Аўторак, 22 Студзень 2013 14:42

4 жніўня 2012 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Мiкалая Селяшчука (1947–1996), мастака

Мікалай Міхайлавіч Селяшчук нарадзіўся 4 жніўня 1947 года ў вёсцы Велікарыта Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых.

{gcontent}У 1957 годзе разам з бацькамі пераехаў у вёску Пугачова пад Брэстам. У Брэсце займаўся ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам Пятра Аляксеевіча Данеліі. Скончыў сярэднюю школу № 4 г. Брэста, год працаваў у Брэсцкім гарнізонным Доме афіцэраў на пасадзе мастака-рэкламіста. У 1965 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава на аддзяленне жывапісу. У 1968 годзе пайшоў у войска, атрымаў медаль “За воінскую доблесць”. Заканчваць вучылішча не стаў і адразу пасля дэмабілізацыі паступіў на кафедру графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. На працягу шасці гадоў навучання быў старастам групы. На трэцім і чацвёртым курсах – ленінскім стыпендыятам. У 1976 годзе скончыў вучобу з адзнакаю па спецыяльнасці мастак-графік.

У мастацкіх выстаўках М. Селяшчук удзельнічаў з 1966 года, аднолькава цікава і плённа працуючы ў станковай і кніжнай графіцы (каляровая літаграфія, афорт), у экслібрысе і станковым жывапісе. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нацыянальнай культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюрэалістычную манеру выканання з вобразамі беларускага народнага фальклору і этнаграфіі. Багаццем фантазіі, вытанчанасцю і дасканаласцю малюнка, што надавала пераканаўчую вобразнасць у выяўленні вобразаў літаратурных твораў, вылучаюцца аздобленыя ім дзесяткі кніг: "Як агонь, як вада" А. Лойкі (1982), "Пара любові і жалю" Я. Янішчыц (1983), "Бацькаў дар” (1984), “Сымон-музыка" Я. Коласа (1988–1990), “Прагны багацей”, “Індыкала-кудыкала” Р. Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль і дыплом біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе, 1989), “Сказки белорусских писателей” (1988) і інш. Кніжная графіка мастака, дзе ён пакінуў свой непаўторны след майстра, была адзначана самымі высокімі дыпломамі на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках.

Асабліва адметна і ярка раскрыўся талент М. Селешчука ў жывапісе, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць мастацкай мовы, часам філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці. Вялікую ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я гады: “Гучанне музыкі нябёсаў” (1990), “Прагулка”, “Калі цвяце язвін” (абодва 1991), “Метамарфозы”(1992), “Злашчасны вечар”, “Люблю цябе сустракаць” (абодва 1994), “Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле” (1995), “Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур” (1996) і інш. Яго палотнам, часта падобным на дзівосныя казачныя сны, уласціва складанасць сюжэтнага вырашэння ў спалучэнні з алегорыяй, нечаканай метафарай ці сімвалам. Такія творы, як "Хроніка аднаго вечара" (1980), "Канец сезона туманаў" (1985), "Занесеная да яго" (1990), "Ноч. Аэрапорт Анталья" (1992) і многія іншыя прасякнуты глыбокім мастацкім асэнсаваннем нашага няпростага часу, імкненнем да спасціжэння новых тэм і новых жывапісных сродкаў.

У 1977 годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. Стаў стыпендыятам Саюза мастакоў СССР.

Свежае слова мастака было пачута і адзначана шырокай грамадскасцю, сведчаннем таму Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992) – за серыю графічных аркушаў “Святы” (“Каляды”, “Гуканне вясны”, “Вербніца”), за цыкл карцін “Мая Беларусь”, за ілюстрацыі да кніг “Сымон-музыка” Якуба Коласа і “Сказки белорусских писателей”. Узнагароджаны дыпломам мэріі Афін (Грэцыя). А ў апошнія гады менавіта пра гэта сведчылі і замежныя прэстыжныя выстаўкі, у якіх ён браў удзел, годна прадстаўляючы ў свеце наша мастацтва. У 1992 годзе біяграфічным цэнтрам Кембрыджскага ўніверсітэта быў прызнаны чалавекам года ў галіне культуры.

Атрымаў дыпломы “За выдатныя дасягненні ў ХХ стагоддзі” (1991–1993). 1995 год – атрымаў прэмію года “Сустрэчы на Раство”. Абраны акадэмікам жывапісу грамадскага аб’яднання “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва”, віцэ-прэзідэнтам БелАВМ.

25 верасня 1996 года трагічна загінуў у Італіі (паехаў з сябрамі ў турыстычную вандроўку на радзіму вялікага мастацтва і затануў у Тыррэнцкім моры). Пахаваны ў Брэсце, на Камяніца-Жыравецкіх могілках.

Мікалай Селяшчук быў узнагароджаны 18-цю дыпломамі на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах кніжнай графікі. Творы мастака экспанаваліся ў Беларусі, Расіі, Літве, Эстоніі, Азербайджане, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Канадзе, ЗША, Грэцыі, Іспаніі, Інданезіі, Бельгіі, Францыі, Шры-Ланцы, Японіі, Фінляндыі, Германіі, Англіі, Партугаліі.

Жывапіс і графіка Мікалая Селешчука захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага мастацтва Экватарыяльнай Гвінеі, Галерэі Кастакі ў Афінах (Грэцыя), Галерэі Хагельстам у Хельсінкі (Фінляндыя), Салоне Сціва Каплянскага ў Таронта (Канада), Гандлёва-прамысловым цэнтры Мінеапаліса (ЗША), у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША), музеі Мальбарка (Польшча), музеі Шлесбурк (Германія), бібліятэцы Кірылы і Мяфодзія (Балгарыя), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Грэцыі, Францыі, Фінляндыі, Канады, ЗША, Ізраіля, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Расіі, Германіі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна,

заг. аддзела бібліятэчнага маркетынгу

{/gcontent}

  1. Селяшчук Мікалай Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 316.

  2. Селещук Николай Михайлович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 616–617.

  3. Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў : успаміны, эсе, дзённікі / уклад. Н. Шаранговіч. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. 335 с. : іл.

  4. Мяснікоў, А. Мікола Селяшчук: з палотнаў ён звяртаецца да нас… // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. 2 выд. дапрац. Мінск, 2008. С. 325–328.

  5. Николай Селещук : Жизнь и творчество / Отдел библиотечного маркетинга Малоритской ЦБС. Малорита, 2011. 13 с. ; ил. (Знаменитые люди Малоритчины).

  6. Сказочный мир Николая Селещука : календарь. Брест, 2008. 12 с.

  7. Нязгасныя фарбы Міколы Селешчука / Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС. Маларыта, 2001. 14 с., іл. (Звязаныя лёсам з Маларытчынай).

  8. Белохвостик, Н. Художника Селещука приняли в партию как известного антисоветчика : Незабытые имена / Надежда Белохвостик // Комсомольская правда в Белоруссии. 2011. 29 сент. С. 9.

  9. Баравікова, Р. Таямніца схаванага сэнсу / Раіса Баравікова // ЛіМ. 2011. 24 чэрв. (№ 25). С. 5.

  10. Гайсёнок, С. Анализ картины Николая Селещука "Счастливая, такая же, как ты" / Светлана Гайсёнок // Мастацкая адукацыя і культура. 2010. № 4. С. 56–58.

  11. Боровикова Р. Из твоего сада ко мне на огонёк / Раиса Боровикова // Союзное государство. 2009. № 6–7. С. 111.

  12. Шаранговіч, Н. Творца з дзівоснымі фантазіямі / Наталля Шаранговіч // Роднае слова. 2009. № 6. С. 108–109.

  13. Жогла, Н. Вяртанне дадому : [аб прэзентацыi кнiгi “Мiкола Селяшчук. Гучанне музыкi нябёсаў”] / Наталля Жогла // Культура. 2008. 9–15 лют. (№ 6). С. 8–9.

  14. Бунеева, Л. "Нет мне покоя от самого себя" / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 26 марта. С. 24.

  15. Жогла, Н. Книга о белорусском сказочнике / Наталля Жогла // Белорусы и рынок. 2008. 25 февр. С. 26.

  16. Барадзінская, І. Ён маляваў казачную мару / І. Барадзінская // Новы час. 2008. 11–17 лют. С. 16.

  17. Някляеў, У. Партрэт карабля / Уладзiмiр Някляеў // Наша ніва. 2008. 7 лют. С. 18–20.

  18. Шаранговіч, Н. Выпрабаванне часам : [пра выставу М. Селешчука “Вяртанне дадому” ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi] / Наталля Шаранговіч // Мастацтва. 2007. № 12. С. 12.

  19. Езерская, Э. Он носил детство в кармане... / Элеонора Езерская // Советская Белоруссия. 2007. 18 дек. С. 12.

  20. Кобяк, Э. Творец символов эстетства / Эдуард Кобяк // Заря (Брест). 2007. 27 окт. С. 9.

  21. Шаранговіч, Н. Мікалай Селяшчук. Яго дарога дадому... / Наталля Шаранговіч // Культура. 2007. 20–26 кастр. (№ 42). С. 13.

  22. Берасцень, С. Шчымлівы лейтматыў дарогі : [пра выставу “Мiкалай Селяшчук. Дарога дадому” ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi] / С. Берасцень // ЛiМ. 2007. 26 кастр. (№ 43). С. 1.

  23. Мощик, С. Прощание с хутором / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2007. 17 авг. С. 3.

  24. Шаранговiч, Н. У спякотны вечар з вясёлкай на крэсле... : [да 60-годдзя з дня нараджэння М. Селешчука] / Наталля Шаранговіч // Мастацтва. 2007. № 8. С. 46–51.

  25. 4 жніўня – 60 год з дня нараджэння М. М. Селешчука (1947–1996), графіка, жывапісца // Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 2007. № 5. (Даты беларускага календара. С. 17–18.).

  26. Валасюк, Л. Хвіліна маўчання / Лявон Валасюк // Народная трыбуна (Брэст). 2007. 4 жн. С. 10.

  27. Гаврилюк, Л. Жил-был художник один... / Любовь Гаврилюк // Фотомагия. 2007. № 4. С. 40–41.

  28. Фатыхава, Г. Да 60-годдзя з дня нараджэння [Мікалая Селешчука] / Г. Фатыхава // Мастацкая адукацыя і культура. 2007. № 2. 2-я с. вокл.

  29. Бунеева, Л. И это все о нем... / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2007. 9 февр. С. 4.

  30. Молочко, Е. Сестра его – жизнь / Елена Молочко // Беларусь сегодня. 2006. 14 окт.

  31. Бунеева, Л. Десять лет без Селещука / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2006. 29 сент. С. 3.

  32. Баравiкова, Р. Ён хацеў намаляваць гук / Раіса Баравікова // Маладосць. 2004. № 7. С. 138–143.

  33. Багданава Г. Ключ да Залюстроўя : ХХ стагоддзе Міколы Селешчука / Галіна Багданава // Дзеяслоў. 2003. № 8. С. 236–243.

  34. Тиборовская Т. Он нелогично рассказывал о любви, о женщине : [о творческом пути Н. Селещука] / Т. Тиборовская // Рэспубліка. 2002. 22 лістап. С. 7.

  35. http://partal.by/allnews/afisha/personalnaya_vystavka_162.html

  36. http://prastora.by/knihi/sieliascuk-mikola-hucannie-muzyki-niabiosau

  37. http://vershy.ru/content/balada-m-koly-selyashc

  38. http://www.kimpress.by/index.phtml

  39. http://www.nn.by/index.php

  40. http://www.dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/html

  41. http://nv-online.info

  42. http://www.museum-rus.ru/author.htm

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3430 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 12:42