Аўторак, 24 Лістапад 2020 16:33

15 лютага 2020 г. — 45 гадоў з дня заснавання літаратурнага аб’яднання «Над рэчанькай Рытай» пры рэдакцыі маларыцкай газеты «Голас часу» (1975)

Літаратурнае жыццё Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці да 1960-х гг. было сціплым. Першая літаратурная старонка ў раённай газеце з’явілася 12 кастрычніка 1960 г., дзе былі змешчаны вершы Івана Мельнічука, Васіля Жуковіча, І. Сцяпанава, нарыс Сцяпана Крываля. Звычайна некалькі вершаў мясцовых аўтараў друкаваліся пад простай рубрыкай — «Літаратурны куток». Але ў 1960-я гг. на Маларытчыне з’явілася суквецце талентаў: Яраслаў Пархута, Мікола Купрэеў, Аляксей Філатаў, Сцяпан Крываль.

 

15 лютага 1975 г. на тэматычнай падборцы было пазначана, што гэта  выпуск літаратурнага аб’яднання «Каласок». З гэтай даты і бярэ свае вытокі літаратурнае аб’яднанне «Над рэчанькай Рытай». Чытачы маларыцкай раённай газеты «Сельскае жыццё» (з 1991 г. «Голас часу») з літаратурнай творчасцю мясцовых паэтаў і пісьменнікаў маглі знаёміцца пастаянна — 4–7 разоў на год. Са стварэннем літаб’яднання, самым шчырым і добразычлівым прыхільнікам якога выступіў галоўны рэдактар Уладзімір Захарэвіч, сувязь з аўтарамі стала больш сістэматычнай і цеснай. Разам з вядомымі прозвішчамі майстроў пяра Маларытчыны, такімі як Мікалай Пацяюк, Уладзімір Данілюк, Генадзь Мішчук, Уладзімір Кучмінскі, у выпусках літаратурнага аб’яднання з’яўляюцца і новыя.

З 1979 г. літаратурная старонка называлася «Хвалі Рыты», з 1981 г. «На хвалях Рыты», у 1988 г. атрымала новы лагатып —«Над рэчанькай Рытай». Першым старшынёй літаб’яднання быў Сцяпан Антонавіч Крываль (1935–1996). У сувязі з падрыхтоўкай да друку свайго першага зборніка апавяданняў, пісьменнік выказаў просьбу аб перавыбранні. 5 мая 1988 г. «раёнка» паведаміла, што на чарговым пасяджэнні літаратурнага аб’яднання пры газеце «Сельскае жыццё» абраны новы яго кіраўнік — Сямён Іванавіч Кавенька (1938–2015), які раней працаваў загадчыкам аддзела культуры райвыканкама, выкладчыкам агранамічнага цыкла ПТВ-155.

3 верасня 1988 г. пры рэдакцыі газеты «Голас часу» афіцыйна была аформлена літаратурнае аб’яднанне «Над рэчанькай Рытай». Назва літаб’яднання паходзіць з верша С. І. Кавенькі «Бягуць цягнікі» («Над рэчанькай Рытай — задумлівы гай...»). Праца старшыні найперш была накіравана на рост прафесіяналізму маладых аўтараў, выхаванне ў іх патрыятычнай самаадданасці. Яго слова, яго парада спрыялі літаратурнаму росту многіх паэтаў-пачаткоўцаў з Прырыцкага краю.

З 2012 г. літаб’яднаннем кіраваў Мікалай Пацяюк (1938–2020), які працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Ляхавецкай сярэдняй школе. З прыходам Мікалая Іванавіча, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў (2013), актывізаваўся выпуск тэматычнай старонкі газеты. Паэтычныя творы М. І. Пацеюка змястоўныя, напоўнены жыццёвай праўдай, шчырай любоўю да родных мясцін, людзей, якія працавалі побач.

Чытачоў сваімі творамі радуюць Таццяна Ефлакова, Надзея Кухцей, Валянціна Бярнадская, Алёна Сац, Тамара Марозава, Пётр Пальчук і інш. Аб вартасці твораў пісьменнікаў раёна сведчыць і той факт, што іх вершы, апавяданні рэгулярна змяшчаюцца на старонках абласных газет «Заря» і «Народная трыбуна», у выпусках літаратурнага альманаха «Жырандоля» Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, газеты «Звязда», часопіса «Маладосць» і інш. Генадзь Мішчук у 2003 г. заняў ІІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе апавяданняў, які праводзіла рэдакцыя газеты «Звязда» сумесна з ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Важнае месца для пашырэння творчасці мясцовых літаратараў займае дзейнасць публічных бібліятэк. Бібліятэкары арганізоўваюць творчыя сустрэчы для розных аўдыторый — дзяцей, моладзі, дарослых і пенсіянераў. З 1996 г. Маларыцкая цэнтральная раённая бібліятэка рыхтуе і выдае зборнікі вершаў мясцовых аўтараў.

Развіваецца і літаратурная крытыка, пра творчасць пісьменнікаў Маларыцкага краю пішуць літаратуразнаўцы Марыя Жыгалава (аўтар манаграфіі «Поліэтнічная літаратура Маларытчыны: інтэрпрэтацыя і аналіз твораў» [2017]), В. Ляшук, Г. Снітко, В. Смаль, М. Навумчык. У раённай гімназіі пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны Аксянюк падрыхтавана вучнёўская даследчая работа «Тэма Радзімы ў творчасці беларускамоўных паэтаў Маларытчыны».

З 2020 г. літаб’яднанне ўзначальвае Святлана Максімук, супрацоўнік газеты «Голас часу». Члены літаб’яднання «Над рэчанькай Рытай» часта выступаюць у вучнёўскiх калектывах раёна, вядуць вялiкую работу па прапагандзе беларускай мовы, традыцый роднага краю, шчыра зацiкаўлены ў росце творчасцi маладых аўтараў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Маларыцкі раён // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. і ўклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 381–400.
  2. Мастацкім словам : Крываль Сцяпан Антонавіч. Філатаў Аляксей Георгіевіч // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 486–487.
  3. Сямён Кавенька // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. і ўклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 392–395.
  4. Памяці Мікалая Іванавіча Пацеюка // Голас часу. Маларыта, 2020. 13 чэрвеня. С. 11.
  5. Навумчык, М. Крылы дужэюць у палёце : [аб творчасці паэтэсы Тамары Абрамчук з в. Дворчышча, члена літаб’яднання «Над рэчанькай Рытай»] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2019. 31 ліпеня. С. 8.
  6. Навумчык, М. Літаратурная Маларытчына : [прэзентацыя кнігі Марыі Жыгалавай «Поліэтнічная літаратура Маларытчыны: інтэрпрэтацыя і аналіз твораў»] / Мікалай Навумчык // Заря. 2017. 23 ноября. С. 19.
  7. Навумчык, М. Энцыклапедыя літаратурнага жыцця Маларытчыны : [пра манаграфію Марыі Жыгалавай «Поліэтнічная літаратура Маларытчыны: інтэрпрэтацыя і аналіз твораў»] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2017. 15 лістапада. С. 4.
  8. Светлай памяці Сямёна Іванавіча Кавенькі // Голас часу. Маларыта, 2016. 13 студзеня. С. 7.
  9. Навумчык, М. Мікола Купрэеў і Маларытчына / Мікалай Навумчык ; фота аўтара // Голас часу. Маларыта, 2015. 5 верасня. С. 3.
  10. Навумчык, М. Літаратурны працэс на Маларытчыне : [пра мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, членаў літаратурнага аб’яднання «Над рэчанькай Рытай»] / Мікалай Навумчык ; фота аўтара // Голас часу. Маларыта, 2015. 26 жніўня. С. 8.
  11. Жыгалава, М. Дружба без межаў : [развіццё літаратуры на Маларытчыне ў 19871996 гг.] / Марыя Жыгалава // Голас часу. Маларыта, 2015. 20 мая. С. 8 ; 3 чэрвеня. С. 8 ; 17 чэрвеня. С. 8.
  12. Жыгалава, М. Дружба без межаў : [развіццё літаратуры на Маларытчыне ў 1970–1980-я гг.] / Марыя Жыгалава // Голас часу. Маларыта, 2015. 6 мая. С. 8.
  13. Жыгалава, М. Дружба без межаў : [развіццё літаратуры на Маларытчыне ў 1950–1970 гг.] / Марыя Жыгалава // Голас часу. Маларыта, 2015. 23 красавіка. С. 8 ; 29 красавіка. С. 8.
  14. Жигалова, М. П. Современная полиэтническая литература Малоритчины: теоретическое осмысление и роль в мультикультурном социуме / М. П. Жигалова // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2014. № 2. С. 4758.
  15. Кавенька, С. Адшукваюцца таленты : [старшыня літаратурнага аб’яднання «Над рэчанькай Рытай» аб развіцці літаратурнага працэсу ў Маларыцкім раёне] / Сямён Кавенька ; [гутарыў] Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2011. 23 лістапада. С. 8.
  16. Кавенька, С. Каб кожнае слоўца гучала : [пра паэта Уладзіміра Данілюка, члена літаб’яднання «Над рэчанькай Рытай»] / Сямён Кавенька // Голас часу. Маларыта, 2008. 21 мая.
  17. Кавенька, С. Мы чакаем вас асабіста : б дзейнасці літабяднання«Над рэчанькай Рытай»] / Сямён Кавенька // Голас часу. Маларыта, 2007. 28 ліпеня.
  18. Васiльева, А. Самi пiшам самi друкуем : [пра выдавецкую дзейнасць Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі] / А. Васiльева // Народная трыбуна. 2003. 11 кастрычніка.
  19. Мошчык, С. Сузор’е талентаў : [з гісторыі літаб’яднання «Над рэчанькай Рытай»;кароткая інфармацыя пра С. Крываля, А. Філатава і С. Кавеньку] / Сяргей Мошчык // Голас часу. Маларыта, 2002. 1 чэрвеня. С. 3.
  20. Цунік, П. Творчасць Сямёна Кавенькі : [міні-інтэрв’ю з кіраўніком літаб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты] / П. Цунiк // Голас часу. Маларыта, 1991. 7 сакавіка.
Чытаць 710 разоў Апошняя змена Пятніца, 27 Лістапад 2020 15:52