Панядзелак, 22 Люты 2021 12:20

18 студзеня 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Васіля Сяргеевіча Сёмухі (1936–2019), перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа

Васіль Сяргеевіч Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 г. на хутары Ясенец Пружанскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Сяргей Савіч Сёмуха, працаваў лесніком. Маці, Марыя Васільеўна, скончыла Пружанскую гімназію, добра ведала польскую, нямецкую, рускую мовы, ідыш.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны хутар быў спалены фашыстамі, бацькі арыштаваны за сувязь з партызанамі. Хлопчык некалькі дзён хаваўся пад ложкам, яго выратавала родная цётка, Ганна Савічна, з якой ён жыў спачатку ў Смаляніцы, а затым — у Пружанах. Толькі пасля вайны Васіль даведаўся пра лёс бацькоў: пасля здзекаў і допытаў у Пружанскай турме ў 1942 г. яны былі расстраляныя ва ўрочышчы Слабудка. Гэтыя падзеі цяжка адбіліся на здароўі Васіля — ён доўга і цяжка хварэў.

У Пружанах Васіль Сёмуха закончыў СШ № 2 у 1954 г. і паехаў вучыцца на рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.

Пасля заканчэння МДУ працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве («Беларусь»; 1959–1964), інжынерам у сектары тэхнічнай інфармацыі (перакладаў з нямецкай мовы тэхнічную дакументацыю) на Мінскім трактарным заводзе (1964–1965). Некаторы час выкладаў нямецкую мову ў сярэдніх школах Мінска (1966–1967), быў літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1967–1972). Па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966–1970). У 1972–1997 гг. — рэдактар у рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Васіль Сёмуха — універсальны перакладчык еўрапейскага маштабу. Перакладаў з нямецкай, латышскай, польскай, украінскай, іспанскай і іншых моў. Першы яго пераклад з’явіўся ў друку ў 1959 г. у часопісе «Маладосць» — апавяданне Э. Штрытматэра «З кнігі асабовых рахункаў». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1977), Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Выдаў вялікую колькасць кніг перакладаў, асабліва нямецкіх аўтараў. У яго перакладзе выйшлі: В. Брэдэль «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л. Рэн «Вайна без бітвы» (1962), Ё. В. Гётэ «Фаўст» (1976), Г. дэ Бройн «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г. Гофэ «Фінальны акорд» (з М. Навіцкім, 1979), Г. Фалада «Даўным-даўно ў нас дома...» (1981), Р. М. Рыльке «Санеты Арфею» (1982), Т. Ман «Доктар Фаўстус» (1989), К. Маркс «Лірыка. 1836–1837» (1989), Г. Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), паэма Ф. Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994). Адным з лепшых сваіх перакладаў прозы В. С. Сёмуха называў раман «Авантурнік Сімпліцысімус» Ганса Грымэльсгаўзэна.

В. С. Сёмуха пераклаў творы польскіх паэтаў: Ю. Тувіма «Польскія кветкі» (1984), творы М. Канапніцкай, А. Каспровіча, А. Міцкевіча, Ю. І. Крашэўскага. З латышскіх — В. Бэлшавіца «Белы алень» (1985), Я. Райніс «Агонь і ноч» (1988), В. Лаціс, А. Клявіс і інш.

У 1976 г. выйшаў у свет «Фаўст» Ё. В. Гётэ ў перакладзе В. С. Сёмухі. Потым на працягу многіх гадоў ён бясконца працаваў над удасканаленнем свайго перакладу (пра гэта сведчыць яго новая рэдакцыя, уключаная ў том «Выбраных твораў» Ё. В. Гётэ, што выйшаў у серыі «Беларускі кнігазбор» (1999).

У 1986 г. выйшла кніга выбраных перакладаў В. С. Сёмухі «Прыйдзі, стваральны дух», куды ўвайшлі пераклады лірыкі з нямецкай, польскай, аўстрыйскай і латышскай моў. Найбольш удалым сярод паэтычных твораў Васіль Сяргеевіч лічыў пераклад лірыкі латышскай паэтэсы Візмы Бэлшавіцы «Белы алень» (1986).

У 2002 г. Васіль Сёмуха выдаў пераклад «Бібліі» на беларускай мове, што стала вяршыняй яго перакладчыцкай дзейнасці (праца доўжылася 14 гадоў).

Перакладчык працаваў таксама ў галіне драматургіі, неаднойчы ў друку выступаў і як крытык. Для Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ён пераклаў драму Ф. Шылера «Марыя Сцюарт» (1968), п’есы О’Ніла «Каханне пад вязамі», Н. Саймана «Гэты пылкі каханак» (1994), Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — трагіфарс Б. Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), Мінскага абласнога драматычнага тэатра — п’есу Т. Дроста «Гер Паўль» (1998).

За пераклад рамана Т. Мана «Доктар Фаўстус» В. С. Сёмуха атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа (1992). За пераклады з нямецкай мовы атрымаў узнагароду ГДР «Залаты Знак Гонару» (1981). У 2001 г. перакладчыку была прысуджана прэмія прэзідэнта Германіі і Крыж кавалера ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй». Латвія ўганаравала яго перакладчыцкую дзейнасць ордэнам «Тры Зоркі» (1999).

Васіль Сёмуха зрабіў неверагодна многа для нацыянальнага музычнага мастацтва. Ён быў чалавекам надзвычай музычным, нягледзячы на тое, што не з’яўляўся прафесійным музыкантам. У ліку яго перакладаў творы Генрыха Шутца і Іагана Себасцьяна Баха, лібрэта да оперы Станіслава Манюшкі «Латарэя», ацалелыя фрагменты з оперы «Чужое багацце нікому не служыць» Яна Голанда. Існавала шмат перакладаў тэкстаў Міхала Клеафаса Агінскага, але яны былі не вельмі паэтычныя. Васіль Сёмуха сур’ёзна занурыўся ў французскую мову і зрабіў да юбілею кампазітара цудоўныя пераклады яго вершаў для выканання вакалістамі. Пераклаў 12 рамансаў і лібрэта да оперы «Маргер» Канстанціна Горскага, якаястворана па матывах аднайменнай паэмы Сыракомлі. Вялізную работу правёў над перакладам оперы «Фаўст».

У студзені 2016 г. у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» была адкрыта выстава «Прыйдзі, стваральны дух», прысвечаная 80-годдзю В. С. Сёмухі. Былі прадстаўлены рукапісы перакладаў з розных моў свету — вынік тытанічнай ахвярнай паўвекавой працы. Частку сваіх рукапісаў Васіль Сёмуха падараваў музею. Цікава, што роднай моваю ён называў заходнепалескую.

Васіль Сёмуха выгадаваў дваіх цудоўных дзяцей. Яго сын, Сяргей, прадпрымальнік, жыве ў Мінску, дапамог бацьку выдаць Біблію па-беларуску; дачка жыве ў Вашынгтоне. Васіль Сяргеевіч меў добрыя сяброўскія стасункі з Уладзімірам Караткевічам, быў яго рэдактарам, і той нават стаў хросным бацькам яго дачкі Алесі.

Напрыканцы жыцця Васіль Сёмуха страціў зрок з-за дыябету, але да апошняга перакладаў. Памёр 3 лютага 2019 г., яму было 83 гады. Пахаваны на гарадскіх могілках у Пружанах.

У знак павагі і ў памяць пра тое, што зрабіў Васіль Сёмуха для папулярызацыі нямецкай культуры ў Беларусі, спачувальны ліст даслаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар. Супрацоўніца Інстытута імя Гётэ ў Мінску прывезла кветкі на развітанне з выдатным беларускім літаратарам. Словы падтрымкі сям’і, сябрам, калегам пісьмова выказаў і былы амбасадар Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак, з якім ён блізка пасябраваў і супрацоўнічаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Пераклады В. С. Сёмухі

  1. Майрынк, Г. Ноч Вальпургіі = Walpurgisnacht ; Белы дамініканец = Der weiße Dominikaner : раманы / Густаў Майрынк ; пераклад з нямецкай [мовы В. Сёмухі]. – Мінск : Зміцер Колас, 2014. – 319 с. – (Littera scripta).
  2. Голанд, Я. Д. Патаемнае [Ноты] : творы для голасу ў суправаджэнні фартэпіяна / Ян Давід Голанд ; [пераклад с нямецкай мовы В. Сёмухі ; апрацоўка У. Байдава ; перакладанне для фартэпіяна і музычная рэдакцыя Ганны Каржанеўскай]. – Мінск : Ковчег, 2013. – 30, [1] c.
  3. Гесэ, Г. Стэпавы воўк : раман / Герман Гесэ ; пер. с ням. В. Семухі. – Мінск : Зміцер Колас, 2011. – 186 с. – (Littera scripta).
  4. Найвышэйшая песня Саламонава : [Біблейская кніга] / маст. А. Кашкурэвіч ; пер. на беларус. мову В. Сёмухі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. 86 с.
  5. Ман, К. Мэфіста : раман адной кар’еры / Клаўс Ман ; пер. В. Сёмухі. – Мінск : Зміцер Колас, 2006. – 389 с. – (Лiтаратурная скарбонка).
  6. Майрынк, Г. Голэм : раман / Густаў Майрынк ; пер. з нямецкай мовы В. Сёмухі. – Мінск : З. Колас, 2006. – 290 с. – (Лiтаратурная скарбонка).
  7. Рыльке, Р. М. Кніга гадзін : вершы / Райнер Марыя Рыльке ; пер. з нямецкай мовы В. Сёмухі. – Мінск : Колас, 2005. – 159 с.
  8. Біблія : Кнігі Святога пісання Старога і Новага Запавету : кананічныя : у беларус. пер. / пер. В. Сёмуха. – Duncanville (USA) : World Wide Printing, 2002. – 1534 с.
  9. Гётэ, Ё. В. Выбраныя творы / Ёган Вольфганг Гётэ ; уклад. і прадм. Л. Баршчэўскага, П. Копанева ; камент. Л. Баршчэўскага, В. Сёмухі. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1999. – 634 с. – (Беларускі кнігазбор). – Са зместу: Рымскія элегіі / пераклаў В. Сёмуха ; Копцкая песня : [верш] / пераклаў В. Сёмуха ; Фаўст : трагедыя / пераклаў В. Сёмуха ; Фаўст : лібрэта оперы на музыку кн. А. Г. Радзівіла / пераклаў В. Сёмуха.
  10. Грымэльсгаўзэн, Г. Я. К. Авантурнік Сімпліцысімус : раман / Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн ; пер. з ням. [і камент.] В. Сёмухi ; прадмова Г. Сiнiла. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 415 с. – (Скарбы сусветнай лiтаратуры).
  11. Ман, Т. Навелы / Томас Ман, Штэфан Цвэйг ; пер. з нямецкай мовы В. С. Сёмухі, У. П. Чапегі. – Мінск : Юнацтва, 1996. – 319 с. – (Школьная бібліятэка).
  12. Новы Запавет ; Псалтыр / пер. з царкоўнаславянскай мовы В. С. Сёмухі. – Мінск : Бацькаўшчына, 1995. – 488 с.
  13. Нiцшэ, Ф. Так сказаў Заратустра : кнiга ўсiм i нiкому / Фрыдрых Ніцшэ ; пер. з нямецкай мовы В. Сёмухi. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – 367 с.
  14. Гесэ, Г. Гульня шклярных перлаў : спроба жыццёпісу Магістра Гульні Ёзэфа Кнэхта з дадаткам ягоных твораў : [раман] / выдадзена Германам Гесэ ; пераклаў з нямецкай Васіль Сёмуха. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. – 474, [2] с. : іл.
  15. Ман, Т. Доктар Фаўстус : жыццё нямецкага кампазітара Адрыяна Леверкюна, пра якое расказаў яго сябар : раман / Томас Ман ; пер. з нямецкай мовы і камент. В. Сёмухі ; прадм. А. Міхайлава. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. – 539, [2] с. – (Скарбы сусветнай лiтаратуры).
  16. Райніс, Я. Агонь і ноч : даўняя песня ў новым гучанні : [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Яніс Райніс ; [пераклад з латышскай мовы В. Сёмухі]. – Мінск : Юнацтва, 1988. – 157, [1] с.
  17. Прыйдзі, стваральны дух : пераклады Васіля Сёмухі / прадм. А. Сямёнавай. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. – 270 с., 1 л. партр. – (Кніга перакладчыка).
  18. Тувiм, Ю. Польскiя кветкi / Юльян Тувім ; пер. з пол. мовы, прадм. В. Сёмухі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 270 с.
  19. Гофа, Г. Фінальны акорд : раман / Гюнтар Гофа ; пер. з нямецкай мовы М. Навіцкага, В. Сёмухі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 448 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. С. Сёмухі

  1. Сёмуха Васіль Сяргеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 360.
  2. Сёмуха Василий Сергеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 346.
  3. Сёмуха Василий Сергеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 632.
  4. Васіль Сёмуха // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэдактар і ўкладальнік Анатоль Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 436–437.
  5. Сёмуха Васіль / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. С. 306–308.
  6. Васіль Сёмуха // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 494–495.
  7. Сёмуха Васіль Сяргеевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 712.
  8. Супранкова, Т. С. Лібрэта «Фаўст» у перакладзе В. Сёмухі / Т. С. Супранкова // Белорусская литература и мировой литературный процесс : междунар. науч. сб. Полоцк, 2007. Вып. 2. С. 395399.
  9. Іванова, Г. «Ісціна, бо я гэта вычытаў» : галоўныя пераклады Васіля Сёмухі / Ганна Іванова // Літаратура і мастацтва. 2021. 22 студзеня (№ 3). С. 11.
  10. Нашы спачуванні : [пайшоў з жыцця пісьменнік і перакладчык Васіль Сёмуха] // Краязнаўчая газета. 2019. № 5. С. 2.
  11. Шмагалосае рэха перакладаў збяднела: не стала Васіля Сёмухі : [некралог] // Роднае слова. 2019. № 2. С. 31.
  12. Зялевіч, А. На мове апосталаў :[15 чэрвеня ў Брэсце адбылася вечарына памяці перакладчыка Васіля Сёмухі] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 22 чэрвеня. С. 6.
  13. Шуканаў, М. З пашанай да Бібліі : [інтэрв’ю супрацоўніка Жлобінскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, у т. л. пра пераклад Бібліі на беларускую мову Васілём Сёмухам] / Мікалай Шуканаў, Уладзімір Малец // Царкоўнае слова. 2017. 26 мая. С. 6.
  14. Зялевіч, А. Дар музею ад земляка : [пра выставу, прысвечаную В. С. Сёмуху, у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Алена Зялевіч // Культура. 2016. 13 лютага (№ 7). С. 12–13.
  15. Гезгала, С. Васілю Сёмуху — 80 / Сяргей Гезгала // Наша Ніва. 2016. 20 студзеня (№ 3). С. 1.
  16. Нідзелька, В. «Жывыя чытанні» з Васілём Сёмухам : [пра вечар ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / В. Нідзелька // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 3 лютага. С. 5.
  17. Зялевіч, А. «Прыйдзі, стваральны дух» : да 80-годдзя з дня нараджэння Васіля Сёмухі : [пра выставу ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 27 студзеня. С. 5.
  18. Пракаповіч, Н. «Творы, якія хацеў бы сам напісаць» : [вядомы беларускі перакладчык Васіль Сяргеевіч Сёмуха] / Наталія Пракаповіч // Краязнаўчая газета. 2011. № 10. С. 4.
  19. Сёмуха, В. Васіль Сёмуха: «Мяне ўратаваў Караткевіч» / Васіль Сёмуха ; гутарыў Глеб Лабадзенка // Звязда. 2011. 20 студзеня. С. 5.
  20. Сёмуха, В. Васіль Сёмуха: «Мне прыемна, што Барадулін называе мяне казлом!..» / Васіль Сёмуха ; гутарыў Глеб Лабадзенка // Звязда. 2011. 19 студзеня. С. 1, 3.
  21. Шапран, С. Дон Кіхот беларускага слова : [да 75-годдзя Васіля Сёмухі] / Сяргей Шапран // Роднае слова. 2011. № 1. С. 8–12.
  22. Баршчэўскі, Л. У суладнасці з геніем : «Кніга гадзін» Райнэра Марыя Рыльке ў перакладзе Васіля Сёмухі / Лявон Баршчэўскі // Роднае слова. 2006. № 1. С. 13–15.
  23. Рудкоўскi, П. Эротыка біблійнага слова : [пра пераклад Бібліі на бел. мову В. Сёмухі] / П. Рудкоўскі // Arche. 2005. № 6. С. 64–91.
  24. Крупкіна, Г. Мастацкі космас Гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску : [«Фаўст» Ё. В. Гётэ ў перакладзе В. Сёмухі] / Галіна Крупкіна // Роднае слова. 2000. № 7. С. 29–34 ; № 8. С. 31–35 ; № 9. С. 25–28 ; № 10. С. 22–25. Біяграфія В. Сёмухі. № 7. С. 30.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 657 разоў