Чацвер, 04 Сакавік 2021 09:12

24 лістапада 2021 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Георгія Міхайлавіча Бенядзіктава (1916–1992), заслужанага архітэктара БССР

Георгій Міхайлавіч Бенядзіктаў нарадзіўся 24 лістапада 1916 г. у г. Саратаве. Скончыў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна (1943). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

 

З 1946 г. Георгій Бенядзіктаў жыў і працаваў у Мінску — у праектных інстытутах «Белдзяржпраект» (1954–1979), «Белдзіпрагандаль» (1979–1982), з 1982 г. выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце. Член Саюза архітэктараў СССР (1946). Заслужаны архітэктар БССР (1969).

Галоўны напрамак творчасці Г. М. Бенядзіктава — архітэктура грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Асноўныя работы: будынкі Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1957; у суаўтарстве) і Белдзяржфілармоніі (1963; з Э. Р. Вішнеўскай), Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (1965; з Э. Р. Вішнеўскай), Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1967; з Г. У. Заборскім), Дома саюзаў Белсаўпрафа (1982; у суаўтарстве).

Зрабіў значны ўклад у распрацоўку і праектаванне гасцінічных збудаванняў. Па яго праектах пабудаваны гасцініцы «Юбілейная» (1968; з У. Начаравым) і «Планета» (1980) у Мінску, «Магілёў» (1972; з У. Начаравым, Г. Раманоўскай) у Магілёве, «Буг» і «Інтурыст» у Брэсце.

Праект гасцініцы «Буг» Г. М. Бенядзіктаў выканаў у стылі, характэрным для савецкай архітэктуры 1950-х гг. Узведзена гасцініца ў 1958 г. (вул. Леніна, 2). Архітэктурнае аблічча стрыманае, выкарыстаны элементы класічнай ордарнай архітэктуры. Уяўляе сабой 4-павярховы ў цэнтры Г-вобразны будынак з 3-павярховымі прыбудаваннямі. Тры верхнія паверхі цэнтральнай закругленай часткі ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордара. Закругленай вуглавой часткай выходзіць на транспартную артэрыю.

На першым паверсе парадны вестыбюль круглай формы з шасцю калонамі па крузе, у якім размешчаны гасцінічныя службы. З вестыбюля лесвіца вядзе на паверхі, дзе знаходзіліся нумары на 200 месцаў.

Гасцініца «Інтурыст» пабудавана ў 1974 г. (уведзена ў эксплуатацыю ў 1975 г.) па праекце архітэктараў Г. Бенядзіктава, В. Астаповіча і А. Лукомскай (пр. Машэрава, 15). Кампазіцыя гасцінічнага комплексу заснавана на кантрасце вышыннага 12-павярховага корпуса з жалезабетону і шкла і прылеглага да яго 2-павярховага падоўжанага прамавугольнага ў плане аб’ёму, дзе размешчаны рэстаран, які мае дзве залы: цэнтральную на 200 месцаў і банкетную, бар.

Вышынны корпус вырашаны ў выглядзе сіметрычнай пласціны. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмам вертыкальных жалезабетонных пілонаў і гарызантальных міжпавярховых прасценкаў, паверхні якіх абліцаваны керамічнай пліткай светлага колеру. Планіроўка калідорная. На першым паверсе вестыбюль з прасторным холам, на 2–12-м паверхах размешчаны жылыя пакоі на 1 і 2 чалавекі (300 месцаў) і холы.

Г. М. Бенядзіктаў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966) і інш. Памёр 18 лістапада 1992 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Бенядзіктаў Георгій Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 102.
  2. Бенядзіктаў Георгій Міхайлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у [6] т. Мінск, 2010. Т. 1. С. 658.
  3. Бенедиктов Георгий Михайлович // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2006. Т. 2. С. 354.
  4. Бенядзіктаў Георгій Міхайлавіч // Архітэктура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 577.
  5. Бенедиктов Георгий Михайлович // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник. Минск, 1991. С. 17.
  6. Бенядзіктаў Георгій Міхайлавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 425.
  7. Бенедиктов Георгий Михайлович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 54.
  8. Бенядзіктаў Георгій Міхайлавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 74.
  9. Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. В 2 т. Т. 2. (Советский период) / А. А. Воинов. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Вышэйшая школа, 1987. – 293 с. : ил.
  10. Панько, А. Д. «Брест-Интурист» : [гостиница] / А. Д. Панько // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 323.
  11. Панько, А. Д. «Буг» : [гостиница] / А. Д. Панько // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 323.
  12. «Интурист» : [гостиница] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 221.
  13. «Буг» : [гостиница] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 164.
  14. Кулагін, А. М. «Інтурыст» : [г. Брэст] / А. М. Кулагін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 587.
  15. Кулагін, А. М. Гасцініца «Інтурыст» : [г. Брэст] / А. М. Кулагін, Г. М. Ярмоленка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 53–54.
Чытаць 707 разоў