Аўторак, 26 Студзень 2021 15:15

9 чэрвеня 2021 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Фёдара Васільевіча Рабава (1921–1941), чырвонаармейца, абаронца Брэсцкай крэпасці (1941)

Фёдар Васільевіч Рабаў нарадзіўся 9 чэрвеня 1921 г. у вёсцы Ігуменцава Вязнікаўскага раёна Уладзімірскай вобласці. У дзяцінстве быў дапытлівым, умелым хлопчыкам. Сам змайстраваў шашкі, санкі, умеў іграць на балалайцы і гармоні. Юнаком яго выбралі культарганізатарам, ладзіў вечары для вясковай моладзі. Пасля заканчэння сямі класаў Лукноўскай школы працаваў слесарам-наладчыкам на Лукноўскай ткацкай фабрыцы імя Ф. Энгельса.

 

У канцы кастрычніка 1940 г. Фёдар Рабаў быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў Брэсцкую крэпасць. Прысягу прыняў 23 снежня 1940 г. Служыў поварам 132-га асобнага батальёна канвойных войск НКУС, камандзірам батальёна быў капітан Аляксандр Сцяпанавіч Касціцын (1904–1943). У красавіку 1941 г. Фёдар Рабаў быў прыняты ў камсамол. Пісаў лісты маці, сястры і нявесце, апошні свой ліст дамоў напісаў 20 чэрвеня 1941 г.

З першых хвілін Вялікай Айчыннай вайны радавы Фёдар Рабаў уступіў у схватку з ворагам. Змагаўся ў раёне Брэсцкіх варот Цытадэлі ў складзе зводнай групы пад камандаваннем капітана Івана Мікалаевіча Зубачова і камісара Яфіма Майсеевіча Фаміна. Палітрук Пётр Кашкароў узяў яго да сябе сувязным. Фёдар Рабаў — смелы, знаходлівы баец, у вострых сітуацыях ён двойчы адводзіў ад палітрука смяротную небяспеку.

Раніцай 29 чэрвеня 1941 г. немцы адкрылі ўраганны артылерыйскі агонь. Затым аўтаматчыкі сталі пранікаць у падвалы. Завязалася рукапашная схватка. Фёдар Рабаў загінуў, калі, ужо цяжка паранены, кінуў дзве гранаты ў ворагаў. Потым яго імя ўстанавілі па камсамольскаму білету, які, заліты крывёю, знайшлі ў кішэні гімнасцёркі.

Успаміны пра Фёдара Рабава пакінуў палітрук Пётр Паўлавіч Кашкароў
(1915–1983), які змагаўся побач, з 26 чэрвеня выконваў абавязкі начальніка штаба зводнай групы. Паранены, трапіў у палон 30 чэрвеня, прайшоў фашысцкія канцлагеры, прымаў актыўны ўдзел у падпольных антыфашысцкіх арганізацыях ваеннапалонных, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі.

6 мая 1965 г. Ф. В. Рабаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (пасмяротна). Ордэн быў уручаны маці, Пелагеі Яфімаўне, якая перадала рэліквію ў фонды музея абароны Брэсцкай крэпасці. Імя героя нанесена на пліты мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Фотаздымак абаронца, ордэн, гармонь і пярсцёнак для нявесты знаходзяцца ў экспазіцыі залы № 7 музея абароны. У 1977 г. Ф. В. Рабаў быў навечна залічаны ў спіс адной з вайсковых часцей МУС СССР (цяпер вайсковая часць 5526), на яе тэрыторыі ў г. Брэсце ўстаноўлены бюст.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Рябов Федор Васильевич // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 534–535.
  2. Рядовой Ф. В. Рябов : [буклет / авт. текста С. В. Бородовский]. – Минск : Беларусь, 1986. – 1 л. (слож. в 8 раз) : ил. – (Герои Брестской крепости).
  3. Рядовой Ф. В. Рябов : [буклет / авт. текста Т. Ходцева]. – Минск, 1973. – 1 л. (слож. в 8 раз) : ил. – (Герои Брестской крепости).
  4. Кошкарев, П. П. Воля к борьбе / Пётр Павлович Кошкарев // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 466–469.
  5. Кошкарев, П. П. Воля к борьбе / Пётр Павлович Кошкарев // Героическая оборона : сборник воспоминаний об обороне Брестской крепости в июне – июле 1941 года. 2-е доп. изд. Минск, 1963. С. 387–411.
  6. Ходцева, Т. Спасая командира : [о Петре Кошкарёве и Фёдоре Рябове] / Татьяна Ходцева // Герои Бреста : новые документы, свидетельства очевидцев. Минск, 1991. С. 48–51.
  7. Хаметов, М. И. Непокоренная твердыня / М. И. Хаметов. – 2-е изд., доп. – Москва : Воениздат, 1991. – 222 с., [16] л. ил. – Из содерж.: Ф. Рябов. С. 108–110.
  8. Музей обороны Брестской крепости : путеводитель. – 4-е изд., испр. и доп. –Минск : Беларусь, 1986. – 127 с. : ил. – Из содерж.: Ф. В. Рябов. С. 77–78, 80.
  9. Якубович, П. Портрет в музее : [о защитнике Брестской крепости Ф. Рябове] / П. Якубович // Знамя юности. 1978. 22 февраля.
  10. Якубовіч, П. Партрэт у музеі : [пра абаронца Брэсцкай крэпасці Ф. Рабава] / П. Якубовіч // Чырвоная змена. 1973. 31 студзеня.
Чытаць 282 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 15:48