Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:51

14 снежня 2020 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Пятровіча Юркевіча (1910–1985), акцёра, заслужанага артыста БССР (1966)

Сяргей Пятровіч Юркевіч нарадзіўся 14 снежня 1910 г. у Баку (Азербайджан), калі яго бацькі-акцёры былі там на гастролях. Бацька, Пётр Паўлавіч Юркевіч, з дваран, сын украінскага акцёра, выпускнік тэатральнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, працаваў у Кіеўскім тэатры музычнай камедыі. Маці, Вера Васільеўна Калтаноўская, з дваран, актрыса і дачка актрысы. З малых гадоў Сяргея прывучалі да сцэны, да музыкі.

 

Выбар жыццёвага шляху быў вызначаны: тэатральная сцэна. Сяргей Юркевіч скончыў музычна-тэатральную студыю ў Харкаве (1930), вучыўся ў Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А. В. Луначарскага (1934–1937). У 1930–1942 гг. працаваў у тэатрах Чарнігава, Кіева, у 1942–1952 гг. — у Новакузнецкім драматычным тэатры імя С. Арджанікідзе.

У 1952 г. Сяргей Юркевіч пачаў служыць у Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя Ленінскага камсамола Беларусі. Акцёр з багатым вопытам адразу ўліўся ў творчы працэс. Выканаўца драматычных і характарных роляў. Лепшым работам уласціва глыбокае пранікненне ў сутнасць характараў, мастацтва пераўвасаблення, тонкі гумар. Заслужаны артыст БССР (1966).

Найбольш значныя ролі ў Брэсцкім тэатры: Дзяржынскі («Фінал» П. Строгава, «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна, «Брэсцкі мір» К. Губарэвіча), Траўбе («Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча), Дзед, Камяндант, дзед Цыбулька («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» А. Макаёнка), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Ракіцкі («Чалавек і глобус» В. Лаўрэнцьева), Якаў і Пярчыхін («Апошнія і «Мяшчанка» М. Горкага), Галутвін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А. Астроўскага), Жавакін («Жаніцьба» М. Гогаля), Дулітл («Пігмаліён» Б. Шоу), Касяк («Вясёлка» М. Заруднага), дзед Сліва («Кухарка» А. Сафронава), Хмара («Вернасць» В. Бергольц), Худзякоў («Характары» паводле В. Шукшына).

Кінематаграфісты толькі ў сталым узросце адкрылі таленавітага акцёра. Здымаўся ў кінафільме «Паводка» (Беларусьфільм, 1981), тэлефільме «Астравы на далёкіх азёрах» (Беларускае тэлебачанне, 1984).

Сяргей Пятровіч захапляўся музыкай і паэзіяй, сачыняў песні, вершы, эпіграмы, прыпеўкі. Выконваў песні ў спектаклях, на тэатральных капусніках. У спектакль «Предъявите пропуск» была ўключана песня «Присядь, дружище», музыку і словы якой напісаў С. П. Юркевіч. Чалавекам быў сціплым, паводзіў сябе ціха, здаваўся маўчуном. У творчых праблемах меў сваё меркаванне, якое адстойваў логікай, аргументамі.

За доўгую працоўную дзейнасць быў узнагароджаны медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

С. П. Юркевіч памёр 27 студзеня 1985 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Юркевіч Сяргей Пятровіч / Р. М. Бакіевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 215.
  2. Юркевич Сергей Петрович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 411.
  3. Юркевич Сергей Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 697.
  4. Юркевіч Сяргей Пятровіч / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 554.
  5. Юркевіч Сяргей Пятровіч / Р. М. Бакіевіч // Літаратура і мастацтва Беларусі : энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 672–673.
  6. Юркевіч Сяргей Пятровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 542.
  7. Заслужаныя артысты : Юркевіч Сяргей Пятровіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 622.
  8. Перепелица, К. И. Юркевич С. / К. И. Перепелица // Галера святых и грешных... : воспоминания / К. И. Перепелица. Брест, 2002. С. 186–194.
  9. Юркевич Сергей Петрович : [некролог] / Группа товарищей // Заря. 1985. 30 января. С. 3.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 21 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:53