Серада, 04 Лістапад 2020 15:34

21 кастрычніка 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Фяцісава (1920–1994), мастака, заслужанага работніка культуры БССР (1989)

Іван Якаўлевіч Фяцісаў нарадзіўся 21 кастрычніка 1920 г. у пасёлку Тума Разанскай вобласці (Расія). Дастатак у доме быў невялікі, але на дзяцей дабратворна ўплывала атмасфера сямейнага свету, працавітасці, парадку, дружбы і ўзаемнай любові. У доме любілі кнігі, пастаянна чыталі ўслых дзецям. Дзеці былі зусім малымі, калі Стэфаніда Іванаўна страціла мужа, не стала прытулку і сродкаў да існавання, сям’я блукала па чужых кутах.

 

Іван Фяцісаў скончыў сем класаў і паступіў у Іванаўскае мастацкае вучылішча. З гэтага моманту пачалося яго самастойнае жыццё — без усялякай фінансавай і маральнай падтрымкі. Яго настаўнікамі былі кнігі. Руская дэмакратычная літаратура навучыла паважаць асобу чалавека, любімымі паэтамі былі Пушкін, Лермантаў і Байран. Музычная камедыя, тэатральная класіка, кінафільмы — усё гэта спрыяла фарміраванню светапогляду мастака.

З чацвёртага курса Івана Фяцісава прызвалі ў Чырвоную армію (1940). Прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, удзельнічаў у Сталінградскай бітве, ваяваў на Курскай дузе, Перамогу сустрэў у Празе. Начальнік разведкі дывізіёна старшы лейтэнант Іван Фяцісаў быў у гушчы ваенных падзей. За адвагу франтавы разведчык узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За оборону Сталинграда», «За освобождение Праги».

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Іванаўскае мастацкае вучылішча, скончыў яго ў 1947 г. Дыпломная праца: «Свята Кастрычніка ў сям’і рабочага». Тады ж стаў удзельнікам мастацкіх выстаў рознага ўзроўню.

З 1947 г. мастак назаўжды звязвае свой лёс з Брэстам. Іван Якаўлевіч выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме народнай творчасці і ў педагагічным вучылішчы, адначасова займаўся жывапісам. Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, пейзажа. Праз два гады яго прынялі ў Саюз мастакоў БССР, ён стаў адным са стваральнікаў Брэсцкага аддзялення саюза.

Аўтар многіх сюжэтна-тэматычных і жанравых карцін: «Працоўнае заданне» (1949), «Зайдзіце заўтра» (1954), «Юныя мічурынцы» (1952), «Прыезд агранома» (1955), «Салдацкія хваляванні ў Брэсцкай крэпасці ў 1905 г.» (1956), «Пераемнасць» (1970), «Памяць пра невядомыя магілы» (1977), шэрага лірычных пейзажаў.

Яго партрэтам уласцівы выразныя псіхалагічныя і сацыяльныя характарыстыкі. Вочы і рукі — асноўнае ў партрэтах І. Я. Фяцісава. Ён не шукаў знешніх эфектаў, для яго важней было тое, што ўнутры чалавека, што вызначае яго характар. Выразнасці ён дасягаў за кошт дакладнага жэста і кампазіцыйнай пабудовы: «Беларус» (1949), «Будаўніца» (1958), мастацтвазнаўца А. А. Ус (1959), даярка Н. Жук (1962), «Ганаровыя грамадзяне Брэста» (1978), серыі партрэтаў будаўнікоў Бярозаўскай ГРЭС (1960), ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (1958–1980).

Выканаў архітэктурна-мастацкія рашэнні экспазіцый музеяў: гісторыка-рэвалюцыйнага — у г. Бярозе (1964–1965), краязнаўчых — у Брэсце, Баранавічах, Пінску (залы Вялікай Айчыннай вайны і сацыялістычнага будаўніцтва), Століне (1966–1970), музея касманаўтыкі — на радзіме П. І. Клімука ў в. Камароўка Брэсцкага раёна (1978), археалагічнага музея «Бярэсце», музея-помніка «Камянецкая вежа» (Камянец). Разам з біёлагам Мiхаiлам Якаўлевічам Асам у 1963 г. стваралі біялагічны музей Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

Мастак шмат падарожнічаў па Беларусі і Расіі, удзельнічаў у мастацкіх пленэрах і сімпозіумах, прапагандаваў мастацтва брэсцкіх і беларускіх мастакоў. У 1976 г. у складзе дэлегацыі пабываў у Парыжы. Яго персанальныя выставы праходзілі не раз у г. Брэсце, а ў 1992 г. — у Мінску. У 1991 г. выйшаў альбом-каталог «Иван Фетисов». Творы знаходзяцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, іншых музеях і карцінных галерэях Беларусі. Двойчы выбіраўся дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў.

І. Я. Фяцісаў — заслужаны работнік культуры БССР (1989), ганаровы грамадзянін станіцы Мокрая Ельмута Пралетарскага раёна Растоўскай вобласці (Расія), якую ён у студзені 1943 г. вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, (1975). Яго імя занесена ў Кнігу гонару г. Ауцэ (Латвія). Узнагароджаны медалём «За доблестный труд», Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Іван Якаўлевіч памёр 5 кастрычніка 1994 г., пахаваны на гарадскіх могілках Плоска. Яго ўзнагароды, фотаздымкi, асабiстыя рэчы захоўваюцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. 19 лістапада 2004 г. у Мастацкім музеі, філіяле абласнога краязнаўчага музея, адбыліся вечар памяці і прэзентацыя выставы жівапісу І. Я. Фяцісава. 26 лістапада 2019 г. на доме, дзе ён жыў (пр-т Машэрава, 42), урачыста адкрыта мемарыяльная дошка (скульптары Алеся Гуршчанкова і Павел Герасіменка). У Мастацкім музеі 29 кастрычніка 2020 г. адбыўся вечар памяці, адкрыта выстава «Таланта негасимый свет», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння творцы.

Дачка, Анастасія Іванаўна Фяцісава (1951), таксама стала мастаком-жывапісцам, закончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1981), член БСМ (1991), шмат працуе ў жанры гістарычнай карціны, вядома стварэннем вобразаў старажытнага Бярэсця, аўтар аб’ёмнага макета Брэст-Літоўска ХVІІІ ст. (1998).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 512.
  2. Фетисов Иван Яковлевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 435.
  3. Фетисов Иван Яковлевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 360.
  4. Фетисов Иван Яковлевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия. Минск, 2019. С. 410–411.
  5. Іван Фяцісаў // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог. Мінск, 2010. С. 134–135.
  6. Иван Фетисов : [репродукция «Зайдите завтра»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 126–127.
  7. Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 648.
  8. Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 556.
  9. Иван Фетисов : [репродукция «Зайдите завтра»] // Художники Брестчины. 50 лет : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 96–97.
  10. Фяцісаў Іван Якаўлевіч / І. М. Шалянкова // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 429.
  11. Фетисов Иван Яковлевич // Художники Советской Белоруссии. Минск, 1976. С. 355.
  12. Иван Фетисов : [каталог] / Брестское отделение Союза художников БССР ; [сост. П. С. Дурчин ; автор текста Р. П. Честнова ; ред. А. А. Чабанюк]. – Мінск : [б. и.], 1991. – 64 с. : ил.
  13. Фетисова Анастасия Ивановна // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия. Минск, 2019. С. 420.
  14. Фяцісава Анастасія Іванаўна // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 556.
  15. Валасюк, Л. Мастак Іван Фяцісаў // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 60–61.
  16. Шляжко, Н. Сила мастерства Ивана Фетисова и не только / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2020. 22 октября (№ 43). С. 18.
  17. Валасюк, Л. Мастак Іван Фяцісаў : да 100-годдзя з дня нараджэння / Леанід Валасюк // Заря. 2020. 21 октября. С. 8.
  18. Рубашевский, Ю. Художника Ивана Фетисова увековечили : [об открытии мемориальной доски на доме, где он жил] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2019. 29 ноября (№ 48). С. 6.
  19. Кухарчук, Д. Вклад в наследие : [об открытии мемориальной доски И. Я. Фетисову на доме, где он жил] / Дмитрий Кухарчук ; фото Александра Шульгача // Брестский вестник. 2019. 28 ноября (№ 48). С. 2.
  20. Фёдараў, Л. Творчасць пазітыву : да 90-годдзя вядомага берасцейскага мастака Івана Фяцісава / Леанід Фёдараў // Народная трыбуна. 2010. 23 кастрычніка. С. 12.
  21. Рубашевский, Ю. Иван Фетисов на митинги не ходил : [о вечере памяти и выставке живописи И. Я. Фетисова в Художественном музее] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2004. 24 ноября. С. 6.
  22. Александров, Н. Высота Ивана Фетисова: десять лет спустя / Николай Александров // Брестский курьер. 2004. 18 ноября (№ 47). С. 24.
  23. Александров, Н. Пейзаж души художника Фетисова : [о выставке пейзажей И. Я. Фетисова] / Николай Александров // Брестский курьер. 1994. 29 сентября. С. 9.
  24. Фетисов, И. Я. Если есть цель… / Иван Яковлевич Фетисов ; беседовал А. Гарай // Заря. 1993. 19 августа.
  25. Іван Фяцісаў : хроніка мастацкага жыцця сёння // Мастацтва. 1992. № 8. С. 75.
  26. Шилин, П. След на земле : [о персональной выставке брестского художника И. Я. Фетисова] / П. Шилин // Заря. 1992. 6 мая.
  27. Кисть мужественная и добрая : [о выставке картин живописца И. Я. Фетисова в Бресте] // Брестский курьер. 1992. 8–14 мая.
  28. Фетисов, И. «…мне есть что сказать» / Иван Фетисов ; беседу вёл Сергей Лавров // Народная трыбуна. 1991. 4–10 лютага. С. 5.
  29. Лавров, С. Люблю — значит существую : [брестскому художнику И. Я. Фетисову 70 лет] / Сергей Лавров // Заря. 1990. 30 октября.
  30. О присвоении тов. Фетисову И. Я. почётного звания «Заслуженный работник культуры Белорусской ССР» : Указ Президиума Верховного Совета БССР // Заря. 1989. 26 июля.
  31. Александров, Н. Дороги и дни художника Фетисова / Николай Александров // Заря. 1980. 19 декабря.
  32. Гарай, А. В союзе с музой истории : [о брестском художнике И. Я. Фетисове] / А. Гарай // Заря. 1980. 25 сентября.
  33. Сурский, А. Разведка кистью : [о выставке картин И. Я. Фетисова] / Аркадий Сурский // Заря. 1971. 21 января.
  34. Гарай, А. Художник украшает жизнь : [о творчестве И. Я. Фетисова] / А. Гарай // Заря. 1965. 14 августа. С. 4.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 78 разоў