Панядзелак, 07 Верасень 2020 09:26

3 жніўня 2020 г. — 45 гадоў з дня нараджэння Юрыя Уладзіміравіча Блінова (1975–2019), музыканта, кампазітара, лаўрэата міжнародных конкурсаў, доктара музычных мастацтваў

Юрый Уладзіміравіч Бліноў нарадзіўся 3 жніўня 1975 г. у г. Драгічыне Брэсцкай вобласці. Ужо ў раннім дзяцінстве ў хлопчыка праявілася незвычайная цяга да музыкі. З часам станавілася відавочным, што ў Юрыя ёсць музыкальныя здольнасці, якія былі ўласцівы яго продкам па бацькоўскай і мацярынскай лініях. У чатыры гады пачаў чытаць, у чатыры з паловай — пісаць.

 

Спачатку Юрый вучыўся ў Мінскай музычнай школе № 145, а з 1983 г. — у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе для адораных дзяцей пры Белдзяржфілармоніі, у класе педагога Інесы Іванаўны Барташэвіч. Канцэртная дзейнасць Юрыя Блінова пачынаецца яшчэ падчас вучобы ў школе. У 1986 г. ён выканаў 2-і фартэпіянны канцэрт Дзмітрыя Шастаковіча ў Вялікай зале Ленінградскай філармоніі з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам БССР пад кіраўніцтвам Юрыя Яфімава.

Юрый Бліноў скончыў Рэспубліканскі музычны ліцэй, а затым Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру ў класе прафесара Людмілы Сяргееўны Шаламенцавай. Працаваў два гады салістам Белдзяржфілармоніі, пабываў з канцэртамі ў многіх беларускіх гарадах, а таксама ў Расіі.

Малады музыкант прымаў удзел у розных прэстыжных конкурсах, канцэртах, гастролях: Усесаюзны конкурс вучняў спецыялізаваных музычных школ у Тбілісі (пятае месца); I Міжнародны конкурс імя С. Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбургу (I месца, 1992); яго першыя замежныя гастролі — шэсць канцэртаў у Японіі (1993); конкурс у Пекіне (1999).

Пасля быў плённы перыяд у ЗША (2000–2009).Юрый Бліноў стажыраваўся ў Тэхаскім Хрысціянскім універсітэце, вучыўся ў дактарантуры Істменаўскай школы музыкі, дзе абараніў ступень доктара музычных мастацтваў (2009). Былі сольныя імпрэзы і выступленні з аркестрамі Расіі, Еўропы і Амерыкі, міжнародныя конкурсы і фестывалі. Запомніліся сольны канцэрт у рэзідэнцыі губернатара штата Юта для ганаровых гасцей Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці, сольны канцэрт у камернай зале Карнэгі-Хол (2006).

Два гады выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі, затым працаваў у Белдзяржфілармоніі, да 2017 г. у Дзяржаўным камерным аркестры. Харызма, прафесіяналізм і артыстызм Юрыя Блінова прываблівалі многіх музыкантаў, у яго з’явілася вялікая колькасць сяброў у розных краінах свету. Разам з імі ўдзельнічаў у імпрэзах у замежных краінах (Германія, Польшча, Венгрыя і інш.), арганізоўваў іх канцэрты ў Мінску. Быў аўтарам, арганізатарам і ўдзельнікам вялікай колькасці розных тэматычных канцэртаў і фестываляў.

Піяніст меў фенаменальна шырокі рэпертуар: больш за 50 сольных праграм, якія ахоплівалі ўсе стылі фартэпіяннай музыкі, а таксама 40 канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам. Акрамя інтэнсіўнай выканаўчай дзейнасці ён з поспехам выкладаў, а таксама займаўся кампазіцыяй. З 2008 г. з’яўляўся прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі піяністаў і кампазітараў, якая займаецца падтрымкай і прапагандай творчасці маладых аўтараў і выканаўцаў.

Ю. У. Бліноў у Драгічыне заснаваў Міжнародны конкурс юных выканаўцаў і кампазітараў «Палескі агеньчык», з’яўляўся яго арт-дырэктарам. Ужо на першым «Палескім агеньчыку» было 250 удзельнікаў з 9 краін. У гэтым конкурсе ў 2014, 2016 і 2018 гг. прынялі ўдзел сотні выканаўцаў і членаў журы больш як з 11 краін свету.

Сябраваў са спортам — бегаў марафоны (42 км), трэніраваўся разам з прафесійнымі футбалістамі. Спорт, з аднаго боку, разгружаў ад нагрузак у прафесійнай музыцы, з другога — натхняў на стварэнне музычных твораў на спартыўную тэматыку. Так з’явіўся цыкл п’ес «Дэкатлон», прысвечаны беларускаму дзесяціборцу Андрэю Краўчанку — сярэбранаму прызёру Алімпіяды-2008, канцэрт для фартэпіяна, струннага аркестра і свістка «Concerto-Krooso», прысвечаны нямецкаму футбалісту Тоні Кросу, музычная п’еса ў гонар футбольнага клуба «Крумкачы».

Захапляўся літаратурай, астраноміяй, любіў прыроду, прафесійна прадказваў надвор’е, бегаў марафоны, арганізоўваў футбольны клуб «Крумкачы», пісаў вершы, многа фатаграфаваў — жыццё яго было вельмі насычаным і рознабаковым. Ён увесь час бег, імкнуўся паўсюль паспець.

21 красавіка 2019 г. на экалагічным марафоне ў Гомелі медыкі амаль гадзіну безвынікова праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы Юрыю Блінову, які ўпаў за пяць метраў да фінішу. Але сэрца зорнага піяніста сцішылася назаўжды.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат.

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Блинов Юрий Владимирович // Гордость Беларуси. Молодые, талантливые, одаренные / [составители: В. В. Андриевич, Л. В. Языкович]. Минск, 2015.
    С. 2021.
  2. Юрый Уладзіміравіч Бліноў // Памяць. Драгічынскі раён : гіст-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 447–448.
  3. Мечная, Н. Памяці віртуоза : [Ю. У. Бліноў] / Наталля Мечная ; фота з архіва сям’і Юрыя Блінова // Драгічынскі веснік. 2020. 22 красавіка. С. 4–5.
  4. Мечная, Н. Памяці віртуоза-піяніста : [Ю. У. Бліноў] / Наталля Мечная ; фота з архіва сям’і Юрыя Блінова і Валерыя Караля // Заря. 2020. 25 апреля. С. 10–11.
  5. Шпак, Х. Памяці віртуоза : [Ю. У. Бліноў] / Хрысціна Шпак // Янаўскі край. Іванава, 2020. 24 красавіка (№ 17). С. 9 : фат.
  6. Ганул, Н. Імпульс Блінова : [вечарына памяці Ю. Блінова] / Наталля Ганул // Мастацтва. 2019. № 11. С. 24–25.
  7. Шафран, Г. Музычная школа імя Ю. У. Блінова — заслужанае ўшанаванне / Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2019. 15 чэрвеня. С. 12.
  8. Юшковец, И. Достоин памяти земляков : [об инициативе по увековечиванию памяти Ю. Блинова] / Ирина Юшковец // Драгічынскі веснік. 2019. 12 чэрвеня. С. 3.
  9. В Дрогичине планируют увековечить память Юрия Блинова // Драгічынскі веснік. 2019. 8 чэрвеня. С. 3.
  10. Арлоў, У. Памяці Юрыя Блінова / Уладзімір Арлоў // Культура. 2019. 1 чэрвеня (№ 22). С. 14–15.
  11. Бунцэвіч, Н. Нязгасны агеньчык : [памяці Ю. Блінова] / Надзея Бунцэвіч // Культура. 2019. 27 красавіка (№ 17). С. 3.
  12. Скончался наш земляк Юрий Блинов // Драгічынскі веснік. 2019. 24 красавіка. С. 7.
  13. Бліноў, Ю. «Я адчуваю сябе палешуком» / Юрый Бліноў ; запісала Ірына Свірко // Рэспубліка. 2019. 14 лютага. С. 13.
  14. Шафран, М. Конкурс «Палескі агеньчык» завершился, но продолжает светить / Марина Шафран ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2018. 6 чэрвеня. С. 1–2.
  15. Клімаў, А. Стварыць падзею? Бліноў з такіх! : [падарожжа па ўстановах культуры Драгічына з піяністам Ю. Бліновым] / Алег Клімаў // Культура. 2017. 28 студзеня (№ 4). С. 10–11.
  16. Котковец, А. Дрогичин собирает виртуозов / Алла Котковец // Заря. 2016. 2 июня. С. 17.
  17. Овсепьян, И.Детипросто класс : [о музыкальном конкурсе «Палескі агеньчык» в Дрогичине] / Ирина Овсепьян // Советская Белоруссия. 2016. 1 июня. С. 11.
  18. Лісава, А. Concerto для чэмпіёна : [аб творчасці кампазітара Ю. Блінова] / Алена Лісава // Мастацтва. 2016. № 3. С. 17.
  19. Блинов, Ю. Концерт для свистка с оркестром / Юрий Блинов ; беседовала Ирина Овсепьян // Советская Белоруссия. 2016. 17 февраля. С. 13.
  20. Овсепьян, И. Соната в подарок : [Ю. Блинов на юбилейном концерте исполнил сонату Бориса Пастернака] / Ирина Овсепьян // Советская Белоруссия. 2016. 24 декабря. С. 4.
  21. Шафран, Г. Звезды будущего зажигает Дрогичин... : [о II Международном конкурсе юных музыкантов «Палескі агеньчык» в Дрогичине] / Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2016. 4 чэрвеня. С. 4.
  22. Шафран, Г. «Палескі агеньчык» збірае юных музыкантаў / Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2016. 21 мая. С. 15.
  23. Кардаш, Ю. Абраны музыкай : [пра кампазітара Ю. Блінова] / Юлія Кардаш // ЛіМ. 2016. 29 студзеня (№ 4). С. 13.
  24. Ткачук, Н. Музыкант, директор, отец и просто человек Сергей Подлужный : [о работе директора Дрогичинской детской школы искусств и его дружбе с Ю. Блиновым] / Нина Ткачук // Драгічынскі веснік. 2015. 31 снежня. С. 5.
  25. Вертинская, С. Вечер фортепианного романтизма : в гостях у брестчан — пианист Юрий Блинов / Светлана Вертинская // Брестский курьер. 2015. 18 июня (№ 25). С. 10.
  26. Соловьев, Е. Тепло и свет «Палескага агеньчыка» : [о I Международном конкурсе юных музыкантов «Палескі агеньчык» в Дрогичине] / Евгений Соловьев // Заря. 2014. 14 июня. С. 7.
  27. Павлова, Л. Под знаком Сергея Рахманинова : [Ю. Блинов выступил на XXV Международном фестивале классической музыки «Январские музыкальные вечера»] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2013. 17 января (№ 3). С. 9.
  28. Блинов, Ю. Юрий Блинов: «Ощущаю себя полешуком» / Юрий Блинов ; [беседовала] Елена Данилова ; [фото] Валерия Короля // Заря. 2013. 12 января. С. 9.
  29. Блинов, Ю. Юрий Блинов: «Я бы продлил сутки, чтобы больше играть на рояле» / Юрий Блинов ; записала Татьяна Пастернак // Народнае слова. Віцебск, 2007. 13 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 81 разоў