Серада, 23 Верасень 2020 09:56

16 кастрычніка 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Валерыя Аляксандравіча Міхайлюка (1950–2018), мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва

Валерый Аляксандравіч Міхайлюк нарадзіўся 16 кастрычніка 1950 г. у г. Брэсце. Яго бацька, Аляксандр Іванавіч Міхайлюк (1926–1998), ураджэнец Саратаўскай вобласці, з 1944 г. ваяваў у складзе 1050-га стралковага палка 301-й дывізіі 5-й арміі, вызваляў Польшчу. У Берліне бранебойшчык Аляксандр Міхайлюк удзельнічаў у штурме будынка гестапа, быў паранены; узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. Служыў у арміі да пачатку 1950-х гг., пасля адстаўкі працаваў мастаком-афарміцелем у Пералюбскім аддзеле культуры Саратаўскай вобласці, узначальваў Пералюбскі раённы дом культуры.

 

Валерый Міхайлюк унаследаваў ад бацькі здольнасці да выяўленчага мастацтва. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча iмя А. К. Глебава (1971), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Вучыўся ў А. Зінчука, У. Гардзіенкі, Ю. Любімава, М. Бяляева, В. Гаўрылава.

Мастак жыў у Мінску, працаваў у галіне манументальнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельнік мастацкіх выставак з 1972 г. Член Беларускага саюза мастакоў. Мастак па апрацоўцы металу — рэдкая прафесiя. Асноўная задача мастака — зрабіць метал жывым.

Сярод асноўных твораў: дэкаратыўная кавальная пластыка «Чацвёрты напрамак» (1972), «Маска» (1973), «Бяздонне» (1973), «Хвала Венеры» (2000), «Зацьменне» (2000); пано «Гісторыя пошты» на будынку гарадскога аддзялення сувязі № 100 (1981); эмблемы на фасадзе НДІ земляробства і аграхіміі (1982); дэкаратыўныя рашоткі для аўтавакзала «Усходні» (1983) і рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1995); люстры для дырэкцыі «Белбізнесбанка».

Быў афарміцелем кафэ навукова-вучэбнага цэнтра «Алгарытм» (1983), экстэр’еру філіяла гасцініцы МУС. Выканаў комплекснае рашэнне дэкаратыўнага афармлення кафэ «Стары Томас», інтэр’ера рэстарана «Траецкае прадмесце». У Мінскім раёне выканаў люстры і ўязны знак для санаторыя «Сасновы Бор» (г. п. Радашковічы).

З 2005 г. Валерый Аляксандравіч — выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прыязджаў са студэнтамі ў Брэст да мастака-эмальера Мікалая Пятровiча Кузьміча, які праводзіў майстар-класы па розных тэхніках работы з металам i эмаллю.

В. А. Міхайлюк памёр 10 верасня 2018 г.

Сын, Міраслаў Валер’евіч Міхайлюк (1973), скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, Беларускую акадэмію мастацтваў, працуе дызайнерам па інтэр’ерах кватэр, офісаў, клубаў і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна,

заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

  1. Михайлюк Валерий Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009.Т. 1, кн. 2. С. 96.
  2. Міхайлюк Валерый Аляксандравіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 365.
  3. Бунеева, Л. Цяпло душы, эмалi i метала : [пра выставу М. П. Кузьмiча «Ювелiрка» ў Мiнскiм музеi сучаснага мастацтва, якую наведаў В. А. Міхайлюк] / Людмiла Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 17 декабря. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 610 разоў