Пятніца, 06 Лістапад 2020 12:50

24 лістапада 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Мультана (1900–1975), ваеннага дзеяча, генерал-лейтэнанта, Героя Савецкага Саюза (1944)

Мікалай Мікалаевіч Мультан нарадзіўся 24 лістапада 1900 г. у вёсцы Някрасаўшчына Косаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Бараны Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначнага рабочага. З васьмі гадоў застаўся без маці, выхоўваўся бацькам, Мікалаем Раманавічам, і мачыхай, Ганнай Мікалаеўнай.

 

У 1911 г.Мікалай Мултан скончыў царкоўнапрыходскую школу на станцыі Косава. Да восені 1915 г. вучыўся ў чатырохкласным гарадскім вучылішчы ў г. Баранавічы, не паспеў скончыць — з надыходам фронту Першай сусветнай вайны сям’я эквакуіравалася ў Смаленскую губерню. Там пятнаццацігадовы падлетак пачаў працаваць рабочым на чыгунцы (станцыя Бацюшкова).

У верасні 1918 г.Мікалай Мультан добраахвотнікам уступіў у Чырвоную армію, служыў у Смаленску. У 1919 г. у ліку лепшых чырвонаармейцаў палка быў накіраваны на курсы камандзіраў у Маскву. 14 чэрвеня 1919 г. Мікалай Мультан слухаў прамову У. І. Леніна ў Доме Саюзаў, якая аказала на яго вялікае ўражанне. У тым жа годзе ўступіў у ВКП(б). Служыў на Паўднёвым, Петраградскім і Заходнім франтах. З мая па ліпень 1920 г. удзельнічаў у разгроме белапалякаў у якасці камандзіра ўзвода, быў паранены ў левую нагу. У 1921 г. змагаўся з бандамі Антонава ў Тамбоўскай губерні.

У 1925–1927 гг. Мікалай Мультан вучыўся ў Беларускай аб’яднанай ваеннай школе імя ЦВК БССР (Мінск). Пасля заканчэння служыў ва Украіне, у 1930-м яго пераводзяць у г. Канск (Усходне-Сібірскі край) на пасаду камандзіра роты, а праз год прызначаюць начальнікам штаба батальёна стралковага палка.

У 1931–1932 гг. Мікалай Мультан слухач разведвальных курсаў у Маскве. Затым вярнуўся ў Сібірскую ваенную акругу і служыў на розных пасадах. У 1938 г. прызначаны начальнікам разведвальнага аддзела Сібірскай ваеннай акругі. З верасня 1939  па снежань 1941 г. камандзір 418-га стралковага палка. У пачатку 1940 г. Мікалай Мікалаевіч ужо палкоўнік.

У час Вялікай Айчыннай вайны М. М. Мультан ваяваў на Заходнім, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. У пачатку ліпеня 1941 г. яго 133-я стралковая дывізія была накіравана ў раён Вязьмы, дзе ўвайшла ў склад 24-й арміі Рэзервовага фронту і заняла абарону па ўсходнім беразе Дняпра. У пачатку верасня дывізія перакінута ў раён Андрэапаля, дзе ўвайшла ў склад 22-й арміі Заходняга фронту.

Са снежня 1941 па сакавік 1942 г. М. М. Мультан начальнік штаба 133-й стралковай дывізіі. З сакавіка 1942 г. выконваў абавязкі камандзіра 18-й стралковай дывізіі, а з ліпеня 1942 г. камандзір 42-й стралковай дывізіі 33-й арміі Заходняга фронту. Званне генерал-маёра атрымаў 14 лютага 1943 г. З лістапада 1943 па май 1946 г. — камандзір 69-га стралковага корпуса.

М. М. Мультан быў удзельнікам баёў пад Масквой, вызваляў Смаленск, Калінін, Віцебск, Гродна, фарсіраваў Проню, Басю, Дняпро, Бярэзіну, Нёман. Корпус пад яго камандаваннем дзейнічаў у дапаможным кірунку пры авалодванні крэпасцю Кёнігсберг.

28 чэрвеня 1944 г. воіны 69-га стралковага корпуса пад камандаваннем М. М. Мультана (2-і Беларускі фронт) з ходу фарсіравалі Дняпро (Шклоўскі раён), і, пераадольваючы жорсткае супраціўленне ворага, штурмам вызвалілі Магілёў. За гэтую ўмела і смела праведзеную аперацыю генерал-маёру М. М. Мультану 21 ліпеня 1944 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 16 ліпеня 1944 г. 69-ы корпус пад камандаваннем М. М. Мультана вызваліў Гродна.

Пасля вайны М. М. Мультан займаў пасаду начальніка ўпраўлення баявой і фізічнай падрыхтоўкі Кіеўскай і Ленінградскай ваенных акруг. У 1951 г. Мікалай Мікалаевіч закончыў вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі Генштаба, затым Ваенную акадэмію імя Фрунзэ. 8 жніўня 1955 г. атрымаў званне генерал-лейтэнанта. У 1956–1959 гг. — намеснік галоўнага ваеннага саветніка Міністэрства нацыянальнай абароны ГДР.

М. М. Мультан ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1944, 1945), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1943, 1944, 1949), двума ордэнамі Суворава ІІ ступені (1945, 1945), ордэнам Чырвонай Зоркі (1967), медалямі «Залатая Зорка» (№ 3867; 1944), «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнігсберга» і інш.

У сакавіку 1959 г. Мікалай Мікалаевіч выйшаў у адстаўку, жыў у Ленінградзе. Вёў вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. На грамадскіх пачатках загадваў інспекцыяй па кантролі пры Ленінградскім гарвыканкаме, з’яўляўся старшынёй ваенна-навуковага таварыства пры ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава.

Мікалай Мікалаевіч Мультан памёр 19 верасня 1975 г. у Ленінградзе, пахаваны на Серафімаўскіх могілках на Алеі герояў (участак 2).

Яго імем названы вуліцы ў г. Івацэвічы Брэсцкай вобласці, г. Беразіно Мінскай вобласці. У гісторыка-краязнаўчым музеі СШ № 4 г. Івацэвічы ёсць экспазіцыя жыццёвага шляху героя. У 2009 г. устаноўлена мемарыяльная дошка герою на будынку Івацэвіцкага раённага краязнаўчага музея. У Музеі савецка-польскай баявой садружнасці (в. Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці) захоўваецца сцяг 42-й стралковай дывізіі, якой камандаваў М. М. Мультан.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 22–23.
  2. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 236.
  3. Мультан Николай Николаевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 99.
  4. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 673.
  5. Мультан Николай Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 112.
  6. Мультан Николай Николаевич // Энциклопедия Победы : Беларусь – Москва / сост.: А. И. Докучаев, Б. Д. Долготович, Л. В. Языкович. Минск ; Москва, 2009. С. 570.
  7. Мультан Николай Николаевич // Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Борис Долготович. Минск, 2005. С. 131.
  8. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 266–267.
  9. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 372.
  10. Мультан Николай Николаевич // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 435–436.
  11. Мультан Николай Николаевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 442.
  12. Мультан Николай Николаевич // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 323.
  13. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 313.
  14. Горбач, А. Их имена в истории нашей... : [земляки, в честь которых названы улицы Ивацевичей] / Алина Горбач, Дарья Минюк, И. В. Мицкевич // Івацэвіцкі веснік. 2019. 20 лютага. С. 5.
  15. Живецкая, А. Родина помнит своих героев : [Николай Николаевич Мультан, генерал-лейтенант, Герой Советского Союза] / Анастасия Живецкая, Надежда Козловская // Івацэвіцкі веснік. 2015. 27 лістапада. С. 4.
  16. Гордейко, Т. Почтить каждого павшего / Т. Гордейко // Івацэвіцкі веснік. 2010. 2 лютага.
  17. Велікаселец, А. Генерал Мультан — наш зямляк, Герой Савецкага Саюза / Аляксандр Велікаселец // Івацэвіцкі веснік. 2006. 30 чэрвеня. С. 3.
  18. Каляда, М. Наш зямляк Герой Савецкага Саюза / М. Каляда // Кастрычнік. Івацэвічы, 1991. 2 красавіка.
  19. Левичев, И. Через годы и сражения : [о своём двоюродном брате Н. Н. Мультане рассказывает Антон Александрович Мультан] / И. Левичев // Заря. 1980. 10 января ; 11 января.
  20. Жукоўскі, А. 40 год у страі / А. Жукоўскі // Кастрычнік. Івацэвічы, 1970. 4 мая.
Чытаць 814 разоў