Пятніца, 18 Снежань 2020 11:20

3 студзеня 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Ніны Фёдараўны Бакунец (1945), перадавіка жывёлагадоўлі, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Ніна Фёдараўна Бакунец нарадзілася 3 студзеня 1945 г. у вёсцы Туры Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З маленства прывучана да працы. Пасля заканчэння сямігодкі пайшла працаваць паляводам у мясцовы калгас «17 Верасня».

 

У 1959–1968 гг. Ніна Бакунец працавала ў жывёлагадоўлі. Адразу згадзілася на працу ў цялятніку. Давялося на практыцы вывучаць методыку догляду за цялятамі, як іх карміць, сачыць за іх здароўем. Чытала спецыяльную літаратуру, выконвала ўсе парады спецыялістаў. Два гады дзяўчына клапатліва даглядала цялят, заваявала аўтарытэт сваёй стараннасцю і выключнай працавітасцю.

У 1962 г. перайшла на свінагадоўчую ферму. Арганізацыя працы свінарак тады была недасканалай — за свінаркай замацоўваліся і свінаматкі, і маладняк, і адкормачнікі. Будынак свінарніка быў не самы дасканалы — пабудаваны сіламі калгаснікаў. Для кожнай групы жывёл патрэбны асобныя кармы, спецыяльныя рацыёны, што ўскладняла працу жывёлаводаў. Першай настаўніцай для Ніны Бакунец стала вопытная свінарка Вера Чурыла.

Затым увялі падзяленне свінарак па групах. Самы адказны ўчастак свінафермы — праца са свінаматкамі. Сюды і пайшла Ніна Бакунец, узяла адну з дзвюх груп свінаматак — 14 асноўных і некалькі разавых. Другую групу даглядала Аляксандра Сцяпанаўна Трухановіч (у 1971 г. узнагароджана ордэнам Леніна), у якой маладая свінарка многаму навучылася.

Неўзабаве Ніна Бакунец атрымала ад кожнай свінаматкі па 20 парасят — вельмі добры вынік. Праз год — па 23 парасяты. У 1962 г. ёй быў прысуджаны пераходны чырвоны вымпел «Лепшы жывёлавод вобласці». Штогод атрымлівала не менш чым 22 парасяты ад кожнай асноўнай свінаматкі, у 1965 г. — у сярэднім па 22,2. Калі парасяты дасягалі вагі 15 кг, іх перадавала ў групу дарошчвання маладняку. За тры гады працы атрымала і выгадавала амаль 1900 парасят.

За дасягнутыя поспехі ў жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса Н. Ф. Бакунец Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. было прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна (№ 339413) і медаля «Серп і Молат» (№ 12088). Загадчык свінагадоўчай фермы Фёдар Іванавіч Бакунец узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1966).

У 1966 г. Ніна Бакунец яшчэ двойчы пабывала ў Маскве: была дэлегавана на VII з’езд кааператараў і на злёт моладзі, прысвечаны 25-годдзю разгрому фашыстаў пад Масквой. У ліку іншых перадавікоў сваёй працай садзейнічала таму, што калгас павялічваў пастаўкі мяса дзяржаве. Прымала актыўны ўдзел у паляпшэнні пароднасці свінапагалоўя, у разгортванні механізацыі на ферме. Пачала працаваць з павялічанай групай свінаматак — 25 асноўных і 17 разавых. У яе групе быў самы нізкі падзеж маладняку, а прыплод у разліку на свінаматку — самы высокі. У 1970 г. была ўзнагароджана медалём «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина».

Па стане здароўя Н. Ф. Бакунец (па мужу Колбік) давялося пакінуць свінарнік, перайсці на іншую працу. З 1973 г. працавала прыёмшчыцай малака ад насельніцтва. На новым месцы таксама праявіла сваю стараннасць, стала адной з лепшых прыёмшчыц. Яе ўчастак вылучаўся і аб’ёмам прадукцыі, і тлустасцю малака.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Бакунец (Колбик) Нина Федоровна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 38.
  2. Бакунец (Колбік) Ніна Фёдараўна // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 466.
  3. Бакунец (Колбик) Нина Фёдоровна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 38.
  4. Бакунец (па мужу Колбік) Ніна Фёдараўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 56.
  5. Бакунец (па мужу Колбік) Ніна Фёдараўна // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 83.
  6. Кучук, М. Посланец комсомола : [очерк о Н. Ф. Бакунец] / М. Кучук // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 33–39.
  7. Жаўнерык, К. Шлях у героі : [пра Н. Ф. Бакунец, Героя Сацыялістычнай працы] / Крысціна Жаўнерык // Навіны Палесся. Столін, 2016. 5 красавіка. С. 4.
  8. Яцура, Н. Незабыўны сакавік / Н. Яцура // Народная трыбуна. 2011. 23 ліпеня (№ 30). С. 3.
  9. Шумко, Ф. Працавала па-геройску! / Ф. Шумко // Навіны Палесся. Столін, 2011. 22 сакавіка.
  10. Галавач, М. Пачатак біяграфіі / М. Галавач // Навіны Палесся. Столін, 1966. 17 мая.
  11. Кучук, М. Влюбленная в труд / М. Кучук // Заря. 1966. 15 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 760 разоў