14 залатых, 9 сярэбраных, 10 бронзавых). У ліку прызёраў ХХII Алімпійскіх гульняў былі ўраджэнцы Брэстчыны: Леанід Аркадзьевіч Тараненка — цяжкая атлетыка, залаты медаль; Барыс Валянцінавіч Ісачэнка — стральба з лука, сярэбраны медаль; Пётр Іванавіч Пачанчук — лёкая атлетыка (спартыўная хадзьба), сярэбраны медаль.

Матэрыялы аб земляках-спартсменах — удзельніках Алімпіяд збірае Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. У 2007 г. каля Брэсцкага Лядовага палаца быў адкрыты памятны знак «Алімпійская слава Брэстчыны», дзе ўвекавечаны імёны нашых спартсменаў-алімпійцаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брестчина олимпийская / [текст, главный редактор, фото: А. М. Суворов]. – 3-е изд., перераб. и доп. – Брест : Полиграфика, 2014. – 198 с. : ил.
  2. Олимпийская страна Беларусь / сост. П. П. Рябухин. – Минск : [б. и.], 2004. – 291 с. : ил.
  3. Хавин, Б. Всё о советских олимпийцах / Борис Хавин. – Москва : Физкультура и спорт, 1985. – 464 с.
  4. Московская олимпиада в цифрах и фактах / [сост. Б. Н. Хавин]. – Москва : Физкультура и спорт, 1982. – 159 с.
  5. Олимпиада-80. День за днём / [авт.-сост. С. Н. Кружков]. – Москва : Физкультура и спорт, 1980. – 303 с.
  6. Сокрушитель рекордов. Леонид Тараненко // Брестчина олимпийская / [текст, главный редактор, фото: А. М. Суворов]. 3-е изд., перераб. и доп. Брест, 2014. С. 38–47.
  7. Тараненко Леонид Аркадьевич / А. А. Зданевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 322–323.
  8. Звенящая тетива. Борис Исаченко // Брестчина олимпийская / [текст, главный редактор, фото: А. М. Суворов]. 3-е изд., перераб. и доп. Брест, 2014. С. 68–77.
  9. Исаченко Борис Васильевич / А. А. Зданевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия. Минск, 2019. С. 321.
  10. Исаченко Бориc Валентинович// Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 209–210.
  11. Поченчук Пётр Иванович / В. Н. Кудрицкий, А. А. Новицкий // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия. Минск, 2019. С. 322.
  12. Пётр Иванович Поченчук // Олимпийская страна Беларусь / сост. П. П. Рябухин. Минск, 2004. С. 78.
  13. Юхімук, Н. Дыстанцыі салёны смак : б жыцці і дзейнасці ўдзельніка Маскоўскай Алімпіяды Пятра Пачанчука] / Н. Юхімук // Сельскае жыццё. Маларыта, 1980. 7 кастрычніка.
  14. Сердюк, Л. «Это было прекрасно!» : [о впечатлениях зарубежных гостей Олимпиады-80] / Л. Сердюк // Заря. 1980. 22 августа.
  15. Брежнев, Л. Торжество олимпийских идеалов : [о проведённой в Москве Олимпиаде-80] / Л. Брежнев // Заря. 1980. 19 августа.
  16. Ухаль, И. Старты олимпийского года : [о достижениях спортсменов Брестской области на разных соревнованиях в 1980 г.] / И. Ухаль // Заря. 1980. 9 августа.
  17. Большой успех Олимпиады : торжественное закрытие игр ХХII Олимпиады в Москве // Заря. 1980. 5 августа.
  18. О награждении орденами и медалями СССР работников, наиболее отличившихся при строительстве и реконструкции объектов, связанных с проведением Олимпиады-80 в городе Минске : Указ Президиума Верховного Совета СССР, 17 июля 1980 года : [по Брестской области] // Заря. 1980. 24 июля.
  19. Всемирный праздник спорта : торжественное открытие Игр ХХII Олимпиады в Москве / А. Беликов [и др.] // Заря. 1980. 22 июля.
  20. Поздравляем! : [награждение грамотами отличившихся работников по строительтсву и реконструкции объектов к проведению Олимпиады-80] // Заря. 1980. 22 июля.
  21. Брежнев, Л. Участникам и гостям Олимпийских игр 1980 года в Москве / Л. Брежнев // Заря. 1980. 19 июля.
  22. Ераминок, В. Курсом на столицу : [о зарубежных гостях Олимпиады-80, проезжающих через Брест] / В. Ераминок // Заря. 1980. 19 июля.
  23. Поздравляем! : [о присвоении звания «Заслуженный строитель БССР» за показатели, достигнутые при сооружении объектов, предназначенных для проведения Олимпиады-80] // Заря. 1980. 19 июля.
Чытаць 818 разоў