Панядзелак, 31 Жнівень 2020 12:22

30 ліпеня 2020 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Івана Андрэевіча Жытко (1930–2013), пісьменніка-гумарыста

Іван Андрэевіч Жытко нарадзіўся 30 ліпеня 1930 г. у вёсцы Гукова Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У дзяцінстве Івану давялося пабачыць жахі Вялікай Айчыннай вайны, пакінуць у памяці і перажыць пасляваенныя неспакойныя гады.

 

У 1950–1953 гг. Іван Жытко праходзіў службу ў войсках Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля дэмабілізацыі скончыў школу бахгалтараў прамысловага ўліку, у 1954 г. прыехаў працаваць рахункаводам-касірам фінаддзела ў г. Камянец Брэсцкай вобласці. З 1957 па 1983 г. служыў у Камянецкім РАУС на розных пасадах: участковым упаўнаважаным, аператыўным упаўнаважаным, старшым аператыўным упаўнаважаным крымінальнага вышуку.

Завочна закончыў Вышэйшую школу МУС СССР у Маскве і ў 1972 г. быў назначаны начальнікам аддзялення пазаведамаснай аховы Камянецкага РАУС. Калі Іван Жытко пачынаў тут сваю службу, ахова налічвала пяць брыгад вартаўнікоў (280 чалавек), якія ахоўвалі важныя аб’екты ў Камянцы, Высокім і Жабінцы: банк, заводы, аўтабазу, гаспадарку «Белавежская пушча». Паступова пачалі ўкараняцца тэхнічныя сродкі аховы. За час службы ўзнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» III, II і I ступеняў,
«50 год савецкай міліцыі», знакам «Выдатнік міліцыі».

Іван Андрэевіч — майстар гумарэсак. У 1961 г. упершыню напісаў у камянецкую раённую газету «Ленінец» пра злачынства, якое расследаваў. Першая публікацыя пісьменніка называлася «Футра». Спроба пяра аказалася ўдалай, атрымалася цікава і з гумарам. Пачалося плённае супрацоўніцтва з газетай, якое працягнулася надоўга.

Творы Івана Жытко друкаваліся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выданнях, калектыўных зборніках. Выдаў чатыры кнігі гумарэсак: «Смех на высадку» (1997), «Прыз» (2001), «І смех, і бяда» (2005), «Смех смехам» (2010). У апошнюю ўвайшлі творы, выбраныя з трох папярэдніх выданняў, а таксама неапублікаваныя. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2008 г.

Гумарэскі І. А. Жытко самабытныя, добразычлівыя, сяброўскія. Асаблівы каларыт у тым, што аўтар укладае ў вусны сваіх герояў — простых людзей — спецыфічную гаворку, аздобленую рознымі прыказкамі і прымаўкамі, якія вельмі яскрава характарызуюць сваіх уладальнікаў. Ён не столькі высмейвае, колькі паказвае смешнае ў жыцці і чалавечым характары. Іван Андрэевіч усе чытацкія надзеі ў высокай меры апраўдвае. Здольнасць да вясёлага слоўца, увасобленая па-свойму: цудоўна і вобразна, выявілася ў апавяданнях, якім наканавана жыць гады.

І. А. Жытко выйшаў на пенсію ў чэрвені 1983 г., але з калектывам не парываў — з’яўляўся старшынёй ветэранскай арганізацыі Камянецкага аддзела Дэпартамента аховы МУС. Заўсёды знаходзіў час для сустрэч з маладымі супрацоўнікамі міліцыі, дзяліўся з імі багатым жыццём і прафесійным вопытам. Цікавіўся гісторыяй стварэння і дзейнасці міліцыі Камянецкага раёна. Выдаў дзве кніжкі, прысвечаныя міліцыі. Адна з іх — да
70-годдзя Камянецкага аддзела міліцыі — расказвае пра былых супрацоўнікаў і сучаснікаў.

29 верасня 2013 г. жыццё Івана Андрэевіча абарвалася.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліёграф сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных паслуг

 

Творы І. А. Жытко

  1. Смех смехам : гумарэскі / Іван Жытко ; [уступ. сл. А. Крэйдзіча]. – Брэст : Альтернатива, 2010. – 79 с.
  2. І смех, і бяда : гумарэскі / Іван Жытко. – Брэст : Академия, 2005. – 47 с.
  3. Аб’яднанню «Ахова» — 50 год : Камянецкае раённае аддзяленне аб’яднання «Ахова» / [уклад. І. А. Жытко]. – Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 2002. – 26 с. : іл.
  4. Прыз : гумарэскі / Іван Жытко. – Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 2001. – 32 с.
  5. Смех на высадку : гумарэскі / Іван Жытко ; [прадмова Н. Гарагляд]. – Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 1997. – 23 с.
  6. Час суровы, незабыўны : [з гісторыі ўтварэння міліцыі ў Камянецкім раёне] / Іван Жытко // Навiны Камянеччыны. 2007. 3 сакавіка. С. 3.

 

Аб жыцці і творчасці І. А. Жытко

  1. Жытко Іван Андрэевіч // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біябібліяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі / склад. Н. М. Парчук. Брэст, 2018. С. 78–79.
  2. Нарэйка, Н. Паэзія і проза : [аб сустрэчы з І. Жытко ў Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага] / Настасся Нарэйка // Навiны Камянеччыны. 2012. 29 верасня. С. 5.
  3. Паталкоў, Ю. Выратаванне смехам : [пра кнігу І. Жытко «Смех смехам»] / Юрый Паталкоў // Народная трыбуна. 2011. 21 мая. С. 11.
  4. Кандрашук, Н. Смех Івана Жытко / Наталля Кандрашук // ЛіМ. 2010. 19 лістапада. С. 6.
  5. Юшкевіч, Г. Сувязная нітка пакаленняў : [пра былога начальніка аховы Камянецкага падраздзялення, старшыню ветэранскай арганізацыі І. А. Жытко] / Галіна Юшкевіч // Навіны Камянеччыны. 2010. 27 кастрычніка. С. 3.
  6. Нарэйка, Н. З гумарам па жыцці : [аб прэзентацыі новага зборніка гумарэсак І. Жытко «Смех смехам» у Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага] / Настасся Нарэйка // Навiны Камянеччыны. 2010. 28 жніўня. С. 4.
  7. У сям’і пісьменнікаў — папаўненне : [І. Жытко — член Саюза пісьменнікаў Беларусі] // Навіны Камянеччыны. 2008. 18 кастрычніка. С. 3.
  8. Гарагляд, Н. У гонар юбілею : [аб кнізе І. Жытко «Ахова»] / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2002. 30 кастрычніка.
  9. Гарагляд, Н. «Смех на высадку» : [пра аднайменны зборнік гумарэсак І. Жытко] / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 1998. 2 ліпеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 66 разоў