Аўторак, 24 Лістапад 2020 16:09

30 кастрычніка 2020 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905–1986), скульптара, народнага мастака БССР

Андрэй Ануфрыевіч Бембель нарадзіўся 30 кастрычніка 1905 г. у г. Веліж Віцебскай губерні (цяпер у Смаленскай вобласці, Расія). Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1924–1927). З 1927 г. пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках. У 1931 г. скончыў Ленінградскую акадэмію мастацтваў імя І. Рэпіна. Працаваў у галіне манументальнай і станковай скульптуры, шмат увагі надаваў аднаму з самых складаных відаў скульптуры — барэльефу.

 

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Бембель у радах Чырвонай арміі, служыў намеснікам камандзіра роты ў 6-м асобным інжынерным палку. У 1943–1945 гг. — у Беларускім штабе партызанскага руху на прапагандысцкай рабоце. У гэты час мастак стварыў самы значны свой твор — партрэт Героя Савецкага Саюза М. Ф. Гастэлы (1943), а таксама барэльеф «Беларускія партызаны» (1944), партрэт партызанскага кіраўніка П. З. Калініна (1944) і інш.

З 1947 г. Андрэй Бембель на педагагічнай рабоце. Адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча. З 1953 г. — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1955–1978 гг. загадваў кафедрай скульптуры, у 1962 г. атрымаў вучонае званне прафесара. Даў пуцёўку ў жыццё некалькім пакаленням беларускіх скульптараў.

У 1955 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Народны мастак Беларускай ССР». Творчасці Андрэя Бембеля ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, сімвалічнай значнасці вобраза, жаданне падкрэсліць у чалавеку гераічны, валявы пачатак. Скульптурная форма лаканічная, выразная. Яго лічаць адным са стваральнікаў візуальнага канона сацыялістычнага рэалізму.

У 1950–1960-я гг. стварыў шэраг партрэтаў У. І. Леніна для залы пленумаў ЦК КПБ, Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна, Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Выканаў гарэльеф «9 мая 1945» для манумента Перамогі на пл. Перамогі ў Мінску (1954). Адзін з аўтараў «Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі» (1969), за што атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР (1970). У 1970-я гг. стварыў помнік У. І. Леніну ў Салігорску, партрэт Янкі Купалы для Літаратурнага музея Я. Купалы і Дзяржаўнага музея БССР у Мінску, паэта А. Блока, народнага пісьменніка БССР І. П. Шамякіна і інш.

У 1967 г. быў створаны творчы калектыў на чале з народным мастаком СССР Аляксандрам Паўлавічам Кібальнікавым для распрацоўкі помніка абаронцам Брэсцкай крэпасці. У калектыў увайшлі народны архітэктар СССР В. А. Кароль, народны мастак БССР А. А. Бембель, скульптар В. Д. Бобыль, архітэктары Г. В. Сысоеў, В. М. Волчак, Ю. І. Казакоў, В. П. Занковіч, А. А. Стаховіч, галоўны канструктар праекта М. Б. Гордзін.

Своеасаблівай уверцюрай да скульптурнай паэмы аб гераізме стаў галоўны ўваход — манумент «Зорка», аўтарам якога стаў А. А. Бембель. Жалезабетонны блок абапіраецца на ўцалелыя цагляныя сцены казематаў і адхілы землянога вала. У цэнтры — пяціканцовая зорка, сколы складанай дынамічнай формы ствараюць светлаценевыя кантрасты, уражанне напружанасці і імклівасці. Андрэю Ануфрыевічу ўдалося знайсці вобразнае рашэнне галоўнага ўвахода — сімвал супраціўлення і непрыступнасці, мужнасці і высокага маральнага духу абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

У адзіным архітэктурна-мастацкім ансамблі мемарыяльнага комплексу прадстаўлены руіны старой крэпасці, месцы баёў, манументальныя скульптурныя кампазіцыі, штык-абеліск. У 1971 г. была завершана першая чарга будаўніцтва мемарыяла. 25 верасня 1971 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», быў запалены Вечны агонь. У 1985 г. каля Вечнага агню адкрыта мемарыяльная пляцоўка гарадоў-герояў.

А. А. Бембель вёў вялікую грамадскую работу. Старшыня праўлення Саюза мастакоў БССР (1950–1954, 1982–1986). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1967–1975). Член ЦК КПБ (1976–1980).

Заслугі творцы адзначаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Почёта», медалямі. А. А. Бембель памёр 13 кастрычніка 1986 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска. У 1995 г. у доме-майстэрні мастака быў створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры імя А. А. Бембеля.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Бембель Андрэй Ануфрыевіч / Н. В. Шаранговіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 94–95.
  2. Бембель Андрей Онуфриевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 280.
  3. Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 12.
  4. Бембель Андрей Онуфриевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 353–354.
  5. Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 62.
  6. Бембель Андрэй Ануфрыевіч / Э. А. Петэрсон // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 424.
  7. Бембель Андрэй Ануфрыевіч / Э. А. Петэрсан // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 289.
  8. Бембель-Дедок, О. Воспоминания / Ольга Бембель-Дедок ; предисл. Е. И. Гаповой. – Минск : Пропилеи, 2006. – 235 с.
  9. Крэпак, Б. А. Андрэй Бембель : альбом / Б. А. Крэпак. – Мінск : Беларусь, 1988. – 115 с. : іл.
  10. Петэрсон, Э. А. Андрэй Бембель / Э. А. Петэрсон. – Мінск : Беларусь, 1980. – 47 с. : іл.
  11. Орлова, М. А. Андрей Онуфриевич Бембель / М. А. Орлова. – Москва : Советский художник, 1958. – 66 с., [2] л. ил., портр.
  12. Брестская крепость на ветрах истории / авт. концепции и текста А. М. Суворов ; под ред. В. В. Губаренко, Л. А. Цуприка. – Брест : Редакция журнала СЭЗ, 2007. – 151 с. : ил.
  13. Брестская крепость. От музея до мемориала : история создания, экспозиция, уникальные объекты / авт. текста А. М. Суворов ; фото А. М. Суворова, Н. Н. Чеберкуса. – Брест : Брестская типография, 2004. – 22 с. : фот.
  14. Харычкава, А. У. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» / А. У. Харычкава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 606–609.
  15. Лапцевич, Л. Г. Мемориальный комплекс «Брестская крепость-герой» / Л. Г. Лапцевич, Г. Н. Зварич, В. И. Федосик // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 53–58.
  16. Кучинская, Е. Мастер белорусской скульптуры : [к 115-летию со дня рождения А. Бембеля] / Екатерина Кучинская // Заря. 2020. 31 октября. С. 9 : фот.
  17. Как создавался легендарный мемориал : фотолетопись событий // Архівы і справаводства. 2019. № 4. С. 120–126.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 52 разоў