Серада, 11 Лістапад 2020 12:53

16 кастрычніка 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Церашчука (1955), ваеннага журналіста, публіцыста, заслужанага работніка культуры Расіі

Мікалай Васільевіч Церашчук нарадзіўся 16 кастрычніка 1955 г. у весцы Залессе Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі вёску, выгналі людзей. Пасля вызвалення жыхары вярнуліся, пачалі аднаўляць сядзібы.

 

Бацькі, Васіль Іванавіч Церашчук і Анастасія Мікалаеўна, пажаніліся зусім юнымі ў 1950 г., адразу пачалі ставіць сваю хату. Пасля службы ў Савецкай арміі Васіль Церашчук вярнуўся дамоў — і жыццё закруцілася. Першынцам нарадзіўся Коля, а за ім яшчэ дванаццаць сыноў і дачок; усе дзеці выгадаваліся, вывучыліся. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 лютага 1975 г. А. М. Церашчук была ўдастоена ганаровага звання «Маці-гераіня».

Пасля заканчэння Сварынскай сярэдняй школы Мікалай Церашчук быў прызваны ў Савецкую армію, службу праходзіў у пагранічных войсках. Кіраваў салдацкай насценгазетай, пісаў заметкі ў газету «Советский пограничник», вырашыў стаць ваенным журналістам. У 1979 г. скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча.

З 1985 па 1988 г. вучыўся на рэдактарскім аддзяленні педагагічнага факультэта Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. І. Леніна. Падчас вучобы ў акадэміі з’яўляўся членам арганізацыйнага камітэта фестывалю-конкурсу «Когда поют солдаты», прымаў актыўны ўдзел у выданні кніг «От Кавказа до Берлина» і «Патриоты Отечества», у якіх змешчаны яго нарысы.

Службу праходзіў у Заходняй пагранічнай акрузе, Беларускай, Кіеўскай ваенных акругах, на Паўночным, Чарнаморскім флатах, Каспійскай флатыліі. Працаваў у часопісе «Агитатор армии и флота», у Галоўным упраўленні выхаваўчай работы Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, у аддзеле ваеннага друку, прэс-службе Міністэрства абароны, Генеральным Штабе УС РФ, Савеце Бяспекі Расійскай Федэрацыі. Неаднаразова бываў у камандзіроўках у «гарачых кропках». Пасля дваццаці шасці гадоў службы звольніўся ў запас у званні капітана 1-га рангу.

М. В. Церашчук — галоўны рэдактар газеты «Московский вестник культуры», парламенцкі карэспандэнт Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, эксперт Савета па дзяржаўнай культурнай палітыцы пры Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, спічрайтар Міжнароднага экалагічнага руху «Живая Планета».

Аўтар кніг «Встречи на перекрёстках жизни» (2008), «Сквозь время и судьбы» (2011), «Культура в зеркале реальности» (2013), «Память сильнее времени» (2015). У кнігі ўвайшлі інтрэв’ю з сучаснікамі аб маральных і матэрыяльных каштоўнасцях, якія ствараюць у чалавеку працэс эвалюцыі. Іх разважанні, погляды, звесткі — гэта вялікі ўклад у гістарыяграфію, культуралогію і летапіс жыцця адметных людзей. У кнізе «Память сильнее времени» змешчаны нарысы пра творчых людзей Беларусі.

Мікалай Васільевіч вядзе вялікую грамадскую работу. Старшыня Праўлення Маскоўскага аддзялення Расійскага творчага Саюза работнікаў культуры. Віцэ-прэзідэнт міжнароднай пісьменніцкай арганізацыі баталістаў і марыністаў. Член Маскоўскай гарадской арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі, Саюза журналістаў Расіі, Саюза тэатральных дзеячаў Расіі.

Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі. Лаўрэат журналісцкіх прэмій грамадскага прызнання «Лучшие перья России» і Міжнароднага саюза славянскіх журналістаў «России верные сыны». Па выніках конкурсу на лепшае асвятленне дзейнасці ніжняй палаты парламента ў 2007 г. удастоены Ганаровага дыплома і каштоўнага падарунка ад Старшыні Дзяржаўнай Думы Б. В. Грызлова. Лаўрэат літаратурнай прэміі Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі «Золотое перо границы» (2011).

Мае дзяржаўныя і грамадскія ўзнагароды. За важкі ўклад у захаванне і развіццё культуры Рускай Праваслаўнай Царквой адзначаны ордэнам Данііла Маскоўскага III ступені. Дабрачынным грамадскім рухам «Добрые Люди Мира» ўзнагароджаны ордэнам «Служение искусству» II ступені. Фондам «Возрождение Отечества» ўзнагароджаны залатым ордэнскім крыжам «За самоотверженный труд во благо Отечества». Узнагароджаны юбілейным медалём «Московская городская Дума. 25 лет» (2019).

У 2010 г. М. В. Церашчук уключаны ў энцыклапедыю «Люди нашего тысячелетия» і ўзнагароджаны медалём «Человек тысячелетия». За значымае садзейнічанне ў прапагандзе дасягненняў Расійскага Флоту ўзнагароджаны імянным адміральскім корцікам (2012). Лаўрэат Федэральнай прэміі «Офицеры России» ў намінацыі «За объективность и открытость при освещении в СМИ» (2014). На тэрыторыі парку імя 850-годдзя Масквы ўстаноўлена імянная пліта з надпісам: «Гражданин, патриот, миротворец Терещук Николай Васильевич, г. Москва».

Мікалай Васільевіч наведвае сваю малую радзіму, заходзіць у Драгічынскі ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава, сустракаецца з ветэранамi і моладдзю. 16 ліпеня 2015 г. у Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі нарысаў М. В. Церашчука «Память сильнее времени».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф І кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы М. В. Церашчука

  1. Память сильнее времени : беседы с современниками / Николай Терещук. – Москва : МБА, 2015. – 511 с., [8] л. цв. ил., портр.
  2. Культура в зеркале реальности : [беседы с современниками] / Николай Терещук. – Москва : МБА, 2013. – 511 с., [8] л. цв. ил., портр.
  3. Сквозь время и судьбы : беседы с современниками / Николай Терещук. – Москва : У Никитских ворот, 2011. – 511 с., [8] л. цв. ил., портр.
  4. Встречи на перекрестках жизни : беседы с современниками / Николай Терещук. – Москва : У Никитских ворот, 2009. – 511 с., [9] цв. портр.

 

Аб жыцці і дзейнасці М. В. Церашчука

  1. Шафран, Г. Родам з Залесся... : [84-гадовы Васіль Іванавіч Церашчук і яго
    80-гадовая жонка Анастасія Мікалаеўна адзначылі 65-годдзе сумеснага жыцця] / Галіна Шафран ; фота аўтара // Драгічынскі веснік. 2016. 2 лістапада. С. 3 : фат.
  2. Граник, С. «Память сильнее времени» : [о презентации книги Н. В. Терещука в районной библиотеке] / Сергей Граник ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2015. 25 ліпеня. С. 14 : фот.
  3. Граник, С. Жизненный подвиг Василия Терещука : [о многодетной семье из д. Залесье, в которой родился Н. В. Терещук] / Сергей Граник ; фото Ивана Леончика // Наш край — Загородье. Дрогичин, 2013. Апрель (№ 26/27). С. 10–13 : фот.
  4. Граник, С. Генерал, писатель и журналист : [о Н. В. Терещуке, уроженце д. Залесье] / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2012. 22 лютага. С. 2 : фот.
  5. Терещук, Н. В. Нас крепкими узами связывает братство / Николай Васильевич Терещук ; беседовал Александр Ужегов // Заря. 2008. 19 апреля. С. 6 : фот.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 45 разоў