Серада, 28 Кастрычнік 2020 11:40

14 снежня 2020 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Барыса Іванавіча Стасевіча (1895–1938), удзельніка Грамадзянскай вайны, партыйнага і дзяржаўнага дзеяча

Барыс Іванавіч Стасевіч нарадзіўся 14 снежня 1895 г. у г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) у мяшчанскай сям’і. Вучыўся ў духоўнай семінарыі. У 1914 г. быў прызваны ў Расійскую армію, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.

 

У 1917 г. Барыс Стасевіч уключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць. У 1918 г. прыняты ў партыю бальшавікоў. У 1918–1919 гг. знаходзіўся ў Адэсе, дзейнічаў у падпольнай бальшавіцкай арганізацыі. З 1919 г. служыў у Чырвонай арміі, загадваў харчовым пунктам.

З 1920 г. Б. І. Стасевіч працаваў у Мінску намеснікам начальніка аддзела губернскага харчовага камітэта, намеснікам наркама ўнутраных спраў БССР. Са снежня 1922 г. — сакратар Мінскага павятовага камітэта КП(б)Б, загадчык аддзела Слуцкага акруговага камітэта партыі. Са жніўня 1924 да верасня 1928 г. — першы адказны сакратар Аршанскага павятовага, акруговага камітэтаў КП(б) Беларусі. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Дэлегат ХІV (1925) і ХV (1927) з’ездаў ВКП(б).

11 верасня 1928 г. на пленуме Кампартыі Беларусі Б. І. Стасевіч абраны членам Бюро ЦК КП(б)Б, адначасова на яго былі ўскладзены абавязкі загадчыка Агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б. На чарговым пленуме 16 лютага 1929 г. зноў абраны членам Бюро, але 8 верасня ад сваіх абавязкаў вызвалены.

Б. І. Стасевіч — член Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР (1929–1930). З 1929 г. знаходзіўся ў Маскве, працаваў у Чырвоным інтэрнацыянале прафсаюзаў (Прафінтэрн) загадчыкам Балканскай секцыі. Прафінтэрн (1921–1937) каардынаваў дзеянні паміж камуністычнымі прафсаюзамі і камуністычнымі арганізацыямі ў розных краінах. У 1937 г. Барыс Стасевіч працаваў загадчыкам аддзела культуры прафсаюза рабочых чыгункі імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Б. І. Стасевіча накрыла хваля масавых палітычных рэпрэсій — «яжоўшчына». 21 ліпеня 1937 г. быў беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС у Маскве, па адрасе: Лявонцеўскі завулак, 2а, кв. 7. Абвінавачаны ў стварэнні шпіёнска-дыверсійнай сеткі з мэтай паслаблення абараназдольнасці БССР. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 13 лютага 1938 г. Б. І. Стасевіча прысудзілі да расстрэлу, у той жа дзень прысуд прыведзены ў выкананне на спецаб’екце НКУС «Камунарка»Маскоўскай вобласці.

Барыс Іванавіч Стасевіч быў рэабілітаваны 26 верасня1957 г. ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР. 27 кастрычніка 2018 г. на былым спецаб’екце «Камунарка»адкрыты мемарыял «Сцяна Памяці».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна,

заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

  1. Стасевіч Барыс Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 168.
  2. Стасевич Борис Иванович / Э. К. Корнилович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 371.
  3. Стасевіч Барыс Іванавіч / Эдуард Карніловіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 413.
  4. Стасевич Борис Иванович // Беларусь: созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 174.
  5. Уроженцы Брестчины, репрессированные и захороненные в Москве // Брестский курьер. 2010. 4 февраля (№ 6). С. 2324.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 306 разоў Апошняя змена Панядзелак, 02 Лістапад 2020 10:40