Аўторак, 12 Студзень 2021 12:09

3 студзеня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Валянціны Міхайлаўны Куксы (1951–2014), пісьменніцы, педагога

Валянціна Міхайлаўна Кукса (у дзявоцтве Леанюк) нарадзілася 3 студзеня 1951 г. у вёсцы Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацька працаваў манцёрам сувязі рачнога транспарту Пінскага параходства. Вясковае выхаванне змалку навучыла цярплівасці, адказнасці, у поце здабываць свой хлеб. Васьмігадовая школа была ў Гнеўчыцах, а вось у дзесяцігодку прыйшлося хадзіць у суседні Крытышын.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Валянціна Кукса вучылася ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы. Пасля вучылішча паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна на дашкольны факультэт. Паспяхова скончыўшы інстытут, паступіла ў аспірантуру. Здала два экзамены, рыхтавалася да напісання дысертацыі, як напаткала трагедыя — цяжка захварэла старэйшая дачушка Света.

В. М. Кукса працавала выхавацелем у дзіцячых садах г. Брэста. Была стваральнікам першых беларускамоўных груп у дашкольных установах горада. Распрацавала шэраг метадычных работ для выхавацеляў і настаўнікаў па вывучэнні беларускай мовы дзяцьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У часопісе «Пралеска» друкавала «Заняткі па развіцці маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту». Набыткам для выхавацеляў сталі яе дапаможнік «Колеры вясёлкі. Вучымся гаварыць па-беларуску» (1998) і кніга для бацькоў «Створым прастору любові» (2005).

Пісаць мастацкую прозу пачала ў студэнцкія гады. Палескія песні і мова на ўсё жыццё запалі ва ўражлівую душу, таму «вясковасць» і радаводу, і маральна-духоўнага стану ў пісьменніцы была ўвабрана ад нараджэння. Першае сваё апавяданне «Калінавая слёзка» надрукавала ў абласной газеце «Заря». Праўда, яго пераклалі на рускую мову. Затое колькі было радасці, калі наступны твор — «Вясковыя малюнкі» — рэдакцыя змясціла на беларускай (19 сакавіка 1987 г.). І закруціла літаратурнае жыццё, якое трэба было спалучаць з паўсядзённымі клопатамі.

Валянціна Кукса пісала толькі пра тое, што ведала, што перажыла, а ведала больш за ўсё дзяцей. Іх перажыванні і свае вакол іх клала сардэчным словам на паперу. Друкавалася ў перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках «З палескіх крыніц. Чый бэз?» (1993), «Карані» (1994), «Берестейське багаття» (2012), альманасе «Жырандоля». Выдала дзве кнігі прозы «І верыла ў цуд...» (1999), «Кнігаўка» (2005).

Мела высокі аўтарытэт сярод творчага асяроддзя Брэстчыны. Сябравала з Нінай Мацяш, Алесем Каско, Міколам Пракаповічам, Аляксеем Філатавым і інш. Аблвыканкам па выніках 1999 г. назваў яе «Чалавекам года» ў галіне адукацыі. Узнагароджана прэміяй «Берасцейская зорка», Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001). У чэрвені 2001 г. прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. У 2005 г. стала лаўрэатам Берасцейскай мядовай літаратурнай прэміі за кнігу «Кнігаўка».

Сама яна вакол сябе старалася стварыць прастору любові да навакольнага, да дзетак, да блізкага акружэння родных ёй людзей. Пры размове з Валянцінай Мікалаеўнай падкуплялі прастата, шчырасць, жаноцкая абаяльнасць, ужыванне ў размове і на пісьме роднага слова, часта і паляшуцкага, дзіцячая непасрэднасць паводзін і ўспрымання жыцця. Разам з тым уражвалі цвярозасць думкі, разваг, клопат аб іншых, усеабдымная любоў да людзей.

Валянціна Міхайлаўна клапацілася, каб аднавіць у Гнеўчыцах разбураную святыню — царкву Параскевы Пятніцы. Адпраўным момантам, які прадвызначыў будаўніцтва новага храма, стаў яе зварот да землякоў у іванаўскай раённай газеце «Чырвоная звязда» 19 сакавіка 1999 г. Прасякнуты ідэяй адраджэння духоўнасці, ён ускалыхнуў мясцовых жыхароў, стаў той жыватворнай кропляй, якая разбудзіла ў іх імкненне да актыўнай дзейнасці. 27 лістапада 2007 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне храма.

Пасля цяжкай працяглай хваробы Валянціны Міхайлаўны Куксы не стала 13 верасня 2014 г., пахавана на могілках в. Камяніца-Жыравецкая Брэсцкага раёна. Застаўся светлы ўспамін аб гэтай няўрымслівай жанчыне, якая да апошняга ўздыху верыла ў цуд.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы В. М. Куксы

  1. Радавод : зборнік матэрыялаў І і ІІ фестываляў фальклорнага мастацтва «Радавод» і абласной навукова-практычнай канферэнцыі «Я слаўлю матчын край — Радзіму Беларусь» / Брэсц. дзярж. абл. цэнтр маладзёжнай творчасцi ; уклад. В. Р. Волкава ; пад рэд. В. М. Куксы. – Брэст : Альтернатива, 2007. – 266 с.
  2. Створым прастору любовi : кніга для бацькоў / Валянціна Кукса. – Брэст : Академия, 2005. – 223 с. : іл.
  3. Кнігаўка : аповесць, апавяданні / Валянціна Кукса. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 179, [2] с. – (Дэбют).
  4. І верыла ў цуд... : аповесці, апавяданні / Валянціна Кукса. – Мінск : Дом прэсы, 1999. – 94, [2] с. : партр. – (Бібліятэка часопіса «Маладосць»).
  5. Колеры вясёлкі : вучымся гаварыць па-беларуску : дапам. для педагогаў дашк. Устаноў / Валянціна Кукса. – Мінск : Полымя, 1998. – 174 с. : нот., іл.
  6. Сем згадак пра Уладзіміра Калесніка / Валянціна Кукса // Пасланец Праметэя : кніга пра Уладзіміра Калесніка. Брэст, 2004. С. 245–249.
  7. Счарнелая восень : апавяданне / Валянціна Кукса // Крыніца : аповесці, апавяданні. Мінск, 1994. С. 230–242.
  8. Сцяжынка ; Дудка : апавяданні / Валянціна Кукса // З палескiх крынiц. Чый бэз? : пiсьменнiкi Брэстчыны — дзецям / [склад. А. Фiлатаў]. – Брэст, 1993. С. 3–6.
  9. Паляванне ў запаведніку : апавяданне / Валянціна Кукса // Берасцейскія карані. Брэст, 1993. С. 172–181.
  10. Святлана : верш / Валянціна Кукса // Дзень паэзіі, 1992. Мінск, 1993. С. 61–62.
  11. Пра Айчынную вайну, і не толькі : [апавяданне] / Валянціна Кукса // Жырандоля. Мінск, 2010. № 3. С. 93–100.
  12. Вінаватасць : апавяданне / Валянціна Кукса // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 26 лютага. С. 4.
  13. Пасля дажджу (аб Тамары Паўлючук) ; Ружа для Дзімкі : [апавяданні] / Валянціна Кукса // Жырандоля. Мінск, 2009. № 2. С. 101–107.
  14. Вавёрчына радасць : [быль] / Валянціна Кукса // Заря. 2004. 23 октября. С. 3.
  15. Як пасварыліся чаравікі : казка / Валянціна Кукса // Заря. 2004. 28 февраля.
  16. Паядынак ; Загадка : [вершы] / Валянціна Кукса // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 22 студзеня.
  17. Сэрца прагне духоўнасці... : [зварот да землякоў аб неабходнасці будаўніцтва царквы ў в. Гнеўчыцы] / Валянціна Кукса // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 19 сакавіка.
  18. Агон ; Язмінавы пах : два апавяданні / Валянціна Кукса // Маладосць. 1998. № 7. С. 35–69.
  19. Хросная : апавяданне / Валянціна Кукса // Заря. 1997. 30 сентября.
  20. Крыж на грэблі ; Золата навобмацак ; Прывід кахання : апавяданні / Валянціна Кукса // Маладосць. 1995. № 10. С. 9–43.
  21. Маці, маці, пара жыта жаці : сцэнарый свята дажынак для дзяцей старэйшай групы / Валянціна Кукса // Пралеска. 1995. № 8. С. 19.

 

Аб жыцці і творчасці В. М. Куксы

  1. Валянціна Кукса // Іванаўшчына літаратурная: ад сярэднявечча да сучаснасці : зборнік нарысаў / уклад. А. Крэйдзіч. – Мінск, 2018. С. 49–54.
  2. Валянціна Кукса // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 243–248.
  3. Барышчук, А. Яе вера ў цуд : [В. М. Кукса] / А. Барышчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 13 ліпеня. С. 5.
  4. Філатаў, А. Г. Кнігаўкі лёс ; Душа да душы ; Працягваю табе руку (Ліст ад В. Куксы) : [успаміны пра В. Куксу] / Аляксей Філатаў // Жырандоля. Мінск, 2015. № 6. С. 120–124.
  5. Полякова, Г. З верай у цуд : добрую памяць і цікавыя кнігі пакінула пасля сябе пісьменніца і педагог Валянціна Кукса / Ганна Палякова // Народная трыбуна. 2015. 11 верасня (№ 37). С. 12.
  6. Рубашэўскі, Ю. Яе ўжо няма... : [памяці пісьменніцы В. М. Куксы] / Юрась Рубашэўскі // Вечерний Брест. 2014. 19 сентября. С. 2.
  7. «І верыла ў цуд...» : памяти Валентины Куксы : [некролог] // Брестский курьер. 2014. 18 сентября (№ 38). С. 27.
  8. Савiцкая, В. Размова пра жыццё : [пра сустрэчу з пісьменніцай В. Куксай у Белаазёрскай гарадской бібліятэцы] / Вера Савiцкая // Маяк. Берёза, 2006. 14 июня. С. 4.
  9. Кічко, В. Завітайце на агеньчык : [аб сустрэчы з пісьменніцай В. Куксай у раённай бібліятэцы імя Ф. Панфёрава] / В. Кічко // Чырвоная звязда. Іванава, 2006. 2 чэрвеня.
  10. Мікалаеў, А. Чараўніца ў капялюшыку : сустрэча з пісьменніцай : [аб сустрэчы з В. Куксай у Іванаўскай раённай бібліятэцы імя Ф. Панфёрава] / Анатоль Мікалаеў // Заря. 2006. 20 мая. С. 9.
  11. Шакаль, В. Кніга пра «кнігаўку» : [пра кнігу В. Куксы «Кнігаўка»] / Вольга Шакаль // Літаратура і мастацтва. 2005. 16 снежня (№ 50). С. 7.
  12. Антонаў, М. Падсласцiлi жыццё пiсьменнiцы : [пра ўручэнне мядовай прэмii В. Куксе за кнiгу прозы «Кнiгаўка» ў музеi-сядзібе «Пружанскi палацык»] / Мiкола Антонаў // Раённыя буднi. Пружаны, 2005. 3 снежня. С. 2.
  13. Оригинальная награда : [о вручении писательнице В. Куксе Берестейской медовой литературной премии] // Брестский курьер. 2005. 3 декабря (№ 49). С. 9.
  14. Мiкалаеў, А. I саламяны капялюш — на памяць / Анатоль Мiкалаеў // Заря. 2002. 27 апреля. С. 2
  15. Крэйдзiч, А. I саламяны капялюш — на памяць : [пра сустрэчу АА «Прадслава» раённага Цэнтра культуры з пiсьменнiцай В. Куксай] / Анатоль Крэйдзiч // Чырвоная звязда. Iванава, 2002. 19 красавіка. С. 1.
  16. Аксенін, С. І пісьменніца, і педагог : [В. Кукса] / Сымон Аксенін // Літаратура і мастацтва. 2000. 31 сакавіка. С. 14.
  17. О присвоении почетного звания «Человек года» за 1999 год : [в области образования Куксе Валентине Михайловне, воспитателю ясли-сада № 52 Брестского отделения Белорусской железной дороги] // Заря. 2000. 23 марта. С. 1.
  18. Кукса, В. З вечнасці ў вечнасць / Валянціна Кукса ; [гутарыў] Б. Паўлоўскі // Чырвоная звязда. Іванава, 2000. 18 красавіка.
  19. Крэйдзіч, А. Праз слова чорнай ніткай — боль : [пра кнігу В. Куксы «І верыла ў цуд...»] / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2000. 25 января ; Чырвоная змена. 2000. 3 лютага. С. 5.
  20. Кукса, В. «Я не пнуся ў класікі...» / Валянціна Кукса ; [гутарыла] Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2000. 1 января. С. 5.
  21. Азёрны, В. Наша зямлячка — аўтар зборніка : [пра ўраджэнку в. Гнеўчыцы Валянціну Куксу] / В. Азёрны // Чырвоная звязда. Іванава, 1993. 15 кастрычніка. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 17 разоў