Аўторак, 25 Жнівень 2020 14:55

5 ліпеня 2020 г. — 50 гадоў з дня адкрыцця кургана-абеліска ў памяць жыхароў в. Зялёныя Буды, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі (Маларыцкі раён; 1970)

У першыя днi Вялікай Айчыннай вайны ў невялікую вёску Зялёныя Буды Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці дабраліся дзесяць воінаў Чырвонай арміі. Параненыя, трапіўшы ў акружэнне, не маглі дайсці да ваюючых частак. Жыхары вёскі сустрэлі іх як родных, дапамаглі з ежай і вопраткай, выхадзілі, паставілі на ногі.

 

Група чырвонаармейцаў пачала дзейнічаць у тыле ворага, прыцягваць да ўдзелу ў баявых аперацыях мясцовых жыхароў. Тут, у Зялёных Будах, што схаваліся ў лясах і ў баку ад аўтамабільных дарог, арганізаваўся першы партызанскі атрад на Маларытчыне. Сяляне дапамагалі партызанам харчамі, давалі часовы прытулак, паведамлялi сякія-такія звесткі пра немцаў.

Нямецка-фашысцкія захопнікі даведаліся аб месцы дыслакацыі народных мсціўцаў. У верасні-кастрычніку 1942 г. правялі карную аперацыю «Трохвугольнік» у Брэсцкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім і Маларыцкім раёнах. Аднойчы ўвечары ў Зялёных Будах з’явіліся гітлераўцы ў чорных мундзірах з чарапамі на рукавах. Пасаскоквалі з машыны, абкружылі вёску, але праз нейкі час пазалазілі ў кузаў і паехалі назад.

На досвітку 9 кастрычніка 1942 г. карнікі акружылі вёску, у якой налічвалася 15 двароў. У тую трагічную раніцу ў дамах не было амаль нікога з дарослых мужчын, яны знаходзіліся ў партызанскай стаянцы. Некалькі чалавек паспелі збегчы ў лес і схавацца: Павел Кузьміцкі, Халімон Галёнка, Нічыпар Драневіч і інш. Фашысты забралі жывёлу з хлявоў, потым загналі састарэлых, жанчын і дзяцей у хлявы і расстралялі: 29 чалавек. Самаму малодшаму з іх было толькі пяць месяцаў. Потым хлявы з ахвярамі спалілі, як усю вёску.

За гады акупацыі ў Маларыце і раёне захопнікі загубілі 3349 чалавек, поўнасцю або часткова спалілі шэраг вёсак: Боркі (загубілі 711 жыхароў, сярод іх 130 дзяцей), Забалацце (спалілі 151 двор, загубілі 323 жыхароў), Гвозніца (спалены 167 двароў, загінуў 31 чалавек), Навалессе (спалілі 110 двароў, загубілі 68 жыхароў), Ацяты (расстраляны 34 жыхары), Багуслаўка (загубілі 28 жыхароў), Лешніца, Нікольскае, Гарохавішча, Отчын і інш.

Гісторыя сусветнай цывілізацыі не ведае такога масавага і зверскага знішчэння людзей, якое ўчынілі гітлераўцы на акупіраванай тэрыторыі СССР. Гераічныя дзеянні партызан і наступленне Чырвонай арміі сарвалі намер фашыстаў ператварыць беларускую зямлю ў мёртвую зону. Маларытчына была вызвалена 20 ліпеня 1944 г.

Вёска Зялёныя Буды Велікарыцкага сельсавета пасля вайны не адрадзілася. На месцы былой вёскі, якое знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад невялікай в. Баравая (да 1964 г. Каростаўка), працаўнікі калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС (Велікарыта), ушаноўваючы памяць аб ахвярах фашызму, насыпалі курган, на вяршыні якога паставілі абеліск з чырвонай зоркай. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 5 ліпеня 1970 г.

Прыйшлі работнікі калгаса і састарэлыя, моладзь і школьнікі з усіх населеных пунктаў калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС. Прыехалі людзі з калгасаў «Чырвоны партызан» (Лукава), «17 Верасня» (Дарапеевічы), імя Крупскай (Чарняны), імя Кірава (Макраны), «Шлях да камунізму» (Масевічы), дэлегацыі калектываў прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра, работнікі партыйных і савецкіх органаў раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Многія з прыехаўшых — актыўныя ўдзельнікі партызанскага руху на Маларытчыне, баявым сябрам было аб чым пагаварыць.

Мітынг, прысвечаны адкрыццю кургана-абеліска, адкрыў старшыня выканкама Велікарыцкага сельсавета М. К. Карпук. Пад гукі Дзяржаўных гімнаў СССР і БССР павольна здымаецца пакрывала, перад вачымі прысутных з’яўляецца абеліск славы, на яго фасадзе ўпісаны імёны тых, хто загінуў 9 кастрычніка 1942 г. Каля абеліска паўстаў ганаровы каравул піянераў. Сакратар партарганізацыі калгаса І. Т. Кузьміч зачытвае спіс загінуўшых з дзесяці сем’яў. Вось сям’я Кіцель: Марыя Нікіфараўна — 33 гады, яе дзеці: Коля — 13 год, Пеця — 10 год, Воля — 5 год, Саша — 9 месяцаў.

Мінутай маўчання прысутныя ўшаноўваюць памяць аб ахвярах гітлераўскіх захопнікаў. Адзін за адным выступаюць прамоўцы: першы сакратар райкама КПБ І. Ф. Буткевіч, відавочца зверскай расправы Павел Гаўрылавіч Кузьміцкі, старшыня выканкама Макранскага сельсавета, былы намеснік камандзіра партызанскага атрада І. М. Круглік, дырэктар Велікарыцкай сярэдняй школы С. П. Кузьміцкі, першы сакратар райкама ЛКСМБ С. Ф. Власюк, піянерка Таня Бурштын.

Прамоўцы гаварылі аб мужнасці і гераізме савецкіх людзей у барацьбе з ворагам у час Вялікай Айчыннай вайны, аб патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Пад гукі жалобнага марша ля падножжа кургана-абеліска ўскладваюцца вянкі і кветкі. Спіс з імёнамі загінуўшых закладваецца ў нішу кургана-абеліска для вечнага захоўвання. Пад урачыстыя гукі гімна Савецкага Саюза мітынг аб’яўляецца закрытым.

Вёска Зялёныя Буды ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» (Лагойскі раён), які быў адкрыты годам раней — 5 ліпеня 1969 г. Маланаселеная в. Баравая паступова засталася без людзей, у 2000-я знікла з карты раёна. Цяпер дабрацца да кургана-абеліска можна ад в. Антонава Велікарыцкага сельсавета, праехаўшы на поўдзень 3 км.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Вёска Зялёныя Буды : [успаміны В. Кузьміцкай аб трагедыі 9 кастрычніка 1942 г.; спіс загінуўшых] // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 212–213.
  2. Зялёныя Буды : [гісторыя вёскі] // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 518.
  3. Зялёная Буда // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 224.
  4. Населеныя пункты Маларыцкага раёна, знішчаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1944 гг. // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 208.
  5. Витер, М. С. Так начиналась война : [воспоминания уроженки д. Зелёные Буды 1928 г. р.] / Мария Степановна Витер ; подготовил к публикации Василевич П. М. // Живая память о войне : воспоминания участников и свидетелей событий Великой Отечественной войны. Могилёв, 2014. С. 32–36.
  6. «Трохвугольнік» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 591.
  7. Место сожжённой деревни : [д. Зелёная Буда (не существует)] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 300.
  8. Месца спаленай вёскі : [в. Зялёная Буда (не існуе)] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 271.
  9. Малорита и ее окрестности : [фотоальбом / авт.-сост.: В. Зенько, Э. Злобин] Пинск : Паляшук, 2008. 47 с. : фот.
  10. Яцушкевіч, К. Рэквіем вогненных вёсак / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. Маларыта, 2018. 21 сакавіка. С. 1, 5.
  11. Маркаў, В. 13 вёсак паўтарылі лёс Хатыні / В. Маркаў // Голас часу. Маларыта, 2010. 21 ліпеня.
  12. Маркаў, В. Жыць і памятаць. Боль і смутак не сціхнуць : [пра знішчаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі вёскі Маларыцкага раёна] / В. Маркаў // Голас часу. Маларыта, 1992. 7 кастрычніка.
  13. Кудраўцава, А. Ніхто не забыты, нішто не забыта : [аб урачыстым адкрыцці кургана-абеліска ў памяць жыхароў в. Зялёныя Буды] / А. Кудраўцава ; фота С. Хатынюка // Сельскае жыццё. Маларыта, 1970. 9 ліпеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 57 разоў