Панядзелак, 14 Верасень 2020 11:40

2 кастрычніка 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Анатолія Фёдаравіча Казака (1955), вакаліста, фалькларыста, стваральніка і мастацкага кіраўніка вакальнага ансамбля «Крэсіва»

Анатолій Фёдаравіч Казак нарадзіўся 2 кастрычніка 1955 г. у вёсцы Рыбна Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння васьмігадовай Кіселявецкай школы ў 1971 г. паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча на аддзяленне «культасветработа». Пасля заканчэння вучылішча непрацяглы час працаваў у в. Высокая Ліпа Нясвіжскага раёна, затым быў прызваны ў Савецкую армію.

 

У час службы Анатолій Казак з’яўляўся салістам і хормайстрам ансамбля «Тачанка» Беларускай ваеннай акругі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Кобрыншчыну, працаваў дырэктарам Магдалінскага сельскага дома культуры і настаўнікам спеваў у Кіселявецкай школе.

У 1980 г. паступіў у Мінскае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі на вакальнае аддзяленне. На другім курсе Анатолій Казак стварае фальклорную групу з вучняў вакальнага аддзялення. У далейшым ён сумяшчае вучобу з працай у тэатры музычнай камедыі: удзельнічае ў спектаклях «Ноч у Венецыі», «Лятучая мыш», «Несцерка», «Мілы сябар», «Мая выдатная лэдзі». З ліку артыстаў хору тэатра стварыў народны ансамбль, выступаў з ім на радыё і тэлебачанні.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1984 г. Анатолія Казака прымаюць артыстам хору і салістам-вакалістам у Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Р. Шырмы. У якасці саліста-вакаліста ён супрацоўнічае з Маладзёжным камерным хорам пад кіраўніцтвам І. Мацюхова. У гэты ж перыяд працуе з вакальным ансамблем «Купалінка» Белдзяржфілармоніі, развучвае з імі апрацоўкі народных песень з уласнага архіва. Запісвае вялікую пласцінку на фірме «Мелодыя» (Масква).

Яшчэ працуючы ў Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Р. Шырмы, Анатолій Казак у 1991 г. стварае і ўзначальвае вакальную групу, якая потым стала самастойным калектывам Белдзяржфілармоніі. Група была адзінай у рэспубліцы, якая выконвала народныя песні Заходняга Палесся, пераважна Драгічынскага, Кобрынскага, Пінскага, Столінскага раёнаў. Пазней група А. Ф. Казака стала называцца вакальным ансамблем «Крэсіва», які з 2003 г. працуе пры Брэсцкай абласной філармоніі.

У экспедыцыях па раёнах Брэсцкай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей А. Ф. Казаком сабраны велізарны фальклорны матэрыял. Быў створаны архіў народнай творчасці Заходняга Палесся, які стаў асновай рэпертуару ансамбля «Крэсіва». Гэта народныя песні, старажытныя народныя легенды Заходняга Палесся пра чалавека, яго дачыненні да навакольнага свету, фрагменты вясельных абрадаў, забытыя дзіцячыя гульні, сцэнкі з жыцця палешукоў з выкарыстаннем мясцовай гаворкі. Сапраўдным упрыгожаннем праграм з’яўляюцца вясковыя рамансы Заходняга Палесся, а таксама руская і замежная класіка, духоўная музыка.

Арыгінальныя апрацоўкі гэтых твораў, створаныя А. Ф. Казаком, ляглі ў аснову запісаных пяці кампакт-дыскаў, а таксама праграм: «I песню родную люблю я» (2008), «Зліваюцца славянскія вытокі» (2008), «Вечар раманса» сумесна з камерным аркестрам Брэсцкай абласной філармоніі (2008), «Пяць стагоддзяў музыкі» (2009), «Родная песня мой лёс ратавала» (да 65-годдзя вызвалення Беларусі, 2009), «Чароўнай музыкі абраў я гукі» (2009), «Адно каханне душы маёй» (2010), «А каханне ўсё жыве...» сумесна з камерным аркестрам Брэсцкай абласной філармоніі (2010), «Ад мелодыі да мелодыі — ад сэрца да сэрца» (2010) і інш. Ва ўсіх гэтых праграмах Анатолій Казак выступае як саліст-вакаліст, артыст вакальнага ансамбля, саліст-інструменталіст. З праграмай, прысвечанай творчасці А. Вярцінскага і П. Лешчанкі, калектыў выступаў на сцэне Белдзяржфілармоніі і Палаца Рэспублікі.

У час знаходжання ў Нью-Мексіцы (ЗША) А. Казак супрацоўнічаў з амерыканскім фальклорным калектывам «Свірка», развучваў з ім беларускія народныя песні. Сумесна з амерыканскімі філолагамі ўдзельнічаў у стварэнні амерыканска-беларускага размоўніка.

Калектыў «Крэсіва» — пастаянны ўдзельнік фестываляў: «Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла», «Музычнае Палессе» (для забруджаных раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей), міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень» і іншых. Выступленні калектыву, у складзе якога цяпер Алена Чумакова, Аляксандр Цярноўскі, Валерый Пятроў і Анатолій Казак, заўсёды цёпла прымаюцца гледачамі.

Ансамбль з’яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам шматлікіх міжнародных фестываляў і вядомы сваімі самабытнымі выступленнямі ў Германіі, Аўстрыі, Галандыі, Бельгіі, Люксембургу, Швейцарыі, ЗША, а таксама Украіне і Расіі. Калектыў «Крэсіва» супрацоўнічае з гуманітарнымі арганізацыямі розных краін, удзельнічае ў дабрачынных праектах.

Анатолій Фёдаравіч — вядучы праграмы «Гасцінец» на тэлеканале «Культура». У сваіх перадачах ён асвятляе пытанні нацыянальнай культуры і культуры Заходняга Палесся: «Песенны фальклор Палесся», «Песенны і моўны фальклор Заходняга Палесся і фальклор зямлі Зідмаршан (Паўночная Германія)», «Фальклор у сучасным асяроддзі» і інш.

Дзейнасць Анатолія Фёдаравіча была адзначана падзякамі з боку адміністрацыі абласной філармоніі, а таксама Падзякай міністра культуры Рэспублікі Беларусь (2011), Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2015).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай

раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Казак Анатолий Фёдорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 434.
  2. Казак Анатоль Фёдаравіч / В. Дз. Ліцьвінка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 601.
  3. Ліцьвінка, В. Д. Казак Анатоль / Васіль Ліцьвінка // Крыніца народнай мудрасці / Васіль Ліцьвінка. Мінск, 2012. С. 331.
  4. Гурчанка, А. І. «Крэсіва» : [вакальны ансамбль Брэсцкай абласной філармоніі] / А. І. Гурчанка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 732.
  5. Ансамбль «Крэсіва»: [плакат] / ГУ «Брестская областная филармония». – Брест, 2009. – 1 с.
  6. Брестская областная филармония // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 402.
  7. Брэсцкая абласная філармонія / М. І. Мдывані // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 1. С. 57.
  8. 65 гадоў з дня нараджэння А. Ф. Казака (1955) //Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 138.
  9. Маздрук, Л. Праздник души и музыки : [о концерте вокального ансамбля «Крэсiва» и камерного оркестра областной филармонии в Бресте] / Лариса Маздрук // Заря. 2011. 19 марта. С. 16.
  10. Шеламова, Т. Семьдесят восемь оборотов : [о концерте вокального ансамбля «Крэсiва» и камерного оркестра областной филармонии «Мелодии старой пластинки» в зале Брестского ООКЦ] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2011. 11 марта. С. 7.
  11. Павлова, Л. Звучит романс и мы сердцем по-прежнему юны : [о концертной программе «Вечер романса» с участием вокального ансамбля «Крэсiва» в театре драмы и музыки] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2008. 20 марта (№ 12). С. 10.
  12. Новiк, С. Песнi беларускага Палесся на Ганцаўшчыне : [пра канцэрт вакальнага ансамбля «Крэсiва» ў Ганцавіцкім ГДК] / Святлана Новiк // Ганцавіцкі час. 2005. 18 сакавіка. С. 2.
  13. Бондаренко, А. Песни полешуков лекарство для души : [о фольклорном ансамбле «Крэсіва»] / А. Бондаренко // Лунiнецкія навiны. 2004. 19 сакавіка. С. 7.
Чытаць 51 разоў