Пятніца, 05 Люты 2021 15:02

19 жніўня 2021 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Канстанцінавіча Харашуна (1961), мастака

Аляксандр Канстанцінавіч Харашун нарадзіўся 19 жніўня 1961 г. у г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў рабочай сям’і. З дзяцінства захапляўся маляваннем. Скончыў СШ № 2 г. Давыд-Гарадка (1978). Служыў у Савецкай арміі (у Чэхаславакіі пад Прагай).

 

Працаваў рабочым, мастаком-афарміцелем у калгасе. Маляваў «цікеткі» — знакамітыя давыд-гарадоцкія маляванкі для рэкламы насення кветак і гародніны, з якімі прадпрымальныя гарадчукі выязджалі гандляваць па розных гарадах Савецкага Саюза. Асвоіў тэхніку алейнага жывапісу на палатне, захапіўся жанрамі пейзажа і нацюрморта.

Піша па накідах i эцюдах, зробленых з натуры, роднае Беларускае Палессе. Найбольш на карцiнах Аляксандра Харашуна мы бачым сажалкі, старыцы Гарыні, балоты і лясы паблізу Прыпяці. Мастак імкнецца перадаць тонкія перапады надвор’я ў розныя поры года: летняя прырода перад самым дажджом ці адразу пасля навальніцы, ветраныя дні вясной, летам і восенню, промні сонца скрозь лісце дрэў альбо з-за нізкіх воблакаў, зімовую шэрань на дрэвах ці адлігу з талай вадой. На палотнах навакольны свет быццам ажывае, надае хараства, узнёслай радасці і аптымізму.

У свае пейзажы мастак уводзіць жывёл і птушак, а выявы людзей — вельмі рэдка. З жывёл найболей любіць пісаць коней, з выявамі якіх зрабіў шэраг карцін, таксама ёсць у мастака пейзажы са статкам кароў. Часта на пейзажах Аляксандра Харашуна трапляюцца птушкі: буслы, жоравы або жураўлі, качкі, чайкі, чаплі, якія адлюстраваны то ў палёце, то займаюцца паляваннем у сваім прыродным асяродку.

Асабліва аматараў жывапісу прывабліваюць рэалістычныя нацюрморты Аляксандра Харашуна, на якіх мы бачым кветкі: півоні, астры, флоксы, ружы, бэз. Мастак імкнецца перадаць фактуру і колер як мага дакладней і натуральней, дабаўляючы акцэнт пышнасці і раскошы.

Шмат твораў мастак прысвяціў Давыд-Гарадку. Звычайна піша той горад, якім яго памятае з дзяцінства. Цікава бачыць паводкі, калі гарадок па вясне амаль цалкам залівала ад шырока разліўшайся імклівай Гарыні: лодкі на вуліцах, дамы па вокны ў вадзе.
З 1980-х гг. паводкаў не бывае, гарадчукі з настальгіяй углядаюцца ў карціны, пазнаюць колішнія падзеі, што надоўга захаваліся ў памяці. Альбо знакаміты калядны абрад «Конікі», які тут праводзіцца на Шчадрэц і болей нідзе не сустракаецца.

Персанальныя выставы А. К. Харашун пачаў праводзіць з 1993 г., яны адбыліся ў Століне (1993, 2004, 2019), Мінску (1995, 2004), Айка (Венгрыя; 1994), Брэсце (1996, 2006), Любліне (Польшча; 2006), Пінску (2020) і інш. У студзені 1997 г. у Брэсце прайшла яго выстава сумесна з прафесійным мастаком з в. Беражное Столінскага раёна Аляксандрам Гаўрылавічам Савіцкім. У красавіку 2019 г. выстава Аляксандра Харашуна «Край мой — Палессе» была наладжана ў адным з памяшканняў Нясвіжскага палаца. Удзельнічае ў калектыўных выставах, у конкурсах выяўленчага мастацтва, дэманструе сваю творчасць на розных святах і фестывалях («Славянскі базар у Віцебску», «Покліч Палесся» i інш.), за што ўзнагароджаны граматамі.

А. К. Харашун займаецца іканапісам, на што атрымаў бласлаўленне Архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана. Піша іконы і цэлыя іканастасы для новапабудаваных храмаў Беларусі. Ва ўрочышчы Белы Бераг ля в. Кароцічы Столінскага раёна ў 2013 г. узвялі драўляны храм у гонар іконы Божай Маці Пачаеўскай, спецыяльна для гэтага храма мастак напісаў 20 ікон.

Творы мастака знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Столінскага раённага краязнаўчага музея, Музея Беларускага Палесся (Пінск), у прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Венгрыі, Германіі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Народныя майстры : Харашун Аляксандр Канстанцінавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 523.
  2. Марчук, Г. В. Кветкі правінцыі : раман, навелы, афарызмы / Георгій Марчук. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – 416 с. – (Беларуская проза ХХ стагоддзя). – На вокладцы карціна А. Харашуна «Зіма ў Давыд-Гарадку».
  3. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / М. У. Шэлехаў. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с. ; [8] л. іл. – Са зместу: А. К. Харашун. С. 232 ; Замак / малюнак Харашуна А. К.
  4. Ярмольчик, А. Насладиться прекрасным : [о выставке живописи А. Хорошуна «Квiтней, маё Палессе!» в Музее Белорусского Полесья] / Алеся Ярмольчик // Полесская правда. Пинск, 2020. 11 июля. С. 12.
  5. Славин, Л. Притяжение культуры : [о выставке живописи А. Хорошуна в Музее Белорусского Полесья] / Леонид Славин // Пінскі веснік. 2020. 7 ліпеня. С. 6.
  6. Куницкий, П. Над дикой Ствигой золотые купола : [о часовне у д. Коротичи Столинского района] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2013. 27 сентября. С. 8 (приложение: Вечерний экспресс ; № 3).
  7. Лiтвiн, Г. Карцiна на памяць прэзiдэнту / Г. Лiтвiн // Навiны Палесся. Столiн, 2011. 27 мая. С. 5.
  8. Казюля, Я. Палескiя краявiды : [пра выставу жывапiсу А. Харашуна ў Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры] / Яўген Казюля // Голас Радзiмы. 2004. 16 снежня (№ 46/49). С. 29.
  9. Гашчук, Г. Краявiдамi Столiншчыны : [пра выставу жывапiсу А. Харашуна ў Дзяржаўным музеi гiсторыi бларускай лiтаратуры] / Галiна Гашчук // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 10 снежня. С. 4.
  10. Паўлавiцкая, С. Палескiя краявiды : [пра выставу жывапiсу А. Харашуна «Палескiя краявiды» ў Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры] / Святлана Паўлавiцкая // Лiтаратура i мастацтва. 2004. 10 снежня. С. 3.
  11. Фатыхава, Г. Край мой — Палессе : [пра выставу жывапiсу А. Харашуна ў Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры] / Галiя Фатыхава // Культура. 2004. 4–10 снежня. С. 7.
  12. Новыя работы майстра : [пра выставу жывапiсу «Край мой — Палессе» А. Харашуна ў выставачнай зале г. Столiна] // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 4 мая. С. 5.
  13. Яскавец, Л. Талентам — вядомасць : [пра ўдзел у конкурсе майстроў народнай творчасцi ў рамках фестывалю «Славянскi базар у Вiцебску» ганчара I. Яромiча i мастака А. Харашуна] / Л. Яскавец // Навiны Палесся. Столiн, 1999. 31 лiпеня.
  14. Родных мясцiн хараство : [пра выставу жывапiсу А. Харашуна ў Доме палескай культуры] // Навiны Палесся. Столiн, 1999. 22 мая.
  15. Сухапар, У. «Усход на рацэ Гарынь» i iншыя падзеi : [пра мастака А. Харашуна з г. Давыд-Гарадка] / Уладзімір Сухапар // Заря. 1997. 27 февраля. С. 3.
  16. Арлова, І. Вам падораць радасць — толькі не праходзьце міма : [пра выставу А. Савіцкага і А. Харашуна ў Брэсце] / Ірына Арлова // Народная трыбуна. 1997. 25 студзеня.
  17. Выстава столінскіх мастакоў : [пра выставу А. Савіцкага і А. Харашуна ў Брэсце] // Навіны Палесся. Столін, 1997. 22 студзеня.
  18. Архипова, А. «Вы сегодня именинники» : [о выставке живописи А. Хорошуна и А. Савицкого «Фарбы Столiншчыны» в Бресте] / Ада Архипова // Заря. 1997. 21 января.
  19. Цішук, П. Краявіды роднага краю : [пра выставу А. Харашуна і А. Савіцкага са Столінскага раёна ў Брэсце] / П. Цішук // Народная газета. 1997. 21 студзеня. С. 3.
  20. Кобяк, Э. [Художник Александр Хорошун] / фото Эдуарда Кобяка // Заря. 1996. 18 июля. С. 2.
  21. Кабяк, Р. Адзін з лепшых на Палессі : [мастак А. Харашун з г. Давыд-Гарадка] / Раман Кабяк // Літаратура і мастацтва. 1996. 21 чэрвеня. С. 10.
  22. Гашчук, Г. Новыя фарбы суквецця : [пра выставу «Самадзейныя мастакі Століншчыны» ў Доме палескай культуры] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 1996. 24 лютага.
  23. [У Мінску... : у Беларускім інстытуце праблем культуры адкрыта выстава жывапісу А. Харашуна] // Культура. 1995. 8–14 лістапада. С. 2.
  24. Сухапар, У. Краявiды Палесся : [пра мастака А. Харашуна з г. Давыд-Гарадка] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1994. 10 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 700 разоў