Серада, 09 Верасень 2020 09:37

8 мая 2020 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Віктара Гаўрылавіча Курэпіна (1915–2000), журналіста, заслужанага работніка культуры БССР (1975)

Віктар Гаўрылавіч Курэпін нарадзіўся 8 мая 1915 г. у сяле Чыбізаўка Тамбоўскай губерні (цяпер г. Жэрдзеўка Тамбоўскай вобласці). У 1931 г. скончыў сямігодку, працаваў у калгасе. З 1932 г. — на камсамольскай рабоце ў райкаме. У 1936–1939 гг. вучыўся ў Варонежскай вышэйшай камуністычнай сельгасшколе, затым працаваў сакратаром Таліцкага райкама УЛКСМ.

 

У 1939 г. Віктар Курэпін прызваны ў Чырвоную армію. Са снежня 1939 г. — курсант Сталінградскага ваенна-палітычнага вучылішча. У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у паходзе ў Іран, вызваленні Сталінграда, у складзе марскога дэсанта вызваляў Керч і Феадосію. За вайну быў двойчы паранены. Перамогу сустрэў пад Прагай у званні капітана.

Пасля дэмабілізацыі — на партыйнай рабоце ў Беларусі. З 1946 г. — загадчык ваеннага аддзела Высокаўскага райкама КПБ Брэсцкай вобласці, затым рэдактар раённай газеты. У 1948–1950 гг. навучаўся ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Затым працаваў рэдактарам газеты Сігневіцкай МТС Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1953–1954 гг. — інструктар Брэсцкага абкама КПБ.

У 1954 г. адбылася рэарганізацыя Брэсцкага і Дамачаўскага раёнаў у адзін Брэсцкі раён, у сувязі з гэтым была заснавана новая «раёнка» «Социалистический путь» — орган Брэсцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Галоўным рэдактарам газеты з ліпеня 1954 г. стаў В. Г. Курэпін. Першы нумар выйшаў 6 жніўня 1954 г. Газета выходзіла на рускай мове тры разы на тыдзень. З 1962 г. яна стала выходзіць пад назвай «Заря над Бугом».

Намеснікам галоўнага рэдактара працаваў Міхаіл Квочкін, адказным сакратаром — Аркадзь Бляхер, літаратурным супрацоўнікам — Аляксей Гурэцкі, карэспандэнтамі — Сяргей Гусеў, Васілій Чумакоў, Мікалай Горба і інш. Студэнтам Брэсцкага педагагічнага інстытута прыйшоў працаваць у газету ў 1961 г. Iван Мельнічук. У 1962–1971 гг. літаратурным супрацоўнікам быў Васіль Жуковіч.

Пасля аб’яднання раёнаў першым сакратаром райкама КПБ стаў Мікалай Сцяпанавіч Рубан. Па выніках эканамічнага і сацыяльнага развіцця раён выходзіў пераможцам у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. На старонках раённай газеты асноўнай тэмай была сельская гаспадарка, дзейнасць калгасаў і саўгасаў, іх працаўнікоў.

Віктар Гаўрылавіч унёс значны ўклад у развіццё раённага друку. Вялікую ўвагу надаваў павышэнню дзейснасці і значымасці газетнага слова. У 1959 г. быў абраны дэлегатам I Усесаюзнага з’езда журналістаў. Выбіраўся членам бюро райкама КПБ, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Творчы і адказны работнік, выключна чэсны, сціплы, прыстойны, шырокай душы чалавек. Віктар Гаўрылавіч заставаўся на пасадзе галоўнага рэдактара па ліпень 1975 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Граматай Вярхоўнага Савета БССР. 9 мая 1975 г. В. Г. Курэпіну было прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР».

На пенсіі вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Быў старшынёй пярвічнай арганізацыі таварыства інвалідаў райвыканкама. В. Г. Курэпін памёр 12 снежня 2000 г., пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска новая» (сектар 10, рад 45, месца 8).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Курэпін Віктар Гаўрылавіч // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 476.
  2. Иваненко, С. Всё, что было, мне помнится : [о работе редакции газеты «Заря над Бугом»] / Семён Иваненко // Нашчадкам слова застаецца / уклад. Г. С. Тамашэвіч. Брэст, 2001. С. 47–52.
  3. Бляхер, А. …Строкой газетной прославляя людей Прибужья, их дела: [воспоминания о работе в редакции брестской районной газеты] / Аркадий Бляхер // Заря над Бугом. Брест, 2014. 7 августа (№ 32). С. 8.
  4. Горба, Н. «Кто-нибудь напишет и о нас с тобой…» : [воспоминания бывшего заместителя редактора брестской районной газеты] / Николай Горба // Заря над Бугом.Брест, 2014. 7 августа (№ 32). С. 9.
  5. Гурецкий А. Первая любовь : [воспоминания о первых годах работы редакции газеты «Социалистический путь»] / Алексей Гурецкий // Заря над Бугом. Брест, 2009. 8 августа. С. 4.
  6. Курепин Виктор Гаврилович : [некролог] / Бобко К. Н. [и др.] // Заря над Бугом. Брест, 2000. 16 декабря. С. 4.
Чытаць 748 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 14:45