Аўторак, 25 Жнівень 2020 15:27

12 лістапада 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Міхайлавіча Сцяжкіна (1920–1944), удзельніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Героя Савецкага Саюза (1944)

Міхаіл Міхайлавіч Сцяжкін нарадзіўся 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Нова-Улала Бійскага павета Томскай губерні (цяпер п. Улалушка Маймінскага раёна Горна-Алтайскай аўтаномнай вобласці Алтайскага краю) у сялянскай сям’і. Скончыў пяць класаў, з 1937 г. жыў у г. Бірабіджане, працаваў на мясакамбінаце і ў канторы «Заготзерно». Захапляўся спортам, добра бегаў на лыжах. У 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў артылерыю.

 

На франтах Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Сцяжкін з 1942 г. Служыў у 57-м артылерыйскім палку 95-й стралковай дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту. Удзельнік вызвалення Беларусі. Камандзір гарматы сяржант М. М. Сцяжкін вызначыўся падчас Магілёўскай аперацыі — часткі Беларускай наступальнай аперацыі.

Магілёўская аперацыя была праведзена 23–28 чэрвеня 1944 г. войскамі 2-га Беларускага фронту. У яе ходзе былі скаваныя на магілёўскім напрамку значныя сілы ворага, што ў далейшым садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на ўсход ад Мінска. Была разромлена магілёўская групоўка праціўніка, вызвалены абласны цэнтр Магілёў. За гераізм у Магілёўскай аперацыі 92 савецкія воіны атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

28 чэрвеня 1944 г. каля в. Княжыцы Магілёўскага раёна Міхаіл Сцяжкін гарматным агнём адбіў контратаку праціўніка, які імкнуўся выйсці на шашу Магілёў – Мінск. Нягледзячы на моцны мінамётна-артылерыйскі і кулямётны агонь, паспяхова манеўруючы і мяняючы пазіцыю, вёў прыцэльны агонь па працінўніку. Знішчыў 5 гармат (з іх 2 самаходныя), 13 аўтамашын і каля роты гітлераўцаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 жніўня 1944 г. М. М. Сцяжкіну прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Таксама ўзнагароджаны медалём «За боевые заслуги» (1943).

Пры вызваленні Польшчы М. М. Сцяжкін быў цяжка паранены, у шпіталі памёр ад ран 24 снежня 1944 г. Пахаваны ў брацкай магіле пры ўваходзе ў Брэсцкі гарадскі парк культуры і адпачынку (вул. Леніна, 1).

Яго імем названа вуліца ў Горна-Алтайску, устаноўлены бюст. У Бірабіджане на вуліцы яго імя на доме № 15 устаноўлена мемарыяльная дошка (1992), яго імем названы мікрараён горада. 18 чэрвеня 1987 г. М. М. Сцяжкіну прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Бірабіджана». У 2015 г. яго імя увекавечана на асобным гранітным пілоне Алеі Герояў у скверы Перамогі г. Бірабіджана. У музеі СШ № 15 г. Брэста захоўваюцца сабраныя пра героя матэрыялы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Стяжкин Михаил Михайлович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 181.
  2. Стяжкин Михаил Михайлович // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 335.
  3. Стяжкин Михаил Михайлович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 534.
  4. Стяжкин Михаил Михайлович // Навечно в сердце народном. Изд. 2-е, доп. и перераб. Минск, 1977. С. 434.
  5. Сцяжкін Міхаіл Міхайлавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 147.
  6. Магілёўская аперацыя, 1944 / У. І. Лемяшонак // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 319–320.
  7. Братская могила советских воинов и партизан : [г. Брест] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 43–44.
  8. Братские могилы советских воинов и партизан // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 98.
  9. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан : [г. Брэст] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 38–39.
Чытаць 58 разоў