Субота, 16 Студзень 2021 09:59

19 верасня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Ханчука (1951), геолага, акадэміка Расійскай акадэміі навук

Аляксандр Іванавіч Ханчук нарадзіўся 19 верасня 1951 г. у г. Маларыце Брэсцкай вобласці. Скончыў з адзнакай геалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976) і быў накіраваны на Далёкі Усход, дзе праходзіў пераддыпломную практыку.

 

З 1976 г. Аляксандр Ханчук працуе ў Далёкаўсходнім геалагічным інстытуце (г. Уладзівасток). Пачынаў з геалагічных даследаванняў на Камчатцы, працаваў на Чукотцы, Сахаліне, у Прымор’і. Удзельнічаў у навуковых марскіх экспедыцыях па вывучэнні геалагічнай будовы дна Філіпінскага мора.

У Далёкаўсходнім інстытуце Аляксандр Ханчук прайшоў значны шлях як вучоны і кіраўнік: аспірант, малодшы, затым старшы навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі (1986), намеснік дырэктара па навуковай рабоце (1988), выконваючы абавязкі дырэктара інстытута (1993), дырэктар інстытута (1996–2017).

А. І. Ханчук абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Геология и происхождение Срединно-Камчатского кристаллического массива» (1981). У 1993 г. у Геалагічным інстытуце РАН абараніў дысертацыю «Геологическое строение и развитие континентального обрамления северо-запада Тихого океана» на саісканне вучонай ступені доктара геолага-мінералагічных навук.

Яго даследаванні ўнеслі важкі ўклад у вырашэнне праблем эвалюцыі геалагічных працэсаў. Увайшоў у сусветную геалагічную навуку серыяй фундаментальных прац па геалогіі, петралогіі і мінерагеніі Ціхаакіянскай ускраіны Усходняй Азіі.

Спіс навуковых прац А. І. Ханчука ўключае больш за 300 публікацый, у тл. 14 манаграфій. Упершыню ахарактарызаваны буйныя геалагічныя структуры зоны пераходу «кантынент-акіян», ападкавыя метамарфічныя, магматычныя і рудныя комплексы Чукоткі, Камчаткі, Сахаліна і дна Філіпінскага мора. Вучоным устаноўлена, што трансформнае ўзаемадзеянне (слізгаценне) літасферных пліт суправаджалася асаблівым тыпам магматызму і рудагенезісу.

А. І. Ханчук абраны акадэмікам Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук у 1995 г., членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук 30 мая 1997 г., акадэмікам РАН 25 мая 2006 г. З 2008 г. з’яўляецца членам Прэзідыума РАН.

З 2001 г. А. І. Ханчук — намеснік, а з 2008 г. — першы намеснік старшыні Далёкаўсходняга аддзялення РАН. У 2004–2009 гг. абіраўся прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні генезісу рудных радовішчаў (IAGOD). З 2017 г. — навуковы кіраўнік Далёкаўсходняга геалагічнага інстытута Далёкаўсходняга аддзялення РАН, адначасова з 2019 г. працуе ў Геалагічным інстытуце РАН.

Арганізатар і першы дэкан геалагічнага факультэта Далёкаўсходняга дзяржаўнага ўніверсітэта. Вырашаў кадравую праблему факультэта, пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Узначальвае кафедру рацыянальнага прыродакарыстання Далёкаўсходняга дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

На працягу многіх гадоў Аляксандр Іванавіч з’яўляецца навуковым кіраўніком аспірантаў і навуковым кансультантам доктарскіх дысертацый. Кіруе спецыялізаваным саветам па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Галоўны рэдактар часопіса «Тихоокеанская геология» (з 2005 г.), член рэдакцыйных калегій часопісаў «Петрология», «Mineralogical Society of Japan», «Island Arc» і «Геология рудных месторождений».

За значны ўклад у развіццё геалагічных даследаванняў на Далёкім Усходзе і мінеральна-сыравіннай базы Далёкаўсходняй федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі А. І. Ханчук узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём ордэна «За заслуги перед Отечеством» ІІ ступені (2000), медалём «За заслуги в разведке недр Приморского края», нагрудным знакам «70 лет Приморскому краю», Ганаровай граматай Міністэрства прыродных рэсурсаў Расійскай Федэрацыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

Працы А. І. Ханчука

  1. Геология и полезные ископаемые Приморского края : [очерк] / В. В. Голозубов, В. Г. Гонохова, В. В. Раткин, М. Д. Рязанцева, А. И. Ханчук. – Владивосток : Дальнаука, 1995. – 68 с.
  2. Сахно, В. Г. Тихоокеанская окраина Азии. Геология / В. Г. Сахно, Ю. А. Мартынов, А. И. Ханчук ; АН СССР, Дальневост. отд-ние, Дальневост. геол. ин-т. – Москва : Наука, 1989. – 268 с.
  3. Шульдинер, В. И. Фундамент тихоокеанских активных окраин / В. И. Шульдинер, С. В. Высоцкий, А. И. Ханчук ; АН СССР, Дальневост. науч. центр, Дальневост. геол. ин-т. – Москва : Наука, 1987. – 206 с.
  4. Эволюция древней сиалической коры в островодужных системах Восточной Азии / А. И. Ханчук. Владивосток : ДВНЦ АН СССР, 1985. – 137 с. – (Геология зоны перехода от континента к океану).

 

Аб жыцці і дзейнасці А. І. Ханчука

  1. Ханчук Аляксандр Іванавіч / М. М. Касцюковіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 466.
  2. Ханчук Александр Иванович // Геологи и горные инженеры Беларуси : биографический справочник : [в 2 ч.] / составители: А. Д. Смычник [и др.]. Минск, 2008. Ч. 1. С. 217–218.
  3. Ад школьнага парога : Ханчук Аляксандр Іванавіч // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. C. 454.
  4. Народный фотоальбом. Малорита : книга с фотографиями о Малорите и ее жителях, 1566–2019 / [автор текста, составитель В. А. Савастиенок]. Минск, 2019. C. 248.
  5. Касцевіч, І. Вучоны з маларыцкімі каранямі / Ірына Касцевіч // Голас часу. Маларыта, 2017. 5 красавіка. С. 3.
  6. Стрелец, М. Академик Александр Ханчук и его путь в геологию / Михаил Стрелец // Брестский курьер. 2017. 23 февраля (№ 9). С. 19.
  7. Стрелец, М. Александр Ханчук: «Выживем, если будем заниматься наукой» : [трудовая биография геолога, уроженца Малориты, руководителя Дальневосточного геологического института] / Михаил Стрелец // Брестский вестник. 2017. 2 февраля (№ 5). С. 17.
  8. Александр Иванович Ханчук : к 65-летию со дня рождения // Тихоокеанская геология. 2016. № 5. С. 115–116.
  9. Стралец, М. Расійскі вучоны з маларыцкімі каранямі : твае людзі, Брэстчына : [А. І. Ханчук] / Міхаіл Стралец // Голас часу. Маларыта, 2014. 3 снежня. C. 5.
  10. Стрелец, М. Главный геолог Дальнего Востока с малоритскими корнями : [А. И. Ханчук] / Михаил Стрелец // Брестский вестник. 2014. 27 ноября (№ 48). С. 12.
  11. Александр Иванович Ханчук : к 60-летию со дня рождения // Тихоокеанская геология. 2011. № 5. С. 114–115.
  12. Карлюкевiч, А. Ханчук Аляксандр : [аб жыцці і дзейнасці доктара геалагічных навук, дырэктара Далёкаўсходняга геалагічнага інстытута] / Алесь Карлюкевіч // Голас Радзімы. 2006. 28 верасня. С. 11.
  13. Александр Иванович Ханчук : к 50-летию со дня рождения // Тихоокеанская геология. 2001. № 5. С. 151–152.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 691 разоў