Пятніца, 05 Сакавік 2021 11:45

2021 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Гдалія Алона (1901–1950), ізраільскага гісторыка, даследчыка Талмуда і гісторыі эпохі Другога Храма, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Ізраіля

Гдалія Алон нарадзіўся ў 1901 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і равіна Нахмана Рагазніцкага і насіў першапачаткова прозвішча Рагазніцкі. Вучыўся ў некалькіх іешывах, у т. л. (з 1913 г.) у вядомай Слабодскай іешыве.

 

Пасля Першай сусветнай вайны знаёмства з сучаснай габрэйскай навуковай думкай XIX ст. прывяло Гдалія Алона на шлях самастойных гістарычных даследаванняў, якімі ён займаўся, выкарыстоўваючы любую магчымасць. У 1917 г. вярнуўся ў Кобрын. Пасля апублікавання Дэкларацыі Бальфура (1917) заняўся сіянісцкай дзейнасцю, заснаваў у сваім горадзе школу нацыянальна-рэлігійнага тыпу пад назвай «Хеўрон» з выкладаннем на іўрыце.

У 1922 г. Гдалія Алон закончыў сярэднюю школу на ідыш у Вене. У 1924 г. ён адправіўся ў Берлін, дзе на працягу года наведваў равінскую семінарыю Хільдэсхеймера, адначасова слухаючы курсы ў Берлінскім універсітэце.

Калі Г. Алон даведаўся, што навука, вывучэнню якой ён аддаваўся, з гэтага часу даступная для габрэяў на гары Скопус, то, не губляючы часу, адправіўся ў Эрэц-Ісраэль. У 1926 г. пасяліўся ў Іерусаліме і быў у ліку першых выпускнікоў Габрэйскага ўніверсітэта (1931). Тут Г. Алон цалкам пагрузіўся і ў даследаванні Талмуда, і ў класічную гісторыю, стаўшы, па выразе аднаго з яго настаўнікаў, «гісторыкам да кончыкаў пазногцяў».

Вайсковую службу Г. Алон нёс у Хагане, у 1936 г. быў камандзірам роты. Падчас вайны за незалежнасць (1947–1949) удзельнічаў у баях за Іерусалім.

У Іерусаліме Г. Алон пражываў у амаль спартанскай суровасці. Пакінутыя яму дзесяцігоддзі жыцця цалкам прысвяціў навуцы. Выкладаў Талмуд і габрэйскую гісторыю ў Габрэйскім універсітэце і адначасова апублікаваў значную колькасць артыкулаў, наватарскіх па духу і метадалогіі, набыўшы рэпутацыю шырока эрудыраванага навукоўца, які не пабаяўся зірнуць крытычным вокам на даўно сталыя гістарычныя канцэпцыі. Некаторыя яго працы праклалі новы шлях у даследаванні габрэйскай гісторыі, асабліва эпохі Другога Храма і Талмуда. Шэраг яго кніг перакладзены на англійскую мову.

17 сакавіка 1950 г. Гдалія Алон нечакана памёр. Смерць вучонага ўсхвалявала акадэмічныя кругі, якія добра разумелі, што не далі навукоўцу таго прызнання, якога ён заслугоўваў. Ва ўсёй паўнаце страту Г. Алона навуковая грамадскасць ацаніла толькі тады, калі зразумела, што ён не паспеў апублікаваць усе свае працы. Але засталася група адданых вучняў, блізкіх калег, якія знаходзіліся пад моцным уплывам выдатнага гісторыка, засталіся шчодра раскіданыя па розных публікацыях ідэі, запісы лекцый. Іх выданне з’явілася на іўрыце праз пяць гадоў пасля смерці.

У 1953 г. была ўстаноўлена Дзяржаўная прэмія Ізраіля — самая прэстыжная ў дзяржаве. Першым у намінацыі «іўдаіка» быў узнагароджаны пасмяротна Гдалія Алон за сваю манаграфію «Толдот ха-иехудим бе-Эрец-Исраэль би-ткуфат ха-Мишна ве-ха-Талмуд» (1953–1956). Пазней манаграфія была выдадзена ў рускім перакладзе «История евреев Эрец-Исраэль в талмудическую эпоху» (Иерусалим, 1994).

У 1957–1958 гг. быў апублікаваны двухтомны збор навуковых прац Г. Алона «Даследаванні гісторыі габрэйскага народа ў эпоху Другога Храма і ў эпоху Мішны і Гемары».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай

цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Алон Гдалія // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 5–6 : фат.
  2. 120 гадоў з дня нараджэння Алон Гдалія (Гедалія) (1901) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 10.
  3. Аллон, Г. История евреев Эрец-Исраэль в талмудическую эпоху : в 2 т. / Гедалия Аллон ; [перевод с английского Е. Штейнер ; редактор И. Фумбарова]. –Иерусалим : Библиотека Алия, 1994.
  4. Курачук, С. Кобринское слово сказано и в науке : [Кобринская центральная районная библиотека начинает работу над очередным проектом «Славутыя імёны Кобрыншчыны»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 20 июля (№ 29). С. 5.
  5. Коваленя, А. Они родились на белорусской земле : [Государственной премии Израиля первым был удостоен видный учёный-историк Гдалий Аллон (Рогозницкий) из Кобрина] / Александр Коваленя // Рэспубліка. 2001. 13 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 640 разоў