Аўторак, 01 Верасень 2020 14:09

12 верасня 2020 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дзіянісавіча Севасцьянава (1885–1956), ваеннага дзеяча, генерал-маёра юстыцыі, удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Уладзімір Дзіянісавіч Севасцьянаў нарадзіўся 12 верасня 1885 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і служачых. Са жніўня 1918 г. Уладзімір Севасцьянаў у Чырвонай арміі. Член партыі бальшавікоў з 1919 г. Удзельнік Грамадзянскай вайны, служыў у Ташкенце, Куйбышаве, прымаў удзел у баях на Паўднёвым фронце, супраць бандаў Мамантава і Махно, затым быў накіраваны на Далёкі Усход.

 

Свой лёс Уладзімір Севасцьянаў звязаў з ваеннай юстыцыяй. Органы ваеннай юстыцыі былі прызваныя знаходзіцца на варце савецкіх законаў ва Узброеных Сілах СССР. Пасля Грамадзянскай вайны ваенныя трыбуналы пераўтварыліся ў спецыялізаваныя судзебныя органы для здзяйснення правасуддзя ва Узброеных Сілах, а таксама для разгледжання спраў аб здзяйсненні найболей небяспечных злачынстваў. Органы ваеннай юстыцыі займаліся і планавай прафілактычнай работай па папярэджанні правапарушэнняў у часцях, звярталі ўвагу на стан забеспячэння гарнізонаў.

Сваю дзейнасць у органах ваеннай юстыцыі Уладзімір Севасцьянаў пачаў з пасады следчага ваеннага трыбунала 13-й арміі ў чэрвені 1919 г. У перыяд з лістапада 1922 па чэрвень 1930 г. праходзіў службу на пасадзе старшыні ваеннага трыбунала Марскіх сіл Чорнага мора. З чэрвеня 1930 па кастрычнік 1937 г. — старшыня ваеннага трыбунала Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі.

З 1937 г. У. Д. Севасцьянаў — намеснік старшыні ваеннага трыбунала Прыволжскай ваеннай акругі, потым — арміі. 17 лютага 1936 г. прысвоена званне брыгаднага ваенюрыста. У кастрычніку 1937 г. пераведзены з Сярэдняй Азіі ў Прыбалтыку на пасаду намесніка старшыні ваеннага трыбунала. У лютым – снежні 1940 г. — старшыня ваеннага трыбунала Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругі, са снежня 1940 г. — старшыня ваеннага трыбунала 7-й асобнай арміі Ленінградскай ваеннай акругі.

З чэрвеня 1941 г. і ў Вялікую Айчынную вайну У. Д. Севасцьянаў — старшыня ваеннага трыбунала Асобнай арміі і Ціхаакіянскага флоту. З 29 снежня 1941 г. — дывізійны ваенюрыст. 11 сакавіка 1943 г. яму было прысвоена званне генерал-маёра юстыцыі. З сакавіка 1944 па сакавік 1947 г. — старшыня ваеннага трыбунала Ціхаакіянскага флоту.

Ва ўмовах вайны работа ваеннай пракуратуры была разнастайнай і рознабаковай, аднак з арганізацыйнага і функцыянальнага боку гледжання па-ранейшаму ўкладвалася ў дзве асноўныя формы: агульны нагляд за законнасцю ў арміі і крымінальнае праследаванне злачынстваў.

Пасля вайны У. Д. Севасцьянаў — старшыня ваеннага трыбунала Ваенна-марскога гарнізона Ленінграда. З ліпеня 1950 г. Уладзімір Дзіянісавіч у адстаўцы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі.

Выхаваў сыноў Аркадзія (1909–1954) і Уладлена (1931–2015). Аркадзій Уладзіміравіч Севасцьянаў скончыў інстытут сувязі, працаваў радыёінжынерам; 16 кастрычніка 1941 г. уступіў у Маскоўскую рабочую дывізію, на фронце служыў радавым, сержантам, камандзірам аддзялення сувязі, узнагароджаны медалямі; на пачатку 1943 г. быў цяжка паранены, пасля шпіталя яшчэ праслужыў 10 гадоў, пакуль вынікі ранення не прывялі да інваліднасці і ўрэшце да заўчаснай смерці.

Уладзімір Дзіянісавіч Севасцьянаў памёр 21 мая 1956 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Севастьянов Владимир Дионисович // Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 105.
  2. Севасцьянаў Уладзімір Дзянісавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 462.
  3. 135 гадоў з дня нараджэння У. Д. Севасцьянава (1885) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 149.
  4. Севасцьянаў Уладзімір Дзянісавіч // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2014. № 9. С. 12 (дадатак: Даты беларускага календара).
Чытаць 796 разоў