Серада, 21 Кастрычнік 2020 12:21

15 студзеня 2020 г. — 80 гадоў з часу ўтварэння Іванаўскага раёна (1940)

Іванаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г. у складзе Пінскай вобласці. У кастрычніку 1940 г. падзелены на 19 сельсаветаў. З 8 студзеня 1954 г. у складзе Брэсцкай вобласці. 25 снежня 1962 г. Іванаўскі раён быў скасаваны, тэрыторыя перададзена Драгічынскаму і Пінскаму раёнам. 6 студзеня 1965 г. адноўлены ў сучасных межах.

 

Адміністрацыйна Іванаўскі раён падзелены на 10 сельскіх саветаў, якія ўключаюць у сябе 102 населеныя пункты, у т. л. раённы цэнтр — горад Іванава, 15 аграгарадкоў. Насельніцтва раёна складае 37,8 тыс. чалавек (беларусы 95,5 %).

Герб горада Іванава зацверджаны ў 2011 г., уяўляе сабой варажскі шчыт, у блакітным полі якога намаляваны сярэбраны храм, размешчаны паміж рагамі залатой падковы. Сімволіка адлюстроўвае хрысціянскую спадчыну, галоўным элементам герба з’яўляецца графічная выява фасада Свята-Пакроўскай царквы, якая стаіць у цэнтры горада.

Раён займае плошчу ў 1,55 тыс. кв. км. Працягласць з поўначы на поўдзень — 60 км, з захаду на ўсход — 26 км. Мяжуе з Драгічынскім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Пінскім раёнамі Брэсцкай вобласці, а таксама Валынскай вобласцю Украiны. Раён перасякаюць аўтамагістралі Кобрын – Гомель (М10), Іванава – мяжа Украіны (Махро) (Р144), а таксама чыгунка Брэст – Гомель.

Прырода Палесся не паскупілася для Іванаўшчыны. Лясы займаюць 29 % тэрыторыі раёна, у асноўным іглічныя і бярозавыя. Працякаюць рэкі Ясельда, Неслуха, Самаранка, Піна, Піліпаўка, Дняпроўска-Бугскі канал. Маецца 11 азёр: Акунінскае, Завышанскае, Белае, Пясчанае, Мотальскае і інш. На тэрыторыі раёна знаходзіцца частка біялагічнага заказніка «Спораўскі», створаны заказнікі «Аброва» і «Завышанскі».

Аснову эканомікі Іванаўскага раёна складае сельская гаспадарка. Дамінуе вытворчасць малака і мяса, вырошчванне збожжавых культур, рапсу, бульбы, цукровых буракоў, гародніны. Аснову аграрнага сектара складаюць 12 прадпрыемстваў: 10 адкрытых акцыянерных таварыстваў і 2 унітарныя прадпрыемствы. Усяго ў сельскай гаспадарцы занята больш за 3 тыс. чалавек.

Буйнейшым прамысловым прадпрыемствам раёна з’яўляецца ААТ «Белсолад» — унікальная вытворчасць, якая цалкам забяспечвае патрэбы ў соладзе Беларусі, а таксама замежных піваварных прадпрыемстваў (Расія, Малдова, В’етнам, Лаос, Бразілія і інш.). Сярод іншых прадстаўнікоў прамысловасці — ААТ «Мекасан» (вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі), ААТ «Іванаўскі райаграсэрвіс» (вытворчасць металаканструкцый і жывёлагадоўчага абсталявання), філіял Іванаўскага райпо «Кааппрам» (выпуск каўбасных вырабаў, рыбнай прадукцыі, хлебабулачных вырабаў, кандытарскай прадукцыі).

Сёння ў раёне дзейнічаюць больш за 700 індывідуальных прадпрымальнікаў і 165 прадпрыемстваў, у т. л. 32 сялянска-фермерскія гаспадаркі. У сферы гандлю прыватны бізнес складае годную канкурэнцыю спажывецкай кааперацыі. Усяго ў раёне знаходзяцца больш за 370 гандлёвых аб’ектаў, адкрываюцца фірмавыя крамы буйных гандлёвых сетак.

Будаўнічы сегмент эканомікі ўтвараюць некалькі вядучых прадпрыемстваў. Асноўная сфера дзейнасці арганізацый — узвядзенне жылля, уладкаванне аграгарадкоў і вёсак, будаўніцтва і рэканструкцыя малочна-таварных ферм, добраўпарадкаванне сацыяльных, культурных, бытавых аб’ектаў, падтрыманне і развіццё дарог.

У сістэму адукацыі Іванаўскага раёна ўваходзяць 46 устаноў адукацыі: 24 сярэднія школы, 8 вучэбна-педагагічных комплексаў «Дзіцячы сад – школа», 17 устаноў дашкольнай адукацыі, раённы цэнтр дзіцячай творчасці, раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Сістэма аховы здароўя Іванаўскага раёна валодае практычна ўсім спектрам аказання медыцынскіх паслуг. Амбулаторную медыцынскую дапамогу насельніцтву аказваюць раённая паліклініка, 19 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 14 амбулаторый, якія працуюць па прынцыпе ўрача агульнай практыкі. Якаснае і эфектыўнае лячэнне ажыццяўляе санаторый «Алеся», размешчаны на беразе возера Завышанскае. Лячэбная база санаторыя ўключае розныя віды фізіятэрапеўтычнага лячэння, водалячэнне, гразелячэнне, тэрматэрапію, гематэрапію, масаж, лячэбную фізкультуру.

У Іванаўскім раёне створаны спрыяльныя ўмовы для мастацкага і эстэтычнага выхавання насельніцтва. Працуюць 7 школ мастацтваў, 19 бібліятэк, 21 клубная ўстанова. Ва ўстановах культуры функцыянуюць 26 калектываў аматарскай творчасці, якім прысвоены ганаровыя званні «заслужаны», «народны», «узорны». Сталі традыцыйнымі святы фальклору «Опальскі фальварак» і сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго».

Візітнай карткай раёна далёка за яго межамі сталі міжнародныя фестывалі «Мотальскія прысмакі» і «Фальклор без межаў», фестывалі воднага турызму «Мотальская рэгата» і «Днепра-Бугская эстафета». Значны ўклад у адраджэнне і захаванне рэгіянальных традыцый бондарскага рамяства ўносіць Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца на ўліку 19 аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: царква Параскевы Пятніцы (1802) у в. Гнеўчыцы, Мікалаеўская царква (1777) у в. Дружылавічы, Прачысценская царква (пабудавана да 1783 г.) у в. Ляскавічы і інш. Працуюць Музей народнай творчасці ў аг. Моталь, музейны комплекс Наполеона Орды ў в. Варацэвічы, літаратурны музей Ф. М. Дастаеўскага ў аг. Дастоева.

Сродкі масавай інфармацыі прадстаўляе штотыднёвае выданне — газета «Янаўскі край» (до 2017 г. — «Чырвоная звязда»).

Раён уславілі сваім гераізмам і працоўнымі дасягненнямі два Героі Савецкага Саюза — Міхаіл Давыдавіч Шыла і Мікалай Мікалаевіч Кольчак, два Героі Сацыялістычнай Працы — Іван Андрэевіч Паліўка і Павел Сямёнавіч Палто. Іванаўская зямля вядома імёнамі Напалеона Орды, першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, першых прадпрымальнікаў на Беларусі Скірмунтаў, паходжаннем слаўнага роду Дастаеўскіх.

Іванаўшчына сёння — гэта раён, які дынамічна развіваецца. Аснову эканомікі складаюць сельскагаспадарчая вытворчасць і прамысловы комплекс. Стабільнымі тэмпамі развіваецца будаўніцтва, транспарт, сувязь, гандаль, сфера паслуг, прыватны бізнес.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Іванаўскі раён / Г. С. Смалякоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 149.
  2. Іванаўскі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 4. С. 146–147.
  3. Ивановский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 411–415.
  4. Іванаўскі раён // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 3, кн. 1. С. 359–435.
  5. Іванаўскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 3. С. 464–465.
  6. Ивановский район // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2008. С. 64–66.
  7. Ивановский район // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 246.
  8. Ивановский район // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 221–222.
  9. Іванаўскі раён / Л. В. Календа // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны : энцыкл. даведнік. Мінск, 2004. С. 35–36.
  10. Ивановский район // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 188–199.
  11. Ивановский район. Будущее создается сегодня / [А. М. Суворов и др.]. – Брест : Полиграфика, 2019. – 78, [1] с. : ил.
  12. Ивановский район // 100 достопримечательностей Брестчины. Брест, 2019. С. 34.
  13. Памятники Ивановщины рассказывают / [сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей]. – Иваново : Ивановская районная типография, 2018. – 444 c.
  14. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. 839 с., [24] л. ил.
  15. О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  16. Иваново и окрестности = Ivanovo district : [фотоальбом / Отдел идеологической работы, культуры и по делам молодёжи Ивановского райисполкома ; фото В. Михальчука]. Брест : Рекламно-информационное агентство «Вечерний Брест», 2014. 95 с.
  17. Ивановский район // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 86–87.
  18. Ивановский район // Брестчина, устремленная в будущее : фотоальбом. Брест, 2009. С. 165–174.
  19. Иваново = Ivanovo : достопримечательности города и района / Г. Лихтарович. Минск : Арт Дизайн, 2008. 80 с.
  20. Мешечко, Е. Н. Белорусское Полесье : туристские трансъевропейские водные магистрали / Е. Н. Мешечко, А. А. Горбацкий. Минск : Четыре четверти, 2005. – 96 с.
  21. Ивановский район. – Минск : БЕЛТА, 2000. – 16 с.
  22. Наша земля — наша биография : материалы торжеств. собрания, посвящ. 60-летию образования Ивановского р-на / Ивановский районный исполком ; сост. М. П. Горупа. – Иваново, 2000. – 52 с.
  23. Памяць. Iванаўскi раён : гiст.-дакум. хронiка / уклад.: В. М. Туркевiч, Л. А. Павяльчук. – Мінск : БЕЛТА, 2000. – 590 с. : іл.
  24. Цалюк, А. Край Іванаўскі — жыцця майго крыніца : [урачыстае мерапрыемства да 80-годдзя Іванаўскага раёна адбылося ў раённым Цэнтры культуры і народных традыцый] / Анастасія Цалюк ; фота Валерыя Міхальчука // Янаўскі край. Іванава, 2020. 24 студзеня (№ 4). С. 14–15.
  25. Соломка, И. Не останавливаться на достигнутом : [о развитии сельскохозяйственной отрасли района на протяжении восьми десятков лет — разговор с первым заместителем председателя райисполкома, начальником управления по сельскому хозяйству и продовольствию Александром Маличем] / Ирина Соломка ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2020. 17 студзеня (№ 3). С. 7.
  26. Кресс, Д. Нам есть чем гордиться : [о социальной сфере рассказал заместитель председателя Ивановского райисполкома Григорий Максимович Сыса] / Диана Кресс ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2020. 17 студзеня (№ 3). С. 9.
  27. Ткачук, А. Дорогие ивановцы, уважаемые гости района! : [80-летие образования района] / Анатолий Ткачук // Янаўскі край. Іванава, 2020. 17 студзеня (№ 3). С. 3 : фот.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 704 разоў