Аўторак, 01 Верасень 2020 14:07

24 жніўня 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іосіфавіча Салятыцкага (1940), скульптара

Анатоль Іосіфавіч Салятыцкі нарадзіўся 24 жніўня 1940 г. у вёсцы Слабодка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1972). Вучыўся ў А. Бембеля, А. Анікейчыка, Г. Мурамцава. Пасля заканчэння інстытута працаваў у г. Гродна на камбінаце «Мастацтва» (1972–2000).

 

А. І. Салятыцкі працуе ў станковай і манументальнай скульптуры, а таксама ў афарміцельскім мастацтве.Удзельнік мастацкіх выставак з 1974 г. У 1978 г. прыняты ў Саюз мастакоў СССР.

Сярод станковых твораў кампазіцыі «Сцяганосец» (1975), «Раніца» (1976), «Няскораная» (1978), «За зямлю» (1980), партрэты В. І. Соламавай (1976), Героя Сацыялістычнай Працы П. І. Дзеншчыкова (1981).

Асноўныя работы А. І. Салятыцкагаў манументальным мастацтве: бюсты С. В. Прытыцкага ў г. п. Бераставіца (1977) і Героя Савецкага Саюза А. І. Канарчыка ў в. Наўянкі Воранаўскага раёна (1985, у суаўтарстве з У. Церабунам), помнікі Герою Савецкага Саюза Дз. М. Карбышаву ў г. Гродна (1975), І. Ю. Філідовічу ў г. п. Дзятлава (1980), ахвярам фашызму ў в. Гліняны Гродзенскага раёна (1982), воінам-інтэрнацыяналістам у г. Гродна (1992), мемарыяльныя знакі настаўнікам і вучням СШ № 1 г. Гродна, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (1981), С. К. Камышаву ў в. Заполле Навагрудскага раёна (1982).

Анатоль Іосіфавіч выканаў рэльефнае пано «Дзеці народаў свету» для Гродзенскага палаца піянераў і школьнікаў (1975, у суаўтарстве з У. Церабунам), дэкаратыўную свяцільню ў інтэр’еры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра (1983, у суаўтарстве). Стварыў рэльеф з мазаікай «Космас» для піянерскага лагера на р. Котра ў Шчучынскім раёне (1981), люстры для санаторыя «Беларусь» у г. Друскінінкай (Літва, 1981) і гасцініцы «Прыпяць» у Пінску (1986).

Мастак шчыра клапоціцца аб захаванні памяці беларускай гісторыі. На пачатку 1990-х Анатоль Салятыцкі па заказе Гродзенскага гарвыканкама выканаў бюст паэта Лейбы Найдуса (1890–1918), але помнік не быў устаноўлены. Аўтар мемарыяльнай дошкі з барэльефным партрэтам П. А. Сталыпіна (2011), якая ўстаноўлена на будынку Гродзенскага аблвыканкама.

Творы А. І. Салятыцкага знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Гродзенскага гісторыка-археалагчіныага музея і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

 

  1. Солитыцкий (Салятыцкий) Анатолий Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 359.
  2. Салятыцкі Анатоль Іосіфавіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 484.
  3. Салятыцкі Анатоль Іосіфавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 622–623.
  4. Солятицький Анатолий // Словник Берестейщини / В. Леонюк. Львів, 1996. С. 285.
  5. Салятыцкий Анатолий Иосифович // Известные уроженцы Гродненской области : Vive La Принеманье / А. П. Гостев. Гродно, 2016. Прил. 4. С. 316–333.
  6. Анікін, С. І. Палац піянераў і школьнікаў : [Гродна] / С. І. Анікін, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 73.
  7. Савіцкі, Э. М. Помнік Карбышаву Дзмітрыю Міхайлавічу : [Гродна] / Э. М. Савіцкі, Г. М. Ярмоленка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 74–75.
  8. Ватковіч, Г. Б. Помнік Прытыцкаму Сяргею Восіпавічу : [Бераставіца] / Г. Б. Ватковаіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 112–113.
  9. Лапцэвіч, Л. Г. Помнік Філідовічу Іосіфу Юр’евічу : [Дзятлава] / Л. Г. Лапцэвіч, А. Г. Шчарбатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 171.
  10. Ивановский, В. Уходят годы — остаются памятники : [о монументальных работах гродненского скульптора А. И. Салятыцкого] / Витольд Ивановский // Перспективы. Гродно, 2004. 2 июля. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 975 разоў